Як паведамляе Reuters, у справаздачы, якая будзе прадстаўлена Радзе ААН па правах чалавека, адзначаецца «ўзгодненая праца судоў, міліцыі пракуратуры з 2020 году, каб перасьледаваць крытыкаў ураду Аляксандра Лукашэнкі «на ўсіх этапах працы сыстэмы правасудзьдзя, у тым ліку праз прысуды, турэмнае зьняволеньне і нагляд», — заявілі 15 верасьня экспэрты ААН.
У справаздачы, якая будзе прадстаўлена Радзе ААН па правах чалавека, незалежныя экспэрты адзначылі, што суды, міліцыя, спэцслужбы, пракуратура і турэмная адміністрацыя дзейнічалі скаардынавана, каб прымусіць змоўкнуць рэальных або яўных апанэнтаў улады.
Прадстаўніцтва Беларусі пры органах ААН у Жэнэве не адказала Reuters на просьбу аб камэнтары. Беларусь раней адхіліла крытыку ААН і не супрацоўнічала з экспэртамі, якія заявілі, што іх запыты на наведваньне краіны і ўзаемадзеяньне з уладамі засталіся без адказу.
Экспэрты зазначылі, што выявілі «сыстэмныя» парушэньні міжнародных абавязацельстваў у сфэры правоў чалавека — ад моманту арышту людзей, праз утрыманьне пад вартай і вынясеньне прысуду да нагляду пасьля вызваленьня. Яны казалі катаваньні, адмову прававых гарантый, закрытыя судовыя працэсы і працяглы перасьлед зьняволеных.
«Характар парушэньняў, апісаных у гэтым дакумэнце, захоўваецца і па сёньняшні дзень», — гаворыцца ў справаздачы. Таксама адзначаецца, што судовая ўлада «адыграла вырашальную ролю ў падтрыманьні гэтай сыстэмы, легітымізуючы злоўжываньні і пазбаўляючы пацярпелых доступу да эфэктыўных сродкаў прававой абароны».
Экспэрты заявілі, што Беларусь нясе адказнасьць за парушэньне шэрагу міжнародных пагадненьняў, і пацьвердзілі ранейшыя высновы аб тым, што некаторыя дзеяньні, учыненыя пасьля траўня 2020 года, «могуць кваліфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасьці».
Даклад быў падрыхтаваны Групай незалежных экспэртаў ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая складаецца з трох чалавек. Яны дзейнічаюць у асабістай якасьці, а не як прадстаўнікі ўрадаў ці Сакратарыяту ААН, паведаміў Reuters.
Чаму гэта важна?
- Групу незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварыла Рада ў правах чалавека ААН 4 красавіка 2024 году для расьсьледаваньня парушэньняў і ўшчамленьняў правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 траўня 2020 году.
- Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 года. У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўнівэрсытэта Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).
- Прадстаўнік МЗС Беларусі на сэсіі Рады ААН у правах чалавека выступаў супраць спэцыяльных дакладчыкаў і незалежных экспэртаў па Беларусі.
- Іх не дапускаюць на тэрыторыю краіны як і спэцыяльнага спавяшчальніка аб правах чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса.
- Мандат незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі некалькі разоў працягвалі.
- Экспэрты ААН сярод іншага выказалі сур’ёзную занепакоенасьць у сувязі з адвольным прызнаньнем несапраўднымі пашпартоў васьмі былых беларускіх палітычных зьняволеных, прымусова выправаджаных зь Беларусі пасьля вызваленьня зь месцаў пазбаўленьня волі. Экспэрты лічаць, што гэтыя захады могуць станавіць сабой форму працяглых транснацыянальных рэпрэсіяў.