Расейскія войскі ўжо маюць магчымасьць атакаваць Славянск авіябомбамі і дронамі-камікадзэ. Таму адміністрацыя забараніла грамадзкаму транспарту езьдзіць у некаторыя раёны.
Сяргей Загародны — кіроўца маршрутнага аўтобуса. Яго маршрут пакуль дзейны, ён чакае пасажыраў на канцавым прыпынку. Пасажыры — у асноўным пэнсіянэры, якім складана хадзіць пешшу. Хтосьці едзе ў банк, хтосьці ў паліклініку, а хтосьці — на лецішча. Рэпартаж з Славянску вядзе тэлеканал «Настоящее время».
«У нас жа цяпер у горадзе засталася амаль палова насельніцтва ад таго, што было да поўнамаштабнага ўварваньня, — расказвае Сяргей. — Так што паток пасажыраў, можна сказаць, упаў напалову, калі ня больш».
Сяргей стартуе дакладна паводле раскладу — з надзеяй, што рэйс пройдзе добра і аўтобус не абстраляюць. Перад выездам ён хрысьціцца. У некаторыя раёны Славянску, напрыклад мікрараён Усходні, найбліжэйшы да лініі фронту, праз абстрэлы грамадзкі транспарт ужо ня ходзіць.
«На маім маршруце такога (абстрэлаў) пакуль не было, але наша машына трапляла пад абстрэл, і там былі пацярпелыя людзі. На шчасьце, загінулых не было, але пацярпелыя былі», — кажа кіроўца.
Загародны расказвае, што горад мяняецца амаль кожны дзень, і ня ў лепшы бок — праз тое, што нядаўна расейскія вайскоўцы скінулі на цэнтар Славянску паўтаратонныя авіябомбы. Таму Сяргей прайшоў курс мэдычнай падрыхтоўкі, дзе яго навучылі аказваць пасажырам першую дапамогу пры раненьнях.
Жыхары мікрараёну Ўсходні, да якога фронт найбліжэйшы, былі супраць скасаваньня аўтобусных рэйсаў і нават сабралі подпісы, патрабуючы, каб ім вярнулі транспарт.
Яны расказваюць, што тыя, у каго няма машыны, дабрацца на працу, у шпіталь ці да банкамату, каб зьняць пэнсію, цяпер ня могуць: трэба або ісьці пешшу, або ехаць таксоўкай ці роварам.
«Мой муж працуе ў водаканале, жанчына на хлебазаводзе працуе, вельмі шмат людзей у нас працуюць. Нават пэнсіянэру няма на чым паехаць пэнсію зьняць, у аптэку і на прыём да лекара», — расказвае пра патрэбу ў транспарце жыхарка Славянску Ларыса.
«Сапраўды абстаноўка ў нас, кажуць, небясьпечная, але ня больш небясьпечная, чым у горадзе. І вось нашы подпісы: 200 подпісаў, кожны падыходзіў, падпісваў», — кажа Валянціна, яшчэ адна жыхарка Славянску.
«Хоць бы да станцыі, людзі ўжо на гэта згодныя! Няхай ня цэлы дзень, няхай два, тры, чатыры рэйсы, але каб можна было заехаць на працу і прыехаць з працы», — дадае жыхарка Славянску Нэлі.
Сяргеева маршрутка папулярная, амаль на кожным прыпынку ў аўтобус заходзяць новыя пасажыры. Анатоль, як і многія іншыя, едзе зь лецішча. Травень — самы сэзон для агародніцтва, расейскі наступ дачнікам не перашкода.
«Знайшлі час, выбраліся, падрыхтавалі зямлю пад памідоры, пад агурочкі, — расказвае Анатоль. — А вось бульбу саджаць ня буду. Я яе даўно не саджаю: нявыгадна, дый галаву трэба тлуміць з жукамі».
«Жывем, агароды саджаем», — пацьвярджаюць іншыя пасажыры маршруткі.
Жыхарка Славянску Тацяна едзе з крамы, дзе купіла кветкі:
«Я кветачак, бачыце, накупіла, буду саджаць: хрызантэмы і браткі. Будзем упрыгожваць каля пад’езду, будзем прыгажосьць наводзіць. Было шмат туліпанаў, але яны ўжо адцьвілі. Вырасьцім, выжывем».
«Ды зараз стала ўжо ня надта спакойна. Дроны — эфпівішкі (кіраваныя празь відэакамэру FPV-дроны. — РС) маленькія — лётаюць увесь час, штодзень і штогадзіны, можна сказаць. Ну, а так больш-менш, — кажа Тацяна. — Спадзяемся, што ўсё будзе Ўкраіна і ўсё будзе добра. Спадзяемся на нашых, што ня пусьцяць іх сюды. А эвакуавацца нам няма куды, няма грошай».
Анатоль лічыць, што Ўкраіна не саступіць Расеі гарады Данецкай вобласьці, якія ўсё яшчэ застаюцца пад кантролем Кіева. Невыпадкова іх завуць «гарады-фартэцыі»:
«Саступіць Славянск, Краматорск, Канстанцінаўку, Дружкаўку, Пакроўск, Сьвятагорск, Ліман — я вам скажу, што гэта будзе трагедыя для Ўкраіны. Далей тады ўжо ня спыняць іх, і яны праз паўгода, праз год палезуць і далей», — уважае Анатоль.
Сяргей Загародны кажа, што, нягледзячы на ўжо ваенную абстаноўку, горад трымаецца:
«Трымаецца, як бы вораг ні спрабаваў яго людзям сапсаваць і спаганіць. Транспарт працуе, аптэкі працуюць, мэдычныя ўстановы працуюць, рынак працуе, фінансавыя ўстановы працуюць. Вуліцы прыбіраюць», — пералічвае ён.
Нягледзячы на гэтыя словы, многія жыхары Славянску рыхтуюцца зьехаць з гораду. Аксана і Валерыя выехалі яшчэ ў 2022 годзе, а зараз спрабуюць угаварыць зьехаць бабулю, якая застаецца ў прыфрантавым горадзе.
«У нас бабуля тут, мама мая, а мы зараз жывем у Львове, у Львоўскай вобласьці, — расказвае Аксана. — Мы самыя ўжо даўно выехалі, а вось бабулю ніяк ня можам угаварыць выехаць. Бабуля перажывае за дом».
«Цяпер сеткі па ўсім горадзе кідаюцца ў вочы. Наганяе шмат нэгатыву. Прылёты кідаюцца ў вочы. Усё больш разбурэньняў у горадзе», — апавядае Валерыя.
У суседнім Лімане, да якога расейскае войска падышло яшчэ бліжэй, людзі жывуць ужо ў скляпах, а па вуліцах ніхто ня ходзіць і ня езьдзіць, гэта небясьпечна, — расказвае Сьвятлана. Напярэдадні яна пешшу выйшла зь Ліману і хоча паехаць далей ад вайны.