Мінпрацы спрагназавала, колькі будзе «дармаедаў» з новым дэкрэтам

«Марш недармаедаў» у Бабруйску, 12 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Начальнік упраўленьня занятасьці Міністэрства працы Алег Токун назваў у інтэрвію першаму каналу Беларускага радыё прыблізную колькасьць беларусаў, якіх закране дэкрэт №1 — абноўлены «дэкрэт пра дармаедаў».

Алег Токун, архіўнае фота

Паводле Алега Токуна, «дармаедаў» стане амаль удвая меней, чым было вызначана паводле ранейшага дэкрэту №3.

«Калі сыходзіць з балянсу працоўных рэсурсаў Беларусі — на жаль, пакуль у нас ёсьць выніковыя зьвесткі толькі за 2016 год, за 2017 год будуць крыху пазьней — то гэта можа быць прыблізна 250 тысяч чалавек, — казаў Токун. — Мы пра іх чамусьці ня ведаем. То бок афіцыйная статыстыка ня ведае, чым яны займаюцца».

Раней меркавалася, што абноўлены «дэкрэт пра дармаедаў» закране паўмільёна беларусаў (пры фактычным беспрацоўі ў 5,8% насельніцтва — гэта каля 260 тысяч чалавек бяз працы).

Дзе ўладам шукаць «дармаедаў»

Падчас першага збору «падатку на дармаедаў» у 2017 годзе улады «выявілі» каля 470 тысяч беларусаў, якія мусілі сплаціць збор, бо не працавалі цягам 2015 году дастатковую колькасьць дзён (трэба было больш за 183 дні). Але «падатак» сплацілі толькі каля 51,6 тысячы чалавек.

«Краіна дармаедаў»: гісторыі беларусаў

Токун дапусьціў, што «прабелы» ў статыстыцы -- гэта тыя людзі, якія зьехалі за мяжу. Раней СМІ адзначалі, што ў Расеі на 2016 год было каля 300 тысяч працоўных мігрантаў зь Беларусі (агулам у Расеі знаходзілася 711,1 тысячы беларусаў). А збор не сплацілі, хоць мусілі, каля 300-350 тысяч чалавек.

Ілюстрацыйнае фота

Але таксама чыноўнік заявіў, што «прабелы» ў статыстыцы гэта часткова і тыя, хто «знаходзіцца ў ценю»: працуе нелегальна або без афармленьня працоўных стасункаў, або працуе сам на сябе і не рэгіструецца ні як рамесьнік, ні як індывідуальны прадпрымальнік.

Хатнія гаспадыні — «дармаеды» ці не?

Паводле Токуна, пад новы «падатак на дармаедаў» падпадуць тыя, хто «знаходзіцца ў працаздольным узросьце, то бок у самым росквіце сілаў, як кажуць, і год», але не працуе. На яго думку, такія людзі «мусяць нечым займацца ў сваім жыцьці».

Your browser doesn’t support HTML5

Хатняя гаспадыня: калі прызнаюць "дармаедкай", я гатова адседзець суткі.

Да такіх чыноўнік аднёс тых, хто «ня вучыцца, або, напрыклад, не выхоўвае дзяцей». Ці падпадаюць пад «выхоўваць дзяцей» тыя, хто не працуе, бо проста можа і хоча сядзець дома зь ня самымі малымі дзецьмі (напрыклад, у сем’ях, дзе муж зарабляе шмат, а жонка вядзе хантюю гаспадарку, або наадварот), ён адразу не ўлакладніў.

На прамое пытаньне пра хатніх гаспадыняў ён адказаў, што гэта мусіць вызначыць Савет міністраў, які складае закрытую базу «дармаедаў».

«Добры, хай часам і адмоўны досьвед»

У працы з новым дэкрэтам, сьцьвярджае чыноўнік, у аснову будзе пакладзены «ўжо напрацаваны, хай часам і адмоўны досьвед працы, што быў у Міністэрства падатакаў і збораў, калі спавяшчэньні атрымалі тыя, хто ня мусіў бы атрымаць» (а спавяшчэньні на сплату «падатку на дармаедаў» адсылалі ў тым ліку мёртвым).

Толькі на «лісты шчасьця» пайшло 80 тысяч даляраў. Колькі каштаваў «дармаедзкі» дэкрэт

Сьпіс катэгорыяў людзей, якіх закране абноўлены дэкрэт, усё яшчэ ня вызначылі, але, кажа Токун, «напэўна, у аснову будуць пакладзеныя тыя катэгорыі, хто раней быў пазначаны ў дэкрэце №3». А фармаваць сьпісы «дармаедаў» паводле «саўмінаўскіх» крытэраў будуць мясцовыя органы ўлады. Якім чынам тады «дармаедаў» стане амаль удвая меней, ён не ўдакладніў.

«Марш недармаедаў» у Віцебску, 26 лютага 2017 году, архіўнае фота

Але «дармаедаў» Токун прапануе «прыцягваць на рынак працы, даваць у рукі новую прафэсію або прапаноўваць іншыя варыянты занятасьці». На якія прафэсіі будуць перавучваць «дармаедаў», зноў жа не ўдакладняецца.

«Праязны недармаеда» і «праязны дармаеда»

Абноўлены дэкрэт прадугледжвае, што з «дармаедаў» нейім чынам будуць браць поўную плату за паслугі, што дае дзяржава на падаткі насельніцтва, але грашовы збор спаганяць ня будуць. Ды за якія дзяржаўныя паслугі прымусяць плаціць па поўным тарыфе, яшчэ не прыдумалі.

Токун кажа, што перадусім яму «прыходзіць у галаву» аплата па поўных тарыфах камунальных паслугаў. Пры гэтым ужо з пачатку 2018 году беларусы (і «дармаеды», і «недармаеды») мусілі плаціць 100% сабекошту ўсіх камунальных паслугаў акрамя ацяпленьня (або, паводле іншых падлікаў, выйсьці на 85% аплаты сабекошту ўсіх камунальных паслугаў да канца 2018 году). Тым часам Мінпрацы і Мінздароўя завочна спрачаюцца пра «100% аплаты камуналкі».

Затым чыноўнік згадвае пра мэдычныя паслугі, але кажа, што зь імі ён «быў бы вельмі асьцярожны», бо Канстытуцыя ганартуе кожнаму грамадзяніну (і нават замежніку на тэрыторыі краіны) бясплатную мэдычную дапамогу. Пра тое, што ў папярэднім дэкрэце №3 углядалі парушэньні Канстытуцыі, ён не згадаў.

Ілюстрацыйнае фота

Раней міністарка працы Ірына Касьцевіч заяўляла, што з «дармаедаў» будуць браць поўную аплату транспартных паслугаў, але не ўдакладніла, як будуць тады браць «субсыдыяваную» аплату праезду зь «недармаедаў». На пытаньне, ці будуць асобныя праязныя дакумэнты для «дармаедаў» і асобныя для «недармаедаў», Свабодзе ў Мінпрацы не змаглі адказаць. Токун у перадачы на дзяржаўным радыё ня згадваў пра ідэю з поўнай аплатай транспарту «дармаедамі».