У сваім артыкуле Анаіс Марэн напісала, што да яе часта зьвяртаюцца грамадзяне Беларусі і просяць паўплываць на ўлады Польшчы, якія апошнімі месяцамі рэзка павялічылі колькасьць адмоваў беларусам у наданьні прытулку.
Марэн мяркуе, што высланьне беларусаў, якія зьвяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы, у іх краіну зрабіла б Польшчу саўдзельніцай сур’ёзных парушэньняў міжнароднага і эўрапейскага права ў гэтай галіне. Яна засьцерагла афіцыйную Варшаву ад падобных крокаў, нагадаўшы, што такіх людзей на іхнай радзіме могуць чакаць вялікія тэрміны зьняволеньня і катаваньні:
«Беларусам, якія жывуць у Польшчы ўжо некалькі гадоў і якім адмаўляюць у падаўжэньні дазволу на жыхарства або міжнароднай абароны, кажуць, што ім „трэба было раней падаць заяву на прытулак“, што яны „нязначныя апазыцыянэры“ або „ня вельмі актыўныя“.
Некаторыя з прыведзеных апраўданьняў — напрыклад, сьцьвярджэньне, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася (выбары адбыліся ў 2025 годзе, былі вызваленыя палітычныя зьняволеныя) — можна растлумачыць толькі невуцтвам або цынізмам», — піша Анаіс Марэн.
У Беларусі працягваецца праца КДБ супраць грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах або крытыкавалі ўлады, пасьля сэрый вызваленьняў палітычных вязьняў у краіне працягваюцца затрыманьні, арышты і палітычныя суды.
Таксама яна адзначыла, што беларусы, вымушаныя пакінуць краіну, адчуваюць сябе паміж молатам і кавадлам. Краіны, якія іх прымаюць, пачалі ставіцца да іх больш падазрона — і вінаватыя ў гэтым гібрыдныя атакі палітычнага рэжыму ў Беларусі. Выкарыстаньне гэтым рэжымам мігрантаў з трэціх краін з 2021 году абвастрыла антыіміграцыйныя настроі. Гэта адчуваюць на сабе і беларусы ў Польшчы.
Марэн падала статыстыку, паводле якой у першай палове 2026 году ўлады Польшчы часьцей адмаўлялі беларусам у прытулку, чым давалі яго.
«Як і ў іншых частках Эўропы ў гады выбараў, ультраправыя ідэі набіраюць абароты, і нават добра інтэграваныя імігранты, такія як беларусы, якія робяць значны ўнёсак у польскую эканоміку, цяпер робяцца ахвярамі такіх падыходаў».
Форум