Як мясцовыя жыхары спрабуюць выжыць, нягледзячы на набліжэньне лініі фронту, апавядае тэлеканал "Настоящее время".
Маршрутка з пасажырамі пад’яжджае да прыпынку. Агнявая група з аўтаматамі сочыць за небам.
«Як толькі чуеш гук дрона — лепш схавацца. Лётаюць яны на розных хуткасьцях і вышынях. Бывае, што іншым разам раз яго і не ўдаецца заўважыць, а ён ужо залятае, і чуем выбухі», — апавядае паліцыянт Максім.
У Кушугумскай грамадзе — прадмесьці Запарожжа — захады бясьпекі ўзмацнілі пасьля гібелі кіроўцы на гэтым маршруце ад удару расейскага дрона.
«Кіроўца падʼехаў да стаянкі — і адразу ўляцела ў яго. Усё. Адразу насьмерць», — успамінае мясцовы жыхар Аляксей.
Раней канцавы прыпынак быў тут, але пасьля трагедыі маршрут значна скарацілі. Цяпер мясцовым жыхарам, каб сесьці на аўтобус, даводзіцца пешшу ісьці з аднаго пасёлку ў іншы.
«У мяне бацькі тут жывуць, пажылыя людзі. Яны, вядома, ня дойдуць ніколі. Я пакуль у свае 60, дзякуючы спорту, не куру, ня п’ю, таму магу сабе дазволіць прайсьці два з паловай кілямэтры. Дроны ўсюды лётаюць, што цяпер рабіць? Жыць жа трэба. Я ж ня кіну бацькоў, яны ж ня будуць галодныя», — кажа мясцовая жыхарка Яўгенія.
На канцавым прыпынку маршрутка не затрымліваецца ні на хвіліну і нікога не чакае. Кіроўца Яўген тлумачыць, што стаяць на месцы — лішняя рызыка. Перавозьнікаў абавязалі езьдзіць з дэтэктарамі частот, каб своечасова заўважыць небясьпеку і пасьпець высадзіць людзей.
— Калі ўжо маршрутку дакладна відаць, трэба выскокваць з маршруткі.
— Даводзілася ўжо выскокваць?
— Даводзілася. Найперш у мяне людзі, а ўсё астатняе потым.
У гэтай грамадзе здымачная група «Настоящего времени» была ў мінулым месяцы. Тады карэспандэнт здымаў наступствы ўдараў «шахедамі» і авіябомбамі. З атакамі FPV-дронаў сытуацыя была спакайнейшай.
«Раней, літаральна тыдні два-тры таму, да нас не даставалі сюды. Зрэдку было да цэнтру, да школы даставалі, а да нас не. А цяпер ужо ўсё. Тэхналёгіі новыя разьвіваюцца», — кажа мясцовы жыхар Аляксей.
Цяпер амаль у кожнага тутэйшага жыхара ёсьць свая гісторыя, зьвязаная з расейскімі бесьпілётнікамі.
«У мяне пляменьнік. Таксама так дрон прывязаўся, добра, што Русік угледзеў яго, яны выскачылі з бацькам. Машына разьбітая», — кажа Лідзія. «Ішоў пешшу, і дрон пайшоў насустрач мне. А потым вярнуўся і дагнаў гэтую машыну і жахнуў яе», — апавядае Віктар. «Дрэнна тое, што прывыкаеш. Гэта дрэнна», — кажа Аляксандар.
Нягледзячы на небясьпеку, якая можа ўзьнікнуць раптоўна, Марына кожную раніцу зьбірае ў двары вішню. Кажа, што марудзіць нельга — ягады ўжо сасьпелі:
«Летась менш было. Думалі, што будзем бязь ягады, але яна ёсьць. Сочыва зварым, а потым хлопцам перадаём, пасылкамі адсылаем. У мяне сын служыць, перадаём і туды».
Марына разважае, што фронт адносна далёка і не набліжаецца, а ад дронаў можна схавацца і перачакаць. І такіх, як яна, у грамадзе шмат.
Тут працуюць некалькі крамаў. Праўда, з прычыны высокай рызыкі пастаўнікі прывозяць ня ўсё — хлеб, ваду і ласункі прадаўцам даводзіцца забіраць у суседнім пасёлку самастойна. Галоўнае, кажуць, што пакупнікі яшчэ засталіся.
«Хаджу на працу, як усе. Паўдарогі пешшу, а там пад’яжджаю. Ну страшна, усім страшна. А дзе зараз ня страшна? Не, не хачу, каб закрывалі. У мяне даўгавы сшытак на тысячу [грывень], бо людзі жывуць ад заробку да заробку, ад авансу да авансу. А вішню прадала, прыйшла, аддала мне ў краме доўг», — расказвае прадавачка Ганна.
Многія з тых, хто ўсё ж рашаецца зьехаць адсюль, селяцца непадалёк — на ўскраінах абласнога цэнтру. Праўда, неспакойна становіцца ўжо і там, расказвае Ганна.
На ўскраінах Запарожжа ўпершыню пачалі ўсталёўваць антыдронавыя сеткі. Мясцовыя ўлады гавораць, што гэта неабходная мера, бо расейскія FPV-дроны пачалі далятаць і сюды.
На мінулым тыдні FPV-дрон атакаваў аўтобус і ў гэтым жа раёне пад удар трапіў легкавік. На шчасьце, тады, акрамя транспарту, ніхто не пацярпеў.