Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шкода ад расейскага ўдару па Кіева-Пячэрскай лаўры склала звыш 40 млн эўра

Украінскія ратаўнікі на даху Кіева-Пячэрскай лаўры
Украінскія ратаўнікі на даху Кіева-Пячэрскай лаўры

У выпадку стабільнага фінансаваньня скончыць рэстаўрацыю пасьля расейскай атакі ўдасца ў 2027 годзе.

Паводле аўстрыйскай грамадзка-прававой тэлевізіі ORF, шкода ад маштабнага расейскага ўдару па Кіева-Пячэрскай лаўры ацэньваецца ў 40 млн эўра. Пры наяўнасьці стабільнага фінансаваньня аднаўленчыя работы могуць завяршыць ўжо ў 2027 годзе, паведаміў тэлеканал 24 чэрвеня са спасылкай на адказных асобаў ва Ўкраіне.

Сваёю чаргою, генэральны дырэктар украінскага нацыянальнага запаведніка Максім Астапенка зазначыў, што работы не павінны спыняцца ні на дзень.

«Пытаньне культурнай спадчыны і захаваньня нашых сьвятыняў — частка псыхалягічнай вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны», — растлумачыў ён у інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

Цяпер завяршаецца мантаж часовага пакрыцьця над Усьпенскім саборам, які ўваходзіць у комплекс Кіева-Пячэрскай лаўры і асабліва моцна пацярпеў ад абстрэлу, паведамілі аўстрыйскім журналістам у міністэрстве культуры Ўкраіны. Гэты храм зьбіраюцца зноў адкрыць для наведнікаў і вернікаў.

Удар Расеі па Кіева-Пячэрскай лаўры

Кіева-Пячэрская лаўра, разьмешчаная ў гістарычным цэнтры Кіева, уважаецца адным з найважнейшых помнікаў архітэктурнага і манумэнтальнага мастацтва пачатку XI стагодзьдзя і адным з галоўных цэнтраў праваслаўя. З 1990 году яна — аб’ект Сусьветнай спадчыны UNESCO.

У ноч на 15 чэрвеня ў выніку ўдару Расеі, якая працягвае паўнамаштабную вайну супраць Украіны, загарэўся дах Усьпенскага сабору. Прадстаўнікі духавенства і ратаўнікі апэратыўна вынесьлі каштоўныя рэчы, дзякуючы чаму сьвятыню ўдалося захаваць. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейцы мэтанакіравана ўдарылі па раёне Кіева, у якім знаходзіцца манастыр.

«Учыніўшы ўдар па Кіева-Пячэрскай лаўры, адной з найвялікшых сьвятыняў хрысьціянства, Пуцін назаўжды ўпісаў сваё імя ў сьпіс найгоршых барбараў у гісторыі», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга.

На наступны дзень пасьля нападу кіраўніцтва лаўры правяла першую ацэнку шкоды і заявіла, што аднаўленьне можа заняць два гады «пры аптымальным і станоўчым разьвіцьці падзей».

Шкода перавышае 500 млн грыўняў, што ў пераліку складае каля 9,6 млн эўра, паведаміў дырэктар Лаўры. Паводле яго слоў, пашкоджана больш за 80% даху Усьпенскага сабору, але экстраным службам удалося прадухіліць пранікненьне агню ўнутр храма.

Агулам розныя пашкоджаньні атрымалі яшчэ 17 аб’ектаў. Патрэбнае фармаваньне новай канструкцыі даху Ўсьпенскага сабору, аднаўленьне купалоў, правядзеньне пазалотных работаў і аднаўленьне пашкоджаных сыстэмаў, у прыватнасьці электразабесьпячэньня і вэнтыляцыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG