Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзе 300–350 тысяч судоў? «Дармаедам», якія не сплацілі збор, пагражае па 15 сутак


Апошнім днём, калі так званыя «дармаеды» маглі сплаціць збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў, было 20 лютага. Паводле зьвестак Міністэрства падаткаў і збораў, збор сплацілі каля 51 600 беларусаў. Пры гэтым спавяшчэньняў пра неабходнасьць сплаціць «падатак на дармаедаў» было разаслана каля 470 000.

Падаткоўцы адзначаюць, што «калі грамадзянін атрымае паведамленьне пасьля 20 лютага, то можа выплаціць збор на працягу 30 каляндарных дзён». Мабыць, «лісты шчасьця» дайшлі яшчэ не да ўсіх «дармаедаў», але колькі яшчэ не дайшло — ня кажуць.

Тым часам становяцца вядомымі некаторыя лічбы па асобных абласьцях.

Так, у Гарадзенскай вобласьці з 58 тысяч «патэнцыйных дармаедаў» на 17 лютага збор сплацілі каля 4,5 тысячы чалавек (7,7%), а яшчэ 14,6 тысячы зьвярталіся ў падатковыя органы па пытаньнях «падатку на дармаедаў» (25%), зь іх каля 11,8 тысячы былі вызваленыя ад сплаты (20%). У Віцебскай вобласьці на 17 лютага з 61,4 тысячы грамадзян, якім накіравалі «лісты шчасьця», збор сплацілі каля 5 тысяч чалавек (8,1%), зьвярнуліся да падаткоўцаў 13,4 тысячы (амаль 22%), вызваленыя ад збору каля 10,3 тысячы (16,8%).

Такім чынам, можна чакаць, што з 470 тысяч беларускіх «патэнцыйных дармаедаў» ад збору могуць быць вызваленыя каля 15–25%, яшчэ 10,97% ужо сплацілі збор. Астатнія ж — а гэта 300–350 тысяч — калі атрымаюць «ліст шчасьця» пасьля 20 лютага, маюць яшчэ 30 дзён на сплату.

Калі ж яны ня сплацяць «падатак на дармаедаў» або сплацяць яго несвоечасова, ім пагражае суд, які можа даць штраф у 2–4 базавыя велічыні або арыштаваць на тэрмін да 15 сутак. Прычым у час арышту чалавек можа прыцягвацца да прымусовай працы.

Падатак на дармаедаў: выклік улады і адказ грамадзтва

Пасьля масавых «Маршаў недармаедаў», якія прайшлі па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, дзяржаўныя беларускія тэлеканалы пераконвалі, што «падатак на дармаедаў» бярэцца «не зь беспрацоўных, а зь вельмі працаздольных, актыўных, пасьпяховых людзей».

Свабода ж сабрала 20 гісторый, зьвязаных зь беларускімі «дармаедамі»: некаторыя нават кажуць, што гатовыя адседзець 15 сутак, бо ня хочуць ці ня могуць сплаціць 360 рублёў падатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG