Галоўнай тэмай публічнай дыскусіі 5 верасьня ў Амстэрдаме стала працяглая барацьба за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Алесь Бяляцкі распавёў пра сытуацыю ў краіне, будучыню беларускага грамадзтва, уласны досьвед праваабарончай дзейнасьці і палітычнага зьняволеньня, паведаміла «Вясна».
Сам Бяляцкі дзесяцігодзьдзямі займаўся абаронай правоў чалавека ў Беларусі. Ён заснаваў праваабарончы цэнтар «Вясна», які больш за 30 год дапамагае ахвярам палітычных рэпрэсій і фіксаваў парушэньні правоў чалавека. За сваю праваабарончую дзейнасьць Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру разам з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял» і ўкраінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года, якія суправаджаліся масавымі пратэстамі і жорсткімі рэпрэсіямі з боку беларускіх уладаў, Бяляцкага затрымалі і асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы, яму прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля больш чым чатырох гадоў зьняволеньня праваабаронцу вызвалілі ў 2025 годзе ў рамках маштабнага вызваленьня палітвязьняў.
«Калі я вярнуўся на волю пасьля пяці гадоў ізаляцыі ў канцы 2025 году, я ўбачыў сьвет, які зьмяніўся. Я вырашыў выкарыстоўваць маральны капітал Нобэлеўскай прэміі міру, якую атрымаў у зьняволеньні, досьвед працы віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH), сяброўства ў PEN International і сетку, створаную за дзесяцігодзьдзі барацьбы супраць дыктатуры, палітычных рэпрэсій і каляніяльнага панаваньня, каб дзейнічаць на рэгіянальным і міжнародным узроўні. Вядома, маё становішча асаблівае, мой голас зараз стаў больш чутны, дзякуючы гэтай высокай узнагародзе. Але мая праца ў сутнасьці не зьмянілася, я раблю тое, што рабіў заўсёды», — распавёў сярод іншага Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі заявіў, што далучыўся да кампаніі «Людзі перш за ўсё — People First», якую запусьцілі дзьве арганізацыі з Украіны і Расеі, якія таксама атрымалі Нобэлеўскую прэмію ў 2022 годзе.
«Вы можаце ўявіць, наколькі складана арганізацыям зь дзьвюх краін, падзеленых жорсткай і ўсё больш крывавай вайной, працаваць разам. Але яны зрабілі гэта, таму што іх барацьба ўнівэрсальная. Іх патрабаваньні простыя: людзі перш за ўсё. Галоўным прыярытэтам любых дамоўленасьцяў, дасягнутых у выніку перамоваў, павінна быць вызваленьне ўсіх зьняволеных, зьвязаных з расейскай агрэсіяй супраць Украіны».
Бяляцкі заявіў, што хацеў дадаць яшчэ адну групу людзей, якая да гэтага заставалася па-за фокусам кампаніі:
«З першых дзён поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіны беларусы выходзілі на вуліцы, каб пратэставаць. Арышты, прастрэленыя калені, жорсткія катаваньні і зьбіцьцё, невыносныя ўмовы ўтрыманьня, працяглыя тэрміны — вось што перажылі сотні людзей у Беларусі за свой супраціў агрэсіі Расіі супраць Украіны».
Па дадзеных «Вясны», крымінальныя справы былі заведзеныя як мінімум супраць 403 чалавек за салідарнасьць з Украінай. Беларусаў перасьледуюць за «дзяржаўную здраду», «шпіянаж», «агенцкую дзейнасьць» на карысьць Украіны, за намер ваяваць на баку Ўкраіны, за фінансавую падтрымку беларускіх добраахвотнікаў і УСУ, а таксама за сабатаж на чыгунцы, нагадаў Бяляцкі:
«За апошні год рэжым Лукашэнкі масава перасьледаваў людзей па справе „Гаюна“. Да 2026 году праваабаронцы валодаюць пацьверджанымі зьвесткамі пра больш чым пра 160 фігурантаў справы, а агульны лік можа дасягаць 1500. Судовыя працэсы працягваюцца».
Бяляцкі заклікаў сярод іншага супрацьстаяць транснацыянальным рэпрэсіям, прасоўваць інавацыйныя мадэлі глябальнай адказнасьці, салідарнасьці і абароны, бо старых інструмэнтаў больш недастаткова.
«Мы павінны інвэставаць у моладзевае лідэрства, даваць маладым лідэрам сеткі і навыкі, неабходныя для дзеяньняў ва ўсё больш складаных умовах — яны ніколі яшчэ не перажывалі такіх часоў. А мы перажывалі. І нарэшце, мы павінны падтрымліваць Украіну, якая змагаецца за ўсіх нас, і падтрымліваць свабодную і сувэрэнную Беларусь — краіну ў сэрцы Эўропы, фактычна акупаваную Расеяй, якую выкарыстоўваюць супраць Украіны і Эўропы як гібрыдную зброю. І ня толькі гібрыдную — Пуцін разьмясьціў сваю ядзерную зброю ў Беларусі, ля мяжы Эўропы. Але беларусы не жадаюць ні гэтай вайны, ні гэтага рэжыму. Яны выразна паказалі гэта ў 2020 годзе.
Я быў у турме, калі пачалася поўнамаштабная вайна. Рэжым Лукашэнкі быў і застаецца часткай гэтай злачыннай агрэсіі з самага пачатку, і яго адказнасьць відавочная. Лукашэнка і Пуцін не рызыкнулі адправіць беларускія войскі ва Украіну толькі таму, што беларускі народ катэгарычна супраць гэтай вайны. Я бачыў гэта нават у турме.
Гэтая барацьба — за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі — частка глябальнай барацьбы за чалавечую годнасьць. Але беларусы плацяць за яе цяжкую цану — проста цяпер».
Пасьля выступу Алеся Бяляцкага перад аўдыторыяй выступіла філёзаф Вольга Шпарага. Яна гаварыла пра ролю фэмінісцкай салідарнасьці, культуры клопату і мастацкага супраціву ў беларускім дэмакратычным руху. У цэнтры яе выступу была тэма таго, як салідарнасьць і ўзаемная падтрымка дапамагаюць грамадзтву супрацьстаяць рэпрэсіям і захоўваць здольнасьць да супраціву.
Арганізатары разглядалі імпрэзу як акт салідарнасьці зь беларусамі, якія працягваюць змагацца за свабоду і дэмакратычныя перамены.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).