У Беларусі гэтая тэма мае два вымярэньні: выкраданьні палітычных апанэнтаў на мяжы 1990–2000-х гадоў і сучасная практыка поўнай ізаляцыі палітвязьняў — рэжым інкамунікада, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».
Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі
У 2004 годзе кіпрскі юрыст і дэпутат Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс падрыхтаваў даклад «Зьніклыя асобы ў Беларусі» — дэталёвае расьсьледаваньне выкраданьняў чатырох апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах. Ён расьсьледаваў справы:
- Юрыя Захаранкі — былога міністра ўнутраных спраў Беларусі,
- Віктара Ганчара — былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету,
- Анатоля Красоўскага — бізнэсоўца і блізкага сябра Ганчара,
- Дьзмітрыя Завадскага — журналіста ГРТ.
Пургурыдэс прыйшоў да высновы, што гэта былі не «крымінальныя разборкі», а сплянаваныя спэцапэрацыі па ўхіленьні палітычных апанэнтаў.
«Пургурыдэс прыйшоў да высновы, што ёсьць шэраг высокапастаўленых асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да гэтых зьнікненьняў, вызначаных як менавіта палітычна матываваныя. Гэта зьнікненьні, зьдзейсьненыя дзяржаўнымі спэцслужбамі для ліквідацыі апанэнтаў улады», — узгадвае праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.
Даклад стаў падставай для санкцый ЭЗ супраць:
- Уладзіміра Навумава — былога міністра ўнутраных спраў,
- Дзьмітрыя Паўлючэнкі — былога камандзіра Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня,
- Віктара Шэймана — былога генэральнага пракурора і кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта,
- і іншых асоб.
Целы зьніклых да гэтага часу ня знойдзены. Вінаватыя да адказнасьці не прыцягнутыя.
«Мы заўсёды расцэньвалі гэтыя факты як найгоршыя, самыя жорсткія віды парушэньняў правоў чалавека ў краіне. Ёсьць падазрэньні, што яны былі спалучаныя з пазасудовымі пакараньнямі сьмерцю. Гэта ўтварае склад злачынства супраць чалавечнасьці, па якім няма тэрміну даўніны», — падкрэсьлівае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч нагадвае: доказная база да сёньня захавалася — рапарт генэрала Лапаціка (намесьніка міністра ўнутраных спраў), які ўказваў на Паўлючэнку, пастанова КДБ аб яго затрыманьні «па падазрэньні ў арганізацыі зьнікненьняў», сьведчаньні Алкаева (былога начальніка мінскага СІЗА), які паказаў, што выдаваў расстрэльны пісталет у даты, якія супадаюць са зьнікненьнямі. У верасьні 2026 году ў Швайцарыі ў межах працэдуры ўнівэрсальнай юрысдыкцыі адбудзецца апэляцыя ў справе Гараўскага — былога супрацоўніка беларускіх сілавых структур, які асабіста прызнаўся ва ўдзеле ў выкраданьні Захаранкі.
Рэжым інкамунікада пасьля 2020 году
Другое вымярэньне — масавае ўжываньне рэжыму інкамунікада ў дачыненьні да палітвязьняў пасьля 2020 году. Да верасьнёўскай сэсіі Рады ААН у правах чалавека выйшаў даклад Працоўнай групы ААН, у якім сказана: «Працяглае ўтрыманьне пад вартай бяз сувязі са зьнешнім сьветам можа быць раўнасільнае гвалтоўнаму зьнікненьню». Сэсія адбудзецца 7 верасьня — 9 кастрычніка 2026 году.
Валянцін Стэфановіч, які сам прайшоў праз інкамунікада ў зьняволеньні, тлумачыць яго мэханіку: чалавека зьмяшчаюць у ШІЗА або ПКТ, дзе ліставаньне і тэлефонныя званкі забароненыя, і сваякі на працягу месяцаў ня ведаюць, ці жывы ён увогуле. Паводле Стэфановіча, мэты такой практыкі — ціск на вязьня, помста за палітычную дзейнасьць і хаваньне парушэньняў.
- 2026 год — 20-я гадавіна прыняцьця Міжнароднай канвэнцыі аб абароне ад гвалтоўных зьнікненьняў. Беларусь гэтую Канвэнцыю не падпісала. Тым часам практыка ізаляцыі працягваецца, а справы 1999–2000 гадоў застаюцца нерасьсьледаванымі.
- 22 верасьня ў Швайцарыі суд будзе разглядаць апэляцыю на вырак экс-байцу САХР Гараўскаму, які абскардзілі сваякі зьніклых Захаранкі і Красоўскага. Юрый Гараўскі ўцёк у Швайцарыю, дзе публічна прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданьні зьніклых палітыкаў у траўні і верасьні 1999 году. Справа разглядалася ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, паколькі гвалтоўнае зьнікненьне класыфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці. У выніку суд прызнаў Гараўскага невінаватым, паколькі не было прадстаўлена дастаткова доказаў яго віны. Юрысты міжнародных праваабарончых арганізацый ад імя пацярпелых сваякоў падалі апэляцыйную скаргу на апраздаўчае рашэньне суду.
Форум