«Рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі за межы перасьледу палітычных актывістаў і цяпер уключаюць сыстэматычную перабудову культурнай прасторы, сыстэмы адукацыі, выкарыстаньня мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасьць, а таксама моўная прыналежнасьць усё часьцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазыцыі», — адзначаецца ў апублікаваным дакладзе.
Гэты дакумэнт будуць разглядаць на 62-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН, якая будзе праходзіць з 15 чэрвеня па 10 ліпеня.
У дакладзе адзначаецца, што дзяржаўная палітыка прывяла да таго, што адна з дзьвюх дзяржаўных моваў — беларуская — апынулася ў становішчы маргіналізаванай, а яе захаваньне, выкарыстаньне і папулярызацыя цярпяць ад палітызацыі.
Спэцыяльны спавяшчальнік выказаў глыбокую заклапочанасьць у сувязі з тым, што ўлады праводзяць палітыку сыстэматычных рэпрэсіяў супраць дзеячоў культуры і прызнаюць незалежныя культурныя ініцыятывы «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У дакумэнце адзначаецца, што перасьлед грамадзян за выкарыстаньне гістарычных нацыянальных сымбаляў, такіх, як бел-чырвона-белы сьцяг або герб «Пагоня», а таксама спробы перафарматаваньня гістарычнай памяці ёсьць часткаю шырэйшай палітыкі, накіраванай на кантроль за праявамі культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці.
У дакумэнце згадваюцца затрыманьні журналістаў незалежных СМІ, перасьлед прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, у прыватнасьці, польскай і літоўскай, узмацненьне ціску на рэлігійныя грамады на падставе заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, абмежаваньні іх рэгістрацыі, а таксама пагрозы закрыцьця.
Спэцыяльны спавяшчальнік ААН рэкамэндуе ўраду Беларусі адмовіцца ад гэтай практыкі і спыніць неправамернае выкарыстаньне заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму для абмежаваньня свабоды рэлігіі ці перакананьняў, а таксама правоў на ўдзел у культурным жыцьці і на свабоду выказваньня думак.
Сярод іншых рэкамэндацыяў:
- выканаць міжнародныя стандарты ў галіне акадэмічнай свабоды,
- гарантаваць абарону на ўдзел у грамадзкім жыцьці і адукацыі на беларускай мове без дыскрымінацыі,
- стварыць умовы для бясьпечнага культурнага і навуковага абмену і спыніць практыку, якая абмяжоўвае мабільнасьць і трансмежавую культурную дзейнасьць,
- забясьпечыць доступ да кніг і гістарычных матэрыялаў, у тым ліку на беларускай мове,
- гарантаваць культурныя і рэлігійныя правы зьняволеных, у тым ліку на выкарыстаньне беларускай мовы і іншыя.
Што папярэднічала
Групу незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварыла Рада ў правах чалавека ААН 4 красавіка 2024 году для расьсьледаваньня парушэньняў і ўшчамленьняў правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 траўня 2020 году.
Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 году. У яе ўвайшлі дырэктарка Міжнароднага праекту ў правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыстка-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).
Сярод экспэртаў ААН дакумэнт падпісалі таксама спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, спэцыяльны спавяшчальнік аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар і іншыя.
Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН выступіла з крытыкай дзейнасьці і рашэньняў Рады правоў чалавека ААН і назвала яе «рэпрэсіўным органам».
«Падабраныя сюжэты аб краінах — толькі адзін з элемэнтаў практыкі „інструмэнталізацыі правоў чалавека ў палітычных мэтах“, якая падрывае давер да рады і яе рашэньняў. Мы назіраем парадаксальную карціну таго, як рада, нібыта змагаючыся з рэпрэсіямі ў асобных краінах, сама ператвараецца ў рэпрэсіўны орган», — працытавала заяву дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Беларусь заўсёды была нацэленая на ўдасканаленьне сытуацыі з правамі чалавека. [...] Аднак мы ніколі не пагодзімся з падыходамі, якія нам навязваюць праз раду, якія прадугледжваюць прымус і ціск, умяшаньне ўва ўнутраныя справы і якія прыводзяць да дэградацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту», — адзначаецца ў заяве. Дыпляматы МЗС Беларусі назвалі рэкамэндацыі Рады ААН «цкаваньнем дзяржаваў паводле палітычнай прыкметы».
Форум