Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць «праязны дармаеда» і «праязны недармаеда», у Мінпрацы ня кажуць


Ілюстрацыйнае фота

Якім будзе мэханізм зьбіраньня з дармаедаў дадатковай платы за транспарт ды іншыя сацыяльныя паслугі, што прадугледжана дэкрэтам №1 Аляксандра Лукашэнкі?

Пра гэта карэспандэнт Свабоды запытаўся ў прэсавай сакратаркі Міністэрства працы Беларусі Вольгі Шцін.

«Пералік паслуг і парадак іх аплаты будзе вызначаны ў адпаведнасьці з тэрмінамі, прадугледжанымі дэкрэтам», — адказала Шцін.

Міністарка працы Ірына Касьцевіч заявіла ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» 28 студзеня пра другую частку дэкрэту №1:

«Для тых, хто знаходзіцца ў працаздольным узросьце і ня хоча працаваць, ня лічыць патрэбным, [прадугледжана] поўная кампэнсацыя затрат тых паслуг, якія льгатуе дзяржава. Гэта і транспарт, і адукацыя, ахова здароўя, паслугі ЖКГ».

Свабода пацікавілася ў прадстаўніцы Мінпрацы, ці азначае гэта, што мэханізм спагнаньня такой кампэнсацыі ўжо распрацаваны?

«Які гэта мэханізм, мы не камэнтуем. Вядома, ён будзе распрацаваны ў тэрмін, прадугледжаны дэкрэтам №1», — заявіла Шцін.

Паводле дэкрэту №1, пералік паслуг, кампэнсацыі якіх запатрабуюць ад дармаедаў, мае быць вызначаны да 1 красавіка 2018 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG