Наступствы расейскага ўдару па Палтаўскай вобласьці 25 чэрвеня 2026 году
У ноч на 25 чэрвеня расейскія войскі выкарысталі супраць Украіны адну ракету і 90 ударных дронаў, зь якіх 83 удалося абясшкодзіць.
Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных войскаў Украіны, ракеты і 6 дронаў пацэлілі па 7 лякацыях.
У Запароскай вобласьці 22 чалавекі атрымалі раненьні
Паводле ўладаў, за апошнія 24 гадзіны ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 49 паселішчаў, уключна з абласным цэнтрам. Два чалавекі загінулі і яшчэ 22 атрымалі раненьні.
Грамадзяне паведамілі ўладам аб пашкоджаньні сваіх жылых дамоў і аўтамабіляў. Ад удараў пацярпелі таксама аб’екты інфраструктуры.
У Сумах у выніку расейскай атакі па аўтазаправачнай станцыі (АЗС) пацярпелі чацьвёра цывільных, двух супрацоўнікаў запраўкі шпіталізавалі з раненьнямі.
Паводле мясцовых уладаў, расейскія войскі мэтанакіравана зьнішчаюць АЗС і аб’екты паліўнай інфраструктуры. Толькі ў чэрвені адбылося 13 такіх атак.
У Палтаўскай вобласьці ад удару дронамі пацярпела прамысловае прадпрыемства. Улады сьцьвярджаюць, што ратаўнікі хутка патушылі пажар. Ніхто не пацярпеў.
Расейскія войскі сыстэматычна атакуюць Палтаўскую вобласьць — адзін з найбольшых індустрыяльных цэнтраў Украіны. Эканоміка вобласьці базуецца на нафтагазавай, горназдабыўной і машынабудаўнічай галінах эканомікі.
Украінскія сілы атакавалі нафтабазу ў Краснадарскім краі
У апэратыўным штабе Краснадарскага краю паведамілі, што ў выніку ўкраінскага ўдару ў ноч на 25 чэрвеня загарэлася нафтабаза ў станіцы Палтаўская Краснадарскага краю.
Улады сьцьвярджаюць, што нафтабаза загарэлася ад падзеньня аскепкаў дрона. Папярэдне, ніхто не пацярпеў. Улады часова перакрылі рух па дарозе з станіцы Палтаўскай да хутару Трудабелікаўскага.
Паводле ўкраінскага маніторынгавага каналу Exilenova+, гараць тры рэзэрвуары.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, Палтаўская нафтабаза — вялікі комплекс для прыёму, захаваньня і рэалізацыі паліва, у тым ліку дызэльнага. Яе парк складаецца з 28 рэзэрвуараў.
Украінскія сілы другі раз атакавалі гэтую нафтабазу. Папярэдняя атака была ў ноч на 16 чэрвеня.
Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб пасьпяховых ударах супрацоўнікаў цэнтру спэцапэрацыяў «Альфа» СБУ па вытворчых магутнасьцях нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў групы «Башнефть» ў горадзе Ўфе (Башкартастан), што знаходзяцца за 1500 кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы Ўкраіны.
У прыватнасьці, украінскія дроны пацэлілі па НПЗ «Башнефть-Новойл» і «Башнефть-Уфанефтехим». Пасьля выбухаў на гэтых аб’ектах пачаліся пажары. Паводле СБУ, гараць устаноўкі АВТ, гэта «сэрца» НПЗ, якое забясьпечвае першасную перапрацоўку нафты.
У СБУ таксама пацьвердзілі пацэльваньне па нафтабазе «Палтаўская» ў Краснадарскім краі Расеі.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум