Польшча рэзка зьнізіла выдачу пастановаў пра міжнародную абарону беларусам, сьведчыць аналіз статыстыкі Ўправы ў справах замежнікаў, піша «Мост».
У чэрвені польскія органы вынесьлі 21 рашэньне аб наданьні беларусам статусу ўцекача і яшчэ 4 — пра дадатковую абарону. Пры гэтым адмоўных рашэньняў 52, а разгляд яшчэ 13 спраў прыпынілі.
Такім чынам, у чэрвені доля адмоў у агульным ліку разгледжаных спраў дасягнула 57,8%, чаго не было раней. Для параўнаньня: у студзені-траўні 2026 году доля адмоваў складала толькі 4,4%, у 2025 годзе іх было 5,5%, а ў 2024-м — 5,4%.
Становішча стала рэзка мяняцца яшчэ ў траўні. Калі за першыя чатыры месяцы 2026 году беларусам адмовілі ў выдачы абароны толькі ў 14 справах, то ўжо ў траўні было 17 такіх рашэньняў.
Чаму мог адбыцца паварот у стаўленьні да беларусаў?
Як раней заўважылі беларускія журналісты, Управа ў справах замежнікаў зьмяніла падыход да ацэнкі становішча ў Беларусі. У прыватнасьці, у адной з пастановаў гаварылася, што тэрмін даўніны ў «пратэставым» 342-м артыкуле ўжо скончыўся, а за студзень–люты 2026 году, паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», не зафіксавана выпадкаў асуджэньня асобаў за ўдзел у пратэстах.
Акрамя таго, Управа ў справах замежнікаў адзначала, што з чэрвеня 2024 году па пачатак красавіка 2026 году Лукашэнка падпісаў шэсьць указаў аб памілаваньні, на падставе якіх былі вызваленыя як мінімум 227 палітвязьняў. А ў 2025 годзе на волю выйшлі мінімум 360 палітвязьняў — «у прыватнасьці, дзякуючы дыпляматычным намаганьням трэціх дзяржаў, у тым ліку ЗША».
Беларусу, справу якога падалі як прыклад зьмены працы польскай установы, ведамства адмовіла ў міжнароднай абароне, бо палічыла, што ён не выконваў у пратэстах значнае ролі, якая магла б прыцягнуць да яго павышаную ўвагу з боку ўладаў. Дадаткова ў рашэньні падкрэсьлівалі, што яго раней не затрылівалі за пратэсты, не арыштоўвалі і не судзілі, а пакінуў Беларусь ён толькі ў сьнежні 2022 году, пасьля 2020 году не займаўся дзейнасьцю, якую ўлады маглі б аднесьці да апазыцыйнай ці экстрэмісцкай.
Што гэта значыць і што рабіць?
У час нядаўняй сустрэчы прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі з кіраўніком Управы ў справах замежнікаў Томашам Цытрыновічам удзельнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што заканчэньне тэрмінаў даўніны не паляпшае прававога становішча беларусаў, а, наадварот, пагаршае яго. У беларускай сытуацыі заканчэньне тэрмінаў даўніны зусім не азначае спыненьня крымінальнага пераследу: сілавікі толькі перакваліфікуюць такія выпадкі на больш цяжкія артыкулы, што прадугледжваюць больш працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі.
14 ліпеня намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка перадаў кіраўніку бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі польскага прэзыдэнта Марціну Пшыдачу сьвежыя зьвесткі пра апошнія рэпрэсіі ў Беларусі, паказваючы на тое, што перасьлед грамадзянаў за іхныя палітычныя погляды зусім не спыніўся і нават ня зьменшыўся. Латушка таксама «перадаў польскаму боку інфармацыю аб дзеяньнях рэжыму Лукашэнкі, зьвязаных з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны».
Таксама Цытрыновіча прасілі ўлічваць тое, што перасьлед іншадумства ў рознай форме трывае ў Беларусі ад самага прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, а ў апошнія шэсьць гадоў такі перасьлед ідзе няспынна і ўжо пацягнуў вымушаную эміграцыю, у тым ліку ў Польшчу, тысяч беларусаў.
Форум