Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінкульце ня ведаюць, хто зрабіў «дармаедамі» сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў


Саюз беларускіх пісьменьнікаў і беларускі ПЭН-цэнтар ня трапілі ў пералік 13 творчых саюзаў (падрыхтаваны і зацьверджаны Міністэрствам культуры), сябры якіх вызваляюцца ад сплаты так званага падатку на дармаедзтва. Хто канкрэтна адказны за такое рашэньне, высьветліць не ўдалося.

Памочнік міністра культуры Аляксандар Карачун аказаўся не гатовы адказаць на гэтае пытаньне і перанакіраваў да экспэртаў, якія курыруюць дзейнасьць творчых саюзаў.

Фармальна пісьменьніцкімі справамі займаецца ўпраўленьне ўстановаў культуры і народнай творчасьці. Намесьнік начальніка Алег Скарына ўдакладніў, што арганізацыі не абавязаныя трымаць справаздачу перад Мінкультам, таму ўнутраная кухня яму невядомая. Сам ён ня ў курсе, хто дзеліць творцаў на «дармаедаў» і вызваленых ад збору, але нібыта такі абавязак ускладзены на ўпраўленьне мастацтваў.

Начальніца аддзелу гэтага ўпраўленьня Іна Адамовіч таксама не змагла патлумачыць, на якім этапе са сьпісу 13-ці зьніклі незалежныя пісьменьніцкія арганізацыі, пры тым, што там па-ранейшаму значыцца Саюз пісьменьнікаў Беларусі на чале зь Мікалаем Чаргінцом:

«Мы курыруем асобныя грамадзкія аб’яднаньні, якія ўваходзяць у кампэтэнцыю дзейнасьці ўпраўленьня мастацтваў. Адносна названых саюзаў, на жаль, нічога пракамэнтаваць не магу. Тым больш пра тое, чаму яны не ўвайшлі ў сьпіс і, як вынік, ня вызваленыя ад сплаты збору. Але ёсьць канфэдэрацыя творчых саюзаў, магчыма, нейкай інфармацыяй валодаюць там».

Старшыня Канфэдэрацыі творчых саюзаў — генэральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў спаслаўся на празьмерную занятасьць і ня стаў агучваць уласную вэрсію, на якой падставе сьпіс быў адкарэктаваны.

Пастанова Міністэрства культуры аб вызначэньні пераліку творчых саюзаў набыла моц 17 лютага, літаральна за тры дні да таго моманту, як усе, хто не даказаў сваё права на вызваленьне ад сплаты падатковага збору, мусілі сплаціць «падатак на дармаедзтва» за 2015 год. Дагэтуль сябры ўсіх творчых саюзаў былі вызваленыя ад падатку, у тым ліку і сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Патрэба аплаціць падатак на дармаедзтва можа настаць для іх у 2018 годзе. СБП — адна з найстарэйшых творчых арганізацыяў у Беларусі, ён быў заснаваны ў сярэдзіне 1930-х гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG