Дату разгляду паведаміла DW. У верасьні 2023 году суд швайцарскага горада Роршах разгледзеў справу аб гвалтоўным зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.
Абвінавачаным быў Юрый Гараўскі — былы баец беларускага САХРу, які бег у Швайцарыю, дзе публічна прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданьні зьніклых палітыкаў у траўні і верасьні 1999 года.
Справа разглядалася ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, паколькі гвалтоўнае зьнікненьне класыфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці. У выніку суд прызнаў Гараўскага невінаватым, паколькі не было прадстаўлена дастаткова доказаў яго віны. Апэляцыю на прысуд падалі сваякі ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH).
Гараўскі запытаў палітычны прытулак у Швайцарыі ў 2018 годзе. Пазьней ён зьвязаўся з журналістамі DW і распавёў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданьні і забойстве палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі: Захаранкі, Ганчара. Справу супраць Гараўскага ініцыявалі праваабаронцы з Trial International. У пракуратуру кантона Санкт-Гален, дзе жыў экс-баец САХР, было пададзена адразу тры пазовы — ад Алены Захаранкі, дачкі зьніклага экс-кіраўніка МУС Беларусі, Валерыі Красоўскай, дачкі зьніклага бізнэсмэна, а таксама ад Trial International і яе партнэраў FIDH і «Вясна».
Апэляцыю разгледзяць амаль праз тры гады пасьля суду
Апэляцыю падалі ў вызначаны тэрмін, пасьля таго як суд першай інстанцыі падаў юрыстам пісьмовае рашэньне з указаньнем падставаў, патлумачыў праваабаронцам Ільля Нузаў, кіраўнік аддзелу краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека.
«Апэляцыйны суд не абмежаваны ў сваім разглядзе. Апэляцыя можа аспрэчваць усё: памылкі ў тлумачэньні закону, няпоўную або няправільную ацэнку абставінаў справы і / або неправамернасьць рашэньня. Такім чынам, мы можам прадставіць новыя доказы, якія дэманструюць прамое дачыненьне Юрыя Гараўскага да зьнікненьняў», — сказаў Ільля Нузаў.
На ягоную думку, разгляд апэляцыі не працягнецца доўга, бо і сам суд, які не прызнаў Гараўскага вінаватым, доўжыўся ўсяго толькі два дні.
«Вядома, ёсьць і фактычныя, і юрыдычныя моманты, за якія можна ўчапіцца, але трэба адзначыць, што вельмі цяжка цяпер адшукаць нейкія новыя істотныя доказы, вельмі шмат прайшло часу», — дадаў Нузаў.
Нузаў лічыць, што ў юрыдычнай плашчыні суд дапусьціў некаторыя памылкі. Напрыклад, гэта можа тычыцца трактоўкі закону аб гвалтоўных зьнікненьнях. Судзьдзя вырашыў, што калі ў Гараўскага быў намер забіць ахвяраў, дык гэта не раўназначна адвольнаму затрыманьню, а хутчэй за ўсё непрадстаўленьню інфармацыі пра іх месцазнаходжаньне. Суд палічыў, што калі ён хацеў іх забіць, дык у яго не было жаданьня папярэдне іх затрымліваць і хаваць інфармацыю пра іх месцазнаходжаньне.
Ёсьць і іншыя калізіі ў трактоўцы заканадаўства, напрыклад, у Канвэнцыі аб гвалтоўных зьнікненьнях, на якія зьвярнулі ўвагу юрысты.
«Таксама ёсьць сумневы, што суд слушна ацаніў матывацыю Гараўскага, бо там былі рознагалосьсі і нестыкоўкі ў яго паказаньнях, якія былі спачатку дадзеныя пракурору і потым прагучалі на судзе. Суд палічыў што Гараўскі гэта рабіў наўмысна, каб атрымаць палітычны прытулак. Але гэта дзіўна, што чалавек некалькі разоў на сябе ўказваў як на ўдзельніка гэтага злачынства, з тым каб атрымаць прытулак», — адзначыў Нузаў.
Таксама юрысты, якія падалі апэляцыю, лічаць, што пераклад паказаньняў Гараўскага быў не зусім якасны, і, магчыма праз гэта ў судзьдзі паўсталі падазрэньні, што Гараўскі ўводзіў іх у зман. Гэты факт таксама стаў адным з аргумэнтаў для апэляцыі.
Што трэба ведаць пра справу Гараўскага
- У 2019 годзе былы баец спэцатраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юры Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцпадразьдзяленьне САХР МУС Беларусі, якое мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады і, паводле яго, расстраляла трох чалавек: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранку. Паводле экс-супрацоўніка МУС, які эміграваў зь Беларусі, ён уваходзіў у склад групы спэцназаўцаў, якая мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады. Гараўскі заявіў, што ўсіх трох забіў зь пісталета асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле яго, целы Ганчара і Красоўскага закапалі на базе МУС пад Бягомлем у Віцебскай вобласьці, а цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі менскіх Паўночных могілак.
- Пасьля інтэрвію Гараўскага праваабаронцы дамагліся завядзеньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Гараўскага. Сьледзтва вялі ў Швайцарыі, дзе экс-баец САХРу папрасіў палітычнага прытулку. Яго абвінавацілі ў «датычнасьці да шматлікіх зьнікненьняў» (мясцовае заканадаўства не дазволіла абвінаваціць у забойствах ці саўдзеле ў іх, бо злачынствы былі ўчыненыя на тэрыторыі Беларусі).
- 28 верасьня 2023 году акруговы суд у Санкт-Галене (судзьдзя Оляф Гумбэль) апраўдаў Гараўскага па гэтай справе, узяўшы паказаньні экс-байца САХР пад сумнеў і палічыўшы іх недастатковымі для прызнаньня вінаватым па выстаўленым абвінавачаньні. Пры гэтым у тлумачэньні да прысуду судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак у судовай практыцы, бо ў ім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя злачынствы». Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай.
- Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць прадметам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.