Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як украінскае войска выкарыстоўвае дроны-камікадзэ для ўдараў па акупаваных Расеяй тэрыторыях. ВІДЭА

Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время» зь лініі фронту на поўдні Ўкраіны.

Запароская вобласьць Украіны. Вайскоўцы роты ўдарных бесьпілётнікаў «Роніны» 65-й брыгады УСУ яшчэ да сьвітаньня ставяць у полі падобную да рагаткі катапульту з гумовым прыводам. Менавіта зь яе дапамогай будуць пад патрэбным для запуску кутом запускаць адмысловыя дроны-камікадзэ «Дартс».

Іх украінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць для так званых «мідл-страйкаў» — удараў не на лініі фронту, а за 100–150 км ад яе, гэта значыць у адносна недалёкай глыбіні тэрыторыі Расеі або акупаваных Расеяй рэгіёнаў. Галоўная цэль такіх удараў — маршруты забесьпячэньня расейскай арміі: дарогі, якія праходзяць па акупаваных тэрыторыях і якімі дастаўляюць паліва, прадукты й іншыя тавары.

«Дартсы», якія выкарыстоўваюць «Роніны», — гэта адносна невялікія ўкраінскія бесьпілётнікі самалётнага тыпу. Пасьля таго як усе іх часткі зьбяруць ўручную, на корпусе мацуюць партатыўныя мадэмы Starlink і баявую частку.

Пускі звычайна адбываюцца на досьвітку. Дрон вядуць пілёты, якія ў гэты момант знаходзяцца ў схованцы з усімі выгодамі: памяшканьне больш нагадвае кампутарны клюб, чым цэнтар кіраваньня палётамі.

Абодвух апэратараў дронаў завуць Арцёмамі, абодва родам зь вёскі Таўрыйскае ў Запароскай вобласьці. Цяпер вёска на лініі фронту, там даўно так званая «кіл-зона» (ад анг. kill «забіваць». — РС). Арцёмы сынхронна расказваюць, што, калі пачалася вайна, яны зьехалі з роднай вёскі ў Польшчу, але, дасягнуўшы паўналецьця, вярнуліся ва Ўкраіну і падпісалі кантракты з УСУ.

Цяпер ім па дваццаць гадоў.

«Амаль усе месцы, па якіх я хадзіў і дзе пражыў усё сваё жыцьцё, — амаль усе зараз разбураныя. Мой дом яшчэ стаіць, але школа, у якую я хадзіў 11 гадоў, — усё разбурана, — кажа адзін з пілётаў. — Гэта цяжка бачыць. Таму я тут».


"Миддлстрайки": как Украина перерезает России все три маршрута снабжения оккупированного Крыма "Миддлстрайки": как Украина перерезает России все три маршрута снабжения оккупированного Крыма
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00

Пілёты роты «Роніны» кажуць, што іх падразьдзел зараз уважаецца адным з самых пасьпяховых у УСУ. Таму яны хаваюць твары, а камандзір просіць зьмяніць яму голас у аўдыё.

«У прынцыпе мы выйшлі ў топы, — не хаваючы гонару, кажа „Да Вінчы“, камандзір роты ўдарных дронаў. — Мы маленькі бесьпілётны батальён, але знаходзімся на адным узроўні з брыгадамі Сілаў бесьпілётных сыстэмаў. Не адстаем, скажам так, ад іх у колькасьці зьнішчанай тэхнікі і ўсяго астатняга. І мы дайшлі да таго, што можам працаваць зь якога-хаця пункту плянэты: наземная група запусьцілася, зьнялася — і ўсё, ты яе ня знойдзеш. Пілёты гэтак жа: сёньня можам сядзець тут, заўтра можам наагул сядзець у іншым месцы».

Два Арцёмы расказваюць, што толькі за адну раніцу ўжо пасьпелі паразіць некалькі расейскіх цэляў у раёне акупаванага Такмаку пад Запарожжам.

«Сёньня першы вылет у нас быў — па гармаце. Мы паразілі гармату, нашы ворагі бегалі там, спрабавалі нас зьбіць, але ў іх ня выйшла — мы зайшлі ў гармату, — даюць справаздачу яны. — Другі вылет — мы зайшлі ў „буханку“ (грузапасажырскі мікрааўтобус УАЗ-СГР). І трэці вылет толькі што быў — зайшлі ў „Ніву“ з РЭБ, яна дагэтуль гарыць».

З пачатку лета 2026 году «Роніны» актыўна пераразаюць лягістыку расейскай арміі на так званым «сухаземным калідоры» з Расеі ў Крым, які праходзіць па акупаваных раёнах усходу Ўкраіны (расейскія ўлады абазначаюць гэтую трасу як «Наваросія»). У расейскіх пабліках шмат відэа пра тое, як выглядае дарога, што вядзе з Расеі на акупаваны паўвостраў цераз Марыюпаль, Бярдзянск і Мелітопаль: цягам многіх кілямэтраў на яе ўзбочынах стаіць падбіты або ахоплены агнём транспарт.

«Пры добрым надвор’і, пры нармальнай плюс-мінус сабранасьці і арганізацыі мы можам на дзень перакрываць цалкам гэтую трасу, — заўважае „Да Вінчы“. — Па ёй тады ніхто ня рухаецца. Асабліва вайскоўцы».

Украінскія пілёты дронаў кажуць, што іхная галоўная задача — пазбавіць Расею магчымасьці забясьпечваць сваю вайсковую групоўку ў Крыме і на акупаваным поўдні Ўкраіны палівам, боепрыпасамі і падмацаваньнем.

«Цяпер туды вельмі шмат вайсковых „Уралаў“ езьдзяць, белага колеру, сіняга колеру. Але што яны вайсковыя, лёгка вылічыць, іх відаць, — кажа камандзір „Ронінаў“. — Напрыклад, едуць 4-5 „Уралаў“ у суправаджэньні 3-4 мабільных агнявых групаў. Зразумела ж, што гэта яны ня сена каровам вязуць. Або едзе самазвал, абшаляваны дошкамі. Здаецца, што нібыта лес вязе, а насамрэч там кубы з палівам. Такое таксама здаралася, зьнішчалі».

«Роніны» асобна падкрэсьліваюць, што навучыліся звышхутка рэагаваць на зьяўленьне новых цэляў. Як толькі выведка знаходзіць у тыле суперніка новую цэль, палявая наземная група імгненьнем рыхтуе да вылету чарговы ўдарны дрон.

«Амаль кожны дзень — борт за бортам. Адзін запусьцілі, ён даляцеў, уразіў цэль — мы запускаем наступны», — заўважаюць апэратары.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG