Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін расказаў сваю вэрсію гісторыі ВКЛ і сказаў, што бацька Зяленскага ваяваў супраць фашызму, хоць той нарадзіўся пасьля вайны


У часе інтэрвію Ўладзіміра Пуціна амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану
У часе інтэрвію Ўладзіміра Пуціна амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану

Уладзімір Пуцін назваў умовы, пры якіх ён будзе ваяваць з эўрапейскімі краінамі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін лічыць, што Вялікае Княства Літоўскае было расейскай дзяржавай, бо «рускія складалі значную частку гэтай дзяржавы».

«Вялікае Княства Літоўскае, яго нават называлі Літоўска-Рускае, таму што рускія складалі значную частку гэтай дзяржавы. Яны размаўлялі на старажытнарускай мове, былі праваслаўныя. Але потым адбылося аб’яднаньне — унія Вялікага княства і Польскага каралеўства. Празь некалькі гадоў яшчэ адну ўнію падпісалі ўжо ў духоўнай сфэры, і частка праваслаўных сьвятароў падпарадкавалася ўладзе Папы Рымскага. Такім чынам, вось гэтыя [сучасныя ўкраінскія] землі апынуліся ў складзе Польска-Літоўскай дзяржавы», — сказаў Пуцін у інтэрвію амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану.

Расейскі прэзыдэнт лічыць, што менавіта палякі назвалі Ўкраінай цяперашнія сучасныя ўкраінскія землі і пачалі іх «апалячваць».

«Дык вось палякі ўсяляк апалячвалі і ў прынцыпе ставіліся да гэтай часткі рускіх земляў дастаткова жорстка. Усё гэта прывяло да таго, што гэтая частка расейскіх зямель пачала змагацца за свае правы. І пісалі лісты ў Варшаву, патрабуючы выкананьня іхных правоў», — дадаў Пуцін.

Пры гэтым Пуцін прапанаваў Такеру Карлсану перадаць адпаведныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэтую гісторыю, але журналіст адказаў: «Я ня думаю, што вы нешта выдумляеце».

Амэрыканскі журналіст таксама пагадзіўся з выказваньнем Уладзіміра Пуціна, што Ўкраіну стварылі «бальшавікі ў 1922 годзе», а да таго часу яе не існавала.

Аб пагрозах для Расеі

Уладзімір Пуцін назваў умовы, пры якіх ён будзе ваяваць з эўрапейскімі краінамі.

«Толькі ў адным выпадку: калі з боку Польшчы будзе напад на Расею. Чаму? Таму што ў нас няма ніякіх інтарэсаў ні ў Польшчы, ні ў Латвіі — нідзе. Навошта нам гэта? У нас проста няма ніякіх інтарэсаў. Толькі пагрозы», — заявіў расейскі прэзыдэнт.

Аб прычынах уварваньня ва Ўкраіну

Уладзімір Пуцін заявіў, што менавіта Ўкраіна пачала вайну ў 2014 годзе «пасьля дзяржаўнага перавароту».

«На Ўкраіне абвясьцілі, што расейцы зьяўляюцца — закон узвалілі — нятытульнай нацыяй, і адначасова ўхвалілі законы, якія абмяжоўваюць правы нятытульных нацый. На Ўкраіне. Украіна, атрымаўшы ў падарунак ад расейскага народу ўсе гэтыя паўднёва-ўсходнія тэрыторыі, раптам абвясьціла, што расейцы на гэтай тэрыторыі — нятытульная нацыя. Нармальна? Гэта ўсё ў сукупнасьці і выклікала рашэньне спыніць вайну, якую пачалі нэанацысты на Ўкраіне ў 2014 годзе, узброеным шляхам», — заявіў Пуцін.

Прэзыдэнт Расеі таксама паведаміў, што нібыта размаўляў з прэзыдэнтам Украіны пасьля пачатку вайны, хоць насамрэч іхная першая і апошняя сустрэча адбылася ў 2019 годзе ў Францыі на перамовах у нармандзкім фармаце.

«У яго ж [Зяленскага] бацька ваяваў з фашыстамі, з нацыстамі ў часе Другой усясьветнай вайны, я неяк зь ім размаўляў пра гэта. Я казаў: „Валодзя, ну што ты робіш? Навошта ты падтрымліваеш сёньня нэанацыстаў на Ўкраіне, калі твой бацька ваяваў з фашызмам? Ён франтавік“. Ня буду казаць, што ён адказаў, гэта асобная тэма, і я лічу, гэта некарэктна», — сказаў Пуцін.

Бацька Ўладзіміра Зяленскага нарадзіўся ў 1947 годзе, праз два гады пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG