У прыфрантавым Запарожжы пад зямлю перамяшчаюць лякарні, школы і дзіцячыя садкі. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Як у прыфрантавым Запарожжы пад зямлю пераносяць шпіталі, школы і дзіцячыя садкі

«Мы тут ня чуем ні сырэн, ні выбухаў. Тут нічога гэтага не чуваць. Тут дзеці пражываюць сваё дзяцінства», — распавяла тэлеканалу «Настоящее время» дырэктарка падземнага дзіцячага садка ў Запарожжы Алена Чувал.

Толькі за содні Запарожжа і вобласьць перажылі 800 удараў расейскай зброі. З прычыны безупынных расейскіх атак у прыфрантавым рэгіёне расьце попыт на падземныя лякарні, школы і дзіцячыя садкі. Падрабязнасьці ў рэпартажы «Настоящего времени».

«Лепш пад зямлёй, чым на сёмым паверсе, які правальваецца да трэцяга»

Пасьля чарговага абстрэлу для Запарожжа гэта ўжо звыклая карціна: пабітыя шматпавярховікі, пакарабачаныя выбухам згарэлыя машыны і велізарная вырва ў зямлі. Часам расейскія авіябомбы лучаюць у жылыя дамы.

Спэцыяльную тэхніку на месцы зь нядаўніх часоў абараняюць ад FPV-дронаў кратамі — гэта рэаліі жыцьця ў прыфрантавым горадзе. Антыдронавыя тунэлі штодзень ахутваюць усё больш вуліц, дзе надалей кіпіць жыцьцё. Тутэйшая жыхарка Валянціна ўхваляе такія захады.

«Канца няма вайны, таму трэба. Вось нават сядзім адпачываем. Ня дай божа трывога... Куды бегчы?» — кажа яна.


Будаўніцтва падземных схованак у Запарожжы

Для жыхароў гэтага спальнага мікрараёну заканчваюць будаўніцтва першага ў горадзе падземнага модульнага сховішча, разьлічанага на 50 чалавек. Засталося толькі падвесьці электрычнасьць для асьвятленьня і ладаваньня гаджэтаў.

«На маё шчасьце, у суседа ёсьць склеп, — кажа электрык Іван. — Вы самі зразумейце: у нас на тры хвіліны выключаецца трывога і літаральна праз тры хвіліны яна ўключаецца. Паколькі абвальваюцца дамы, то я ўважаю, што лепш [жыць] пад зямлёй, чым на сёмым паверсе, які правальваецца да трэцяга».

Зь ім згодная і мясцовая жыхарка Ларыса.

«Напрыклад, у шматпавярховых дамах зь дзевятага паверху хто будзе спускацца? — разважае яна. — Наўрад ці. Калі ня будзе сьвятла, то ліфта ня будзе».

З прычыны блізкасьці фронту і рэгулярных абстрэлаў у Запарожжы ўжо ня першы год разьвіваюць сетку падземных аб’ектаў рознага прызначэньня — школы, лякарні, пляцоўкі для масавых захадаў, расказвае в.а. мэра Запарожжа Рэгіна Харчанка.

«Чым больш працэсаў мы перавядзем пад зямлю, тым бясьпечней будзе працаваць нашым людзям, — упэўнена яна. — Давайце паглядзім на прыкладзе Кіева, які 1 верасьня быў не гатовы да пачатку адукацыйнага працэсу: яны зразумелі, што вучыцца трэба толькі ў сховішчах, а сховішчы да гэтага не прыстасаваныя. У нас такой шокавай тэрапіі не было. Ракета ляціць 30-40 сэкундаў — ня зможа настаўнік усіх падняць і спусьціць у сховішча».

Тут дзеці пражываюць сваё дзяцінства

Кацярына вядзе блізьнят Мішу і Бору ў дзіцячы сад. Асноўны будынак яны абмінаюць і ўпэўнена спускаюцца па сходах пад зямлю.

„Па дзецях я бачу, што ім падабаецца тут, — дзеліцца думкамі яна. — Мы мянялі прыватныя садкі, былі гістэрыкі, калі не хацелі ісьці ў садок. Тут нам усё падабаецца».

Унутры ўсё новае: рамонт, мэбля, тэхніка. Гэта першы ва Ўкраіне падземны дзіцячы садок, які падчас вайны пабудавалі з нуля.

«Мы тут ня чуем ні сырэнаў, ні выбухаў. Тут нічога гэтага не чуваць. Тут дзеці пражываюць сваё дзяцінства», — кажа дырэктарка Алена Чувал.

На глыбіні сямі мэтраў усё патрэбнае для жыцьця: запасы вады, аўтаномныя крыніцы і магутная вэнтыляцыйная сыстэма.

Кацярына вядзе дзяцей у дзіцячы садок пад зямлёй

«Мы яе называем лёгкімі нашага падземнага садка, — паказвае вэнтыляцыю дырэктарка. — Хачу сказаць, што нават не адчуваецца, што ты пад зямлёй. Цыркуляцыя паветра ідзе вельмі добра».

Яшчэ нядаўна заняткі ішлі ў звычайным гаспадарчым склепе, дзе да вялікай вайны захоўвалі гародніну для сталоўкі.

Але ня ўсе бацькі давалі згоду выхавальнікам там працаваць з дзецьмі: у сховішчы разьмяшчалі толькі пяць-шэсьць дзяцей. Новы падземны дзіцячы садок разьлічаны больш чым на сто дзяцей. Гэта дзесяць групаў рознага ўзросту.

Наймалодшым выхаванцам два гады. Іх прыводзяць сюды ўсяго некалькі дзён. Хтосьці ўжо захоплена малюе, а хтосьці яшчэ абвыкаецца.

Адна з выхаванак успомніла маму і плача.

«Яна зараз паляжыць, выхавальніца ёй дапаможа — і далей усё будзе добра. Гэта адаптацыя», — тлумачыць Алена Чувал.

Амаль ува ўсіх групах працуюць лягапэды. Дзеці выконваюць практыкаваньні перад люстэркам. Да кожнага дзіцяці індывідуальны падыход.

Пакуль малыя тут, бацькі могуць быць спакойныя, упэўнены выхавальнікі. Думку падзяляюць і самыя дзеці.

«Мы дома — чуваць усё і страшна бывае. А тут бясьпечна, не чуваць [выбухаў], ня страшна», — кажа пяцігадовая Дыяна.

Да канца году мясцовыя ўлады плянуюць адкрыць у Запарожжы яшчэ два такія ж падземныя дзіцячыя садкі. Кожны зь іх адначасова зможа ўмяшчаць да 140 дзяцей і супрацоўнікаў, што дасьць магчымасьць часткова вярнуць вочны фармат дашкольнай адукацыі ў прыфрантавым горадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як украінскае войска выкарыстоўвае дроны-камікадзэ для ўдараў па акупаваных Расеяй тэрыторыях. ВІДЭА