Расея выйшла з Эўрапейскай канвэнцыі аб перадухіленьні катаваньняў. Беларусь да яе і не далучалася

Ілюстрацыйнае фота

Расея была ўдзельніцай Канвэнцыі з 1998 году. За гэты пэрыяд Эўрапейскі камітэт у перадухіленьні катаваньняў (ЕКПК) нанёс 30 візытаў у краіну, наведаўшы больш за 450 месцаў пазбаўленьня волі.

Расея афіцыйна выйшла з Эўрапейскай канвэнцыі аб перадухіленьні катаваньняў і бесчалавечнага або прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня ці пакараньня. Рашэньне ўступіла ў сілу 1 лістапада. Як паведамілі Ўкраінскай службе Радыё Свабода ў прэс-службе Рады Эўропы, гэта азначае спыненьне незалежнага маніторынгу расейскіх месцаў зьняволеньня адпаведным камітэтам Рады Эўропы.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб дэнансацыі Эўрапейскай канвэнцыі аб перадухіленьні катаваньняў. Згодна з палажэньнямі Канвэнцыі, выхад зь яе набывае моц праз год пасьля афіцыйнага паведамленьня.

Расея была адзінай дзяржавай-удзельніцай Канвэнцыі, якая сыстэматычна адмаўлялася дазваляць публікацыю дакладаў аб выніках інспэкцыяў. З 30 візытаў расейскія ўлады дазволілі апублікаваць справаздачы толькі аб чатырох.

Сярод дакумэнтаў, якія застаюцца закрытымі, — справаздачы аб дзесяці візытах у Чачэнію і на Паўночны Каўказ у пэрыяд з 2000 па 2017 год.

У Радзе Эўропы таксама паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Камітэт атрымаў шматлікія паведамленьні пра меркаваныя катаваньні і жорсткае абыходжаньне з боку расейскіх службовых асобаў у месцах утрыманьня пад вартай — ня толькі на акупаваных тэрыторыях Украіны, але і ў самой Расеі. Аднак праз адмову расейскіх уладаў ад супрацы прадстаўнікі Камітэту не змаглі наведаць Расею, каб незалежна праверыць гэтыя зьвесткі.

«Гэты брак супрацы рэзка кантрастуе з пазыцыяй украінскіх уладаў, якія працягваюць дазваляць прадстаўнікам Камітэту наведваць якія-хаця месцы пазбаўленьня волі на сваёй тэрыторыі ў які-хаця час на выбар Камітэту. Акрамя таго, Украіна спрыяе празрыстасьці, бо забясьпечвае пастаянную аўтаматычную публікацыю дакладаў Камітэту, — заявілі ў Радзе Эўропы.

«Выхад Расейскай Фэдэрацыі азначае завяршэньне мандату Камітэту маніторынгу сытуацыі ў гэтай краіне. Гэта таксама азначае спыненьне ўсякага незалежнага маніторынгу месцаў пазбаўленьня волі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Алан Мітчэл, прэзыдэнт Эўрапейскага камітэту ў перадухіленьні катаваньняў.

Ён падкрэсьліў, што незалежны маніторынг месцаў утрыманьня пад вартай — адна з фундамэнтальных гарантыяў абароны ад катаваньняў і жорсткага абыходжаньня.

Эўрапейскі камітэт у перадухіленьні катаваньняў працягне працу ў 46 дзяржавах — сябрах Рады Эўропы. Расея абвясьціла пра выхад з Рады Эўропы 15 сакавіка 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. У верасьні таго ж году яна перастала быць удзельніцай Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Пры гэтым яе ўдзел у Канвэнцыі аб перадухіленьні катаваньняў захоўваўся ў сіле да 1 лістапада 2026 году.

Беларусь канвэнцыю не падпісала

Беларусь не падпісала і не ратыфікавала Эўрапейскую канвэнцыю аб перадухіленьні катаваньняў і бесчалавечнага ці прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня або пакараньня.

Пры гэтым праваабаронцы заяўляюць пра маштабныя катаваньні ў беларускіх турмах.

Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы. Яна застаецца адзінай краінай у геаграфічнай Эўропе (акрамя Расеі, якую выключылі ў 2022 годзе), якая не ўваходзіць у гэтую арганізацыю.

Эўрапейская канвэнцыя супраць катаваньняў прызначаная ў першую чаргу для дзяржаваў — удзельніц Рады Эўропы, хоць тэарэтычна Камітэт міністраў можа запрасіць далучыцца і краіну, якая ня ёсьць сябрам арганізацыі (прыкладам, у 2014 годзе Беларусь падпісала іншы дакумэнт — Канвэнцыю Рады Эўропы аб супрацьдзеяньні гандлю людзьмі).

Аднак праз агульную сытуацыю з правамі чалавека, наяўнасьць сьмяротнага пакараньня і замарожваньне афіцыйных адносінаў, ніякіх крокаў у гэтым кірунку не рабілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Архіпэляг БЕЛАГ-2»: падкаст-сэрыял пра чорныя старонкі найноўшай гісторыі Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экспэрты ААН выступілі з дакладам, як улады Беларусі прымушаюць змоўкнуць крытыкаў Лукашэнкі