Украінцы — як тыя, хто жыве ў акупаваных Расеяй раёнах, так і тыя, хто зьехаў на падкантрольную Расеі тэрыторыю або за мяжу — рэгулярна паведамляюць, што прызначаныя Расеяй акупацыйныя адміністрацыі забіраюць іхную ўласнасьць. У першую чаргу ідзецца пра бізнэс, дамы і кватэры.
Тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з грамадзянамі Ўкраіны, якія пацярпелі ад такіх дзеяньняў, і налічыў сама меней сем схемаў, паводле якіх расейскія чыноўнікі і сілавікі незаконна і з парушэньнем міжнародных канвэнцыяў адбіраюць уласнасьць у тых, каму яна належала паводле закону.
Цяпер адабраньне кватэраў, дамоў і зямельных участкаў, а таксама крадзеж і марадэрства на захопленых Расеяй тэрыторыях Украіны пастаўленыя на паток.
Схема № 1 — «нацыяналізацыя»
Схема № 1 — самая простая, але адначасова і самая незаконная: «абнуленьне» правоў папярэдняга ўладальніка на ўласнасьць і «нацыяналізацыя» аб’екту.
У гэтым выпадку прызначаныя Крамлём мясцовыя ўлады складаюць сьпісы абʼектаў нерухомасьці, якія ім патрэбныя, і прымаюць рашэньні іх забраць: усё гэта афармляецца ў выглядзе мясцовых законаў і пастановаў. У анэксаваным Крыме такім чынам былі «нацыяналізаваныя» некалькі тысяч абʼектаў рухомай і нерухомай маёмасьці грамадзян Украіны. Сярод іх кватэры прэзыдэнцкай пары Зяленскіх у пасёлку Лівадыя (пакупнік заплаціў за яе на аўкцыёне 44,3 млн расейскіх рублёў, што адпавядае $476 тысяч), уласнасьць украінскіх бізнэсмэнаў Рыната Ахметава і Ігара Каламойскага, палітыкаў Арсенія Яцанюка, Нестара Шуфрыча, Сяргея Таруты і іншых.
Схема № 2 — адкрытае махлярства з дакумэнтамі або сілавы захоп
Пра яшчэ адну схему расказала гераіня, якая сама зь дзецьмі зьехала з акупаваных тэрыторыяў Украіны, але там засталіся яе пажылыя бацькі, якія выехаць не змаглі. Іх імёны не называюцца дзеля бясьпекі гэтае сямʼі.
«Зьяжджаючы, мы ня думалі, што разьвітваемся назусім з нашым жыльлём. Мы і не разьвітваліся зь ім, бо верылі, што мы вернемся і будзем жыць далей, — заўважае яна. — Але там зь першых дзён акупацыі і бізнэс адбіралі, і наагул адбіраюць усё, што ім трэба. Дакумэнты робяцца на тых людзей, на якіх трэба, ужо дакумэнты Расейскай Фэдэрацыі. І калі ўласьнік кавярні ці крамы прыходзіць і кажа: «Вось у мяне ёсьць дакумэнты, я хачу перааформіць», — яны гавораць: «У цябе ўкраінскія дакумэнты, а тут Расейская Фэдэрацыя. І ёсьць іншыя дакумэнты на гэты ж будынак — у чалавека, расейца, грамадзяніна Расеі. У яго дакумэнты ўжо Расейскай Фэдэрацыі, і, адпаведна, гэты будынак належыць яму, а ня вам. А вы з сваімі ўкраінскімі дакумэнтамі ідзіце адпачывайце, гэты будынак ня ваш».
Ёсьць тыя, хто спрабаваў судзіцца, але вынікаў няма, — кажа суразмоўца.
«Прыклад майго сябра. Ён сам быў беларус і купіў гатэль у Крыме. У 2014 годзе, калі мы апошні раз зь ім зьвязваліся, ён тэлефануе і кажа: да мяне прыходзілі нейкія асобы каўкаскай нацыянальнасьці, казачкі нейкія і папрасілі дакумэнты на гатэль, — апавядае Віталь Аленійчук, карэнны жыхар Севераданецку.
У яго на вачах іх парвалі і кажуць: «Яшчэ дакумэнты ёсьць?» Ён кажа: «Іншых няма». Ну тады заўтра з чамаданамі на выхад.
«А нам сказалі, што нашыя дакумэнты проста страчаныя, — расказвае жыхарка Марыюпалю Людміла Сыпчанка. — Але, я так думаю, гэта было зроблена наўмысна, спэцыяльна — каб многіх людзей пазбавіць жыльля. Мы зьвярнуліся ў пракуратуру. Але нават пракурор сказаў, што гэта бессэнсоўна».
Аднак гэтыя дзьве схемы канфіскацыі ўласнасьці, мабыць, нават у Расеі лічыцца «занадта» беззаконнымі. Таму акупацыйныя ўлады імкнуцца дзейнічаць асьцярожней, прыкрываючыся бюракратычнымі працэдурамі.
Схема № 3 — патрабаванне перарэгістрацыі з асабістай яўкай і адначасова адмова ва ўезьдзе ў Расею
Часьцей за ўсё на акупаваных тэрыторыях канфіскоўваць уласнасьць дапамагае патрабаваньне так званай «перарэгістрацыі» правоў на зямлю, кватэру ці дом, прычым пры асабістай прысутнасьці ўласьніка. Вядомая гісторыя сямʼі Алейнічукоў зь Севераданецку Луганскай вобласьці, акупаванага двойчы: у 2014 годзе на два з паловай месяцы, а затым з чэрвеня 2022 году, і акупацыя працягваецца дагэтуль.
Усёй сямʼёй Алейнічукі зьехалі ад вайны за мяжу, а іхную кватэру, якая цудам ацалела падчас абстрэлаў, занялі расейскія вайскоўцы, і, з словаў гаспадароў, «усё там загадзілі».
Чыноўніца дзяржаўнага агенцтва «Росреестр», зь якой пагутарылі Алейнічукі, заявіла ім, што каб вярнуць сабе кватэру, яны мусяць наноў зарэгістраваць яе ў расейскім рэестры.
«Але паколькі вы замежны грамадзянін недружалюбнай краіны, вам трэба атрымаць спэцыяльны дазвол ад калегіяльнага органу», — растлумачыла яна.
І толькі калі такі дазвол дадуць, грамадзянам Украіны трэба будзе асабіста прыехаць у акупаваны горад, прычым праз Расею, а менавіта адзіную фільтрацыйную зону ФСБ у маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. І гарантыяў, што грамадзян Украіны празь яе прапусьцяць, няма ніякіх, шчыра прызнае супрацоўніца расейскага ведамства.
«Бывае такое, што чалавек атрымаў дазвол, едзе сюды, а яго ў Шарамецьеве не прапускаюць. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Вам дазвол даецца на рэгістрацыю, а не для праезду сюды», — адкрыта тлумачыць яна.
«Каб аформіць уласнасьць, людзям трэба прыехаць, па-першае, асабіста — у той жа самы Марыюпаль, пайсьці там у „Росимущество“ і заняцца ўсёй гэтай справай. Як яны зараз могуць туды трапіць? Толькі праз Шарамецьева, дзе іх сустракаюць ФСБшнікі», — апісвае працэдуру ўкраінскі гісторык Андрэй Марусаў.
«Мой добры знаёмы паспрабаваў зь сямʼёй вярнуцца ў Марыюпаль з адзінай мэтай — аформіць уласнасьць, каб у яго яе не адабралі. І ён мне расказваў, што ў Шарамецьеве тры дні яго мурыжылі ФСБшнікі. Акрамя яго, там яшчэ былі каля трыццаці чалавек — зь Бярдзянску, Мелітопалю, Данецку, Макееўкі, Марыюпалю, Лісічанску. Самыя розныя людзі — і старыя, і маладыя, хто заўгодна. Адмовілі ўсім! І стаўленьне да іх было абсалютна быдлячае», — кажа Марусаў.
Калі ўласьнік дому ці кватэры ня можа прыехаць на акупаваную тэрыторыю Ўкраіны і перарэгістраваць жыльлё, яно абʼяўляецца «безгаспадарным».
Схема № 4 — жыльлё абвяшчаюць «безгаспадарным»
Гэтая схема шырока выкарыстоўваецца ў гарадах, адкуль украінцы масава зьяжджалі ад расейскіх абстрэлаў. Часта яны даручалі глядзець за сваімі кватэрамі і хатамі сваякам і суседзям, якія засталіся ў горадзе, а часам нават аплачвалі празь іх камунальныя паслугі.
Але акупацыйныя ўлады нярэдка лічаць жыльлё, у якім некалькі месяцаў ніхто не жыве, «кінутым». Калі яно ў добрым стане, яго абʼяўляюць «безгаспадарным», пасьля чаго прадаюць. Сапраўднага ўласьніка на гэты аўкцыён проста не дапускаюць, ён можа ўвогуле ня ведаць, што яго кватэра пайшла камусьці іншаму.
У траўні 2026 году апублікавалі відэа з камэры назіраньня аднаго з падʼездаў у Марыюпалі: чыноўніцы з гарадзкой адміністрацыі, падкантрольнай расейскім уладам, расклейваюць на дзьвярах нібыта «безгаспадарных» кватэраў абʼявы аб высяленьні.
Мясцовыя жыхары гавораць, што ў рэальнасьці кватэры такімі не былі:
«У адной маёй сяброўкі мама прыходзіла да яе дадому, стварала бачнасьць, што ў кватэры нехта жыве: вывешвала бялізну з гаўбца, сьвятло часам уключала, неяк завіхалася, — апавядае былая жыхарка акупаванага Расеяй гораду. — Але ўсё роўна з адміністрацыі прыходзілі і глядзелі. Калі не было нейкага мінімуму спажываньня камунальных паслугаў, яны разумелі, што кватэра стаіць пустая, і запускалі ў яе ахвочых жыць».
Паводле такой схемы толькі ў акупаваным Марыюпалі расейскія ўлады абвясьцілі «безгаспадарнымі» каля 13 тысяч кватэраў і дамоў, якія належаць украінскім грамадзянам, што пакінулі горад. Прычым, як тлумачылі аўтары расьсьледаваньня на гэтую тэму, калі да 2025 году «безгаспадарным» жыльлё прызнавалі суды, і далёка не ўсё, што было ў сьпісе, аўтаматычна станавілася муніцыпальнай уласнасьцю, то ў сьнежні 2025 году ў Расеі ўнесьлі папраўкі ў закон, паводле якіх сама наяўнасьць кватэры або дому ў рэестры «безгаспадарных» кватэраў аўтаматычна пераводзіць яе ў муніцыпальную ўласнасьць.
Сяргей Данілаў, экспэрт у пытаньнях поўдня Ўкраіны, лічыць, што расейскі закон аб «безгаспадарным» жыльлі быў прыняты, каб у акупацыйных уладаў бясплатна зьявіўся жыльлёвы фонд для прыцягненьня работнікаў на акупаваныя тэрыторыі.
«Яны вырашылі гэта „ўзаконіць“, відавочна, таму, што ёсьць вялікія надзеі прыцягнуць спэцыялістаў з Расеі на акупаваныя тэрыторыі, — тлумачыць ён. — І частка людзей, якіх яны хочуць у якасьці спэцыялістаў прывезьці ў Херсонскую, Запароскую вобласьці, асьцерагаюцца таго, што нададзеныя ім кватэры не зусім легітымныя нават з расейскага гледзішча».
Схемы № 5 — забарона дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасьці грамадзянамі Ўкраіны
Украінцы кажуць, што часта, каб вярнуць права ўласнасьці, апроч прыезду ў зону акупацыі, ад жыхароў захопленых тэрыторый чыноўнікі на месцы патрабуюць прыняць грамадзянства Расеі. Тым, хто адмаўляецца гэта рабіць, у перарэгістрацыі жытла адмаўляюць. Гэта дазваляе ўказ Пуціна ад 14 сакавіка 2025 году: ён забараняе як мінімум да 1 студзеня 2028 году грамадзянам «недружалюбных краін» рэгістраваць нерухомасьць у так званых «новых расейскіх рэгіёнах» без спэцыяльнага дазволу.
«Новымі рэгіёнамі» у Расеі называюць акупаваныя тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай вобласьцяў. Акрамя Ўкраіны, пад «недружалюбнымі» краінамі ў Расеі разумеюць таксама ўсе краіны ЭЗ.
«У мяне даволі шмат маіх знаёмых, напаўзнаёмых, засталіся ў Марыюпалі. У некаторых з іх ацалела маёмасьць. Але калі яны не афармляюць расейскае грамадзянства, то яны яе трацяць, у іх яе адбіраюць: зь міліцыяй, з паліцыяй, проста выганяюць зь іхных кватэраў, з дамоў, хоць яны там жылі дваццаць, трыццаць гадоў — пры тым, што адбываецца ў горадзе».
Схема № 6: знос дому без наданьня альтэрнатыўнага жыльля
Яшчэ адна схема пазбаўленьня жыльля на акупаваных тэрыторыях — поўны знос дому. Гэта часта адбываецца ў гарадах, моцна разбураных абстрэламі. На месцы зьнесенага дому будуюць новае жыльлё, але кватэры ў ім надаюць для наступнай здачы ў сацыяльны наём «патрэбным» людзям або пускаюць на продаж. Выпадкаў, калі ад украінцаў адбіралі жыльлё паводле гэтай схемы, было асабліва шмат у Марыюпалі.
«Улада ДНР зрабіла нас „бамжамі“. Зьнеслі нашыя дамы, анулявалі адрасы, — скардзіліся былыя жыхары. — Нас, „бамжоў“, 18 тысяч чалавек. І нам жыць няма дзе!»
Схема № 7: крымінальная справа
Яшчэ адна схема — завядзеньне супраць уласьнікаў нерухомасьці крымінальных справаў. Напрыклад, абвінаваціўшы іх у «экстрэмізьме» за допісы ў сацыяльных сетках, у якіх Крым названы ўкраінскім або паведамляецца аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў. Прысуд у такіх справах выносяць завочна, бо чалавек не жыве ў Расеі ці на акупаваных тэрыторыях, але фінал адзін — судовая канфіскацыя асабістай маёмасьці.
Новае фэадальнае дваранства ці 1917 год?
З стэнаграмы расейскага фэдэральнага ўраду ад 26 жніўня 2025 года вядома, што расейскія ўлады за час акупацыі паставілі на ўлік і ўнесьлі ў выніку інвэнтарызацыі 4 600 000 абʼектаў: зямельныя ўчасткі, будынкі, збудаваньні, на якія пашыраецца права ўласнасьці. А ўсяго ў захопленых гарадах і населеных пунктах Украіны да канца 2026 году «Росреестр» плянуе паставіць на ўлік 5, 5 мільёна абʼектаў нерухомасьці, г. зн. аформіць на іх расейскія дакумэнты.
«Што потым адбываецца з гэтай маёмасьцю? Яна аддаецца расейскім вайскоўцам, расейскім сілавікам, калябарантам. Мэта відавочная — выцісканьне ўкраінскага насельніцтва», — тлумачыць Андрэй Марусаў, навошта акупацыйныя ўлады забіраюць уласнасьць ад украінцаў.
Расейскі экспэрт у эканоміцы Ўладзіслаў Жукоўскі называе працэс забіраньня ўласнасьці на акупаваных тэрыторыях «дзяржаўным марадэрствам». І заўважае:
«Было б дзіўна, калі б падчас гэтай захопніцкай вайны захопленыя тэрыторыі і прадпрыемствы, абʼекты нерухомасьці, прычым ня толькі жылыя, але і камэрцыйныя абʼекты, крамы, гандлёвыя цэнтры, нейкія іншыя пабудовы, склады, не перадавалі б у рукі новага, скажам так, „фэадальнага дваранства“, новай дзяржаўнай алігархіі».
Андрэй Марусаў упэўнены, што сотні тысяч украінцаў страцяць сваю ўласнасьць на акупаваных тэрыторыях.
«З чым гэта можна параўнаць маштабамі? Ну, натуральна, з бальшавіцкай рэвалюцыяй 1917 году, — кажа ён. — Тады гэтак жа пазбавілі і выраклі на галечу і беднасьць дзясяткі мільёнаў чалавек, пазбавіўшы іх уласнасьці, кватэраў і гэтак далей. Цяпер ідзецца аб сотнях тысячаў, але ідзецца менавіта аб гэтым — што абсалютна несправядліва».
Ці ёсьць шанец вярнуць сваё?
Украіна вядзе рэестар шкоды, нанесенай ёй у выніку расейскага ўзброенага ўварваньня, і разьлічвае, што ўсе рашэньні Крамля аб перарэгістрацыі ўласнасьці на захопленых Расеяй тэрыторыях будуць юрыдычна нікчэмныя адразу пасьля завяршэньня акупацыі. «Кожны, хто зараз заедзе ў кватэру іншага марыюпальца, становіцца саўдзельнікам ваенных злачынстваў», — папярэджвае былы дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка, кіраўнік Цэнтру вывучэньня акупацыі Ўкраіны.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама ацэньваюць дзеяньні расейскіх уладаў як масавае рабаваньне і парушэньне міжнароднага гуманітарнага права.
Расейскі праваабаронца Леў Панамароў раіць усім украінцам, у выніку акупацыі незаконна пазбаўленым сваёй уласнасьці, захоўваць дакумэнты на нерухомасьць (фота кватэры, дому, участку, квітанцыі і выпіскі, зьвязаныя з гэтай нерухомасьцю, скрыншоты сьпісаў «безгаспадарнай» маёмасьці, фота апавяшчэньняў на дзьвярах) і фіксаваць. Усё гэта, паводле яго, спатрэбіцца для звароту ў суды пасьля заканчэньня вайны.