Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьціраньне ідэнтычнасьці». Што адбываецца з выкрадзенымі ўкраінскімі дзецьмі ў Расеі, Беларусі і пад акупацыяй

Дзеці ў анэксаваным Крыме. Архіўнае фота
Дзеці ў анэксаваным Крыме. Архіўнае фота

4 чэрвеня — Міжнародны дзень дзяцей, якія сталі ахвярамі войнаў. Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расея забіла прынамсі 707 маладых украінцаў.

Большая частка пацярпелых ад гэтай вайны — незаконна дэпартаваныя дзеці, якіх вывезьлі на акупаваныя тэрыторыі і ў Расею, пра іх лёсы апавядае тэлеканал «Настоящее время».

«Адбываецца сьціраньне ідэнтычнасьці — і зь дзяцей лягчэй за ўсё пачынаць»

Мар’ям Ламбэрт — сузаснавальніца і генэральны дырэктар Emile Foundation, арганізацыі, якая займаецца пошукам і вяртаньнем выкрадзеных украінскіх дзяцей. Яна распрацоўвала стратэгію прэзыдэнцкай ініцыятывы «Bring Kids Back UA». Мар’ям адзначае, што зараз немагчыма назваць колькасьць украінскіх дзяцей, якія дэпартаваныя — «таму што Расея ня дзеліцца ніякай інфармацыяй».

«У тым, што тычыцца дзяцей на акупаваных тэрыторыях, у нас ёсьць прыкладнае ўяўленьне — іх каля паўтара мільёна. Але ва ўсім астатнім сьвеце? З усімі гэтымі перамяшчэньнямі, у Эўропе ці недзе яшчэ. Зразумела адно: усе гэтыя дзеці перажылі траўму. Яны траўмаваныя або выкраданьнем, або перамяшчэньнем, або неабходнасьцю цалкам зьмяніць сваё жыцьцё, вывучыць новую мову. Але менавіта гэтага Расея першапачаткова і хацела дабіцца: таму што, калі вы зьнішчаеце сям’ю, родныя мясьціны, ідэнтычнасьць, гісторыю — фактычна вы спрабуеце сьцерці культуру нацыі», — тлумачыць Ламбэрт.

Сьціраньне ідэнтычнасьці ўкраінцаў на акупаваных тэрыторыях канстатуе і ўкраінская праваабаронца Аляксандра Матвійчук, якая ўзначальвае Цэнтар грамадзянскіх свабод. У 2022 годзе арганізацыя стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру сумесна зь беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і расейскім «Мэмарыялам».

Аляксандра Матвійчук на цырымоніі атрыманьня Нобэлеўскай прэміі міру. Осла, 10 сьнежня 2022
Аляксандра Матвійчук на цырымоніі атрыманьня Нобэлеўскай прэміі міру. Осла, 10 сьнежня 2022

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня яна заснавала ініцыятыву «Трыбунал для Пуціна».

«Ёсьць тры трэнды, тры мэты Расеі, якія мы назіраем на акупаваных тэрыторыях. Адзін з іх — гэта, відаць, калянізацыя гэтых тэрыторый, гэта значыць трэба, каб украінцы, якія там жылі, зьніклі. Пажадана засяліць іх расейцамі з розных рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі. Каб яны [украінцы] зьніклі, актыўная меншасьць фізычна зьнішчаецца, альбо людзі выяжджаюць, ратуючы свае жыцьці, — калі могуць, калі пасьпелі. У большасьці адбываецца сьціраньне ідэнтычнасьці — і зь дзяцей лягчэй за ўсё пачынаць»,— кажа Матвійчук.

Перавыхаваньне ўкраінскіх дзяцей у акупацыі і ў Расеі

У Расеі абвінавачаньні ў выкраданьнях дзяцей і тым больш іх «перавыхаваньні» адмаўляюць. Практычна з самага пачатку вялікай вайны ўсе афіцыйныя асобы, пачынаючы з Уладзіміра Пуціна, гавораць аб абсалютна легальнай добраахвотнай эвакуацыі з зоны ўзброенага канфлікту.

Яшчэ адна падстава для вывазу дзяцей з украінскай тэрыторыі — адпачынак і аздараўленьне.

«Але гаворка ідзе зусім не аб адпачынку, — кажа Кацярына Рашэўская. — Гаворка ідзе аб маштабнай палітыцы прамываньня мазгоў дзецям і аб ператварэньні іх у ворагаў уласнай нацыі».

Дзяцей, па-першае, спрабуюць «ператварыць у расейцаў», а па-другое — у салдат, кажа Мар’ям Ламбэрт.

«Мэта — ня проста зьнішчыць украінцаў, яны хочуць праз мілітарызацыю і індактрынацыю, наносячы псыхалягічныя траўмы, ператварыць украінскіх дзяцей у расейцаў. І ўсё гэта для таго, каб стварыць новае пакаленьне арміі, якое будзе ваяваць з Украінай. А яшчэ — і гэта тое, што павінна ўбачыць Эўропа — гэта адна з самых вялікіх пагроз для яе будучыні, таму што гэтых дзяцей будуць навучаць у вайсковых лягерах для барацьбы з Эўропай».

Кацярына Рашэўская расказвае, што «Размовы аб важным», якія ўвялі ў расейскіх школах з 2022 года, ёсьць і ў акупацыі, і ня толькі ў школах, але і ў дзіцячых садках.

«Мы бачым, што гэтыя „Размовы аб важным“ на акупаваных тэрыторыях пачынаюцца ўжо зь дзіцячых садоў. Таму што ім хочацца выхаваць тысячы, а можа, і сотні тысяч людзей, якія будуць гатовыя змагацца за імпэрскія амбіцыі Расеі. І вядома, украінскія дзеці з акупаваных тэрыторый — іх першая мэта».

Старэйшыя дзеці, спрабуючы супрацьстаяць гэтай індактрынацыі, вучацца жыць падвойным жыцьцём, замыкаюцца ў сабе — і гэта перажываецца як дадатковая траўма, кажа Аляксандра Матвійчук.

«Я гаварыла з адной дзяўчынкай, яна не з Крыма, яна з усходніх абласьцей. Яна гэта апісвала так: ты вельмі хутка разумееш, што табе нельга казаць услых, што ты павінен хавацца нават ад сяброў. І яна кажа: я ўзьвяла такую сабе сьцяну, я за ёй схавалася, сябе сапраўдную за гэтай сьцяной схавала. А потым я проста фізычна адчувала, што я зьнікаю, што мяне няма».

«Каб сям’я ўзьядналася, спатрэбяцца гады»

Кожны выпадак аб вяртаньні дзіцяці патрабуе асобнай працэдуры, расказвае Марыям Ламбэрт, таму што ніякага адзінага мэханізму рэпатрыяцыі выкрадзеных не існуе.

«Прайшло ўжо чатыры гады, пра гэта гаворыць увесь сьвет, пра гэта гавораць палітычныя лідэры. Але нават калі нашай арганізацыі ці іншай арганізацыі з Украіны ўдаецца знайсьці дзіця, мы сутыкаемся з тым, што не існуе адзінага міжнароднага спосабу яго вярнуць. Таму што мы ўсе ня справіліся. Палітыкі, гуманітарныя дзеячы, праваабаронцы, журналісты — мы ўсё ня справіліся. Мы не змаглі знайсьці прыдатны, празрысты і такі, які паддаецца праверцы, мэханізм, які б усім падыходзіў».

«Вяртаньне дзяцей — гэта адзін маленькі, але вельмі важны і вырашальны крок, але наступная падтрымка сямʼі мае надзвычай важнае значэньне, таму што на тое, каб сямʼя зноў даведалася адзін аднаго, узьядналася і рэінтэгравалася ў грамадзтва, спатрэбяцца ня тры дні, а гады», — кажа Ламбэрт.

Тыя, хто займаецца пошукам і вяртаньнем дзяцей, гавораць: любую дамову, якая не ўлічвае лёс скрадзеных дзяцей, нельга лічыць мірнай.

«У пытаньні ўкраінскіх дзяцей любое спыненьне агню або мірнае пагадненьне, якое не ўлічвае іх інтарэсы і становішча, у прыватнасьці, становішча ўкраінскіх дзяцей ва ўмовах акупацыі, будзе азначаць новыя парушэньні іх правоў, новыя міжнародныя злачынствы, новыя выкраданьні, дэпартацыі і ўзмацненьне палітыкі мілітарызацыі дзяцей. І, на жаль, з такім мірам усё скончыцца новай вайной».

Украінскіх дзяцей вывозілі і ў Беларусь

Раней Украіна заявіла, што прыблізна 20 000 дзяцей былі незаконна адпраўленыя ў Расею і Беларусь, дзе іх пасьля вайсковай падрыхтоўкі прымушаюць змагацца супраць сваіх уласных войскаў.

Міжнародная незалежная сьледчая камісія ААН прызнала вываз і перамяшчэньне Расеяй украінскіх дзяцей пасьля паўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ў 2022 годзе злачынствамі супраць чалавечнасьці.

Як паведаміла агенцтва Reuters, камісія вывучыла справы 1205 дзяцей з пяці рэгіёнаў Украіны, зь якіх 80% яшчэ не змаглі вярнуць.

«У гэтай справаздачы камісія прыйшла да высновы, што злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы расейскіх уладаў былі накіраваны супраць дзяцей, якія зьяўляюцца аднымі з найбольш уразьлівых ахвяр», — адзначаецца ў справаздачы камісіі.

  • Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыйяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
  • Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
  • Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, дзе расказваецца пра ролю ў ім Беларусі.
  • Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
  • На канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG