Гусьляр і палітвязень Алесь Чумакоў быў вызвалены з-за кратаў 16 верасьня. У сваім першым інтэрвію пасьля вызваленьня ён расказаў Свабодзе, як на судзе слухаў уласныя песьні, як вымушана калядаваў у Калядзічах і чаму ў яго творчасьці ня будзе турэмных песень.
З Алесем Чумаковым мы сустракаемся крыху больш чым праз суткі пасьля яго вызваленьня з СІЗА ў менскіх Калядзічах. Ён яшчэ ў Вільні, адкуль зьбіраецца пераехаць у Варшаву. Алесь спадзяецца, што ў Польшчы ня будзе мець вялікіх праблемаў зь легалізацыяй. Прызнаецца, што рады вызваленьню, нягледзячы на прымусовы выезд зь Беларусі. Яго гэта не засмучае, у Польшчы разьлічвае вярнуцца да сваёй любімай справы — заняткаў музыкай.
«Хачу пайсьці з галавой у сваё творчае музычнае жыцьцё, — кажа Алесь. — У Варшаве мяне ў першую чаргу чакае Тацьцяна Ячная, зь якой у нас шмат гадоў дуэт. Мы плянуем узьяднацца, бо ў апошнія гады працавалі па два бакі мяжы (Тацьцяна жыве ў Варшаве, да арышту Алесь Чумакоў езьдзіў туды зь Менску для сумесных запісаў. — РС). — Езьдзіў-езьдзіў. Гэта было нязручна, толькі некалькі разоў на год было магчыма. Зараз, канешне ж, праца пойдзе. Але Беларусь згубіла свае гусьлі. Гэта праблема сучаснай Беларусі».
Алесь расказвае, што яшчэ чатыры дні таму быў гатовы да любога разьвіцьця падзей. У апошнія дні перад вызваленьнем ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Калядзічах з выдаўцом Зьмітром Коласам (яго таксама вызвалілі і вывезьлі за мяжу 16 верасьня. — РС). Ім давалі зразумець, што магчыма вызваленьне, але поўнай упэўненасьці ў сваім далейшым лёсе вязьні ня мелі.
«Тры дні мы размаўлялі на ўсе магчымыя тэмы, гулялі ва ўсе магчымыя інтэлектуальныя гульні, — узгадвае Алесь. — У нас было толькі тое, што мы мелі ў сваіх галовах. Але Зьміцер чалавек вельмі цікавы. Я спадзяюся, што таксама змог ягоны сум разагнаць. Разам мы былі толькі апошнія тры дні. Нас, як выявілася, рыхтавалі да гэтага абмену. Там было яшчэ некалькі камэр, дзе да гэтага рыхтавалі людзей. Іх мы пабачылі ўжо толькі ў аўтобусе, калі ехалі ў Літву».
Каляды ў Калядзічах
Гусьляра, шматгадовага ўдзельніка гурта «Стары Ольса» і аўтара сольных праектаў Алеся Чумакова арыштавалі летась у сьнежні, перад самымі Калядамі. Увесь час зьняволеньня ён правёў у Калядзічах, трапіць у калёнію так і не пасьпеў.
«Паехаў на Каляды ў Калядзічы, — жартуе Чумакоў. — У нас жа з Тацьцянай Ячнай адна з галоўных галінаў творчасьці — калядныя сьпевы. Мы робім каляднае падарожжа па ўсім сьвеце, дзе па-беларуску сьпяваем калядныя песьні розных народаў. Ад Польшчы да Вэнэсуэлы. Увесь калядны сьвет у перакладах розных цудоўных паэтаў. І ў гэтым годзе я сьпяваў калядныя песьні для сукамэрнікаў у Калядзічах. Зладзіў калядны квіз — яны адгадвалі краіны, адкуль паходзіць песьня. Голас дрыжэў страшэнна, але нешта было».
Алесь кажа, што меў задуму напісаць песьню пра Каляды ў Калядзічах, але ў выніку адмовіўся ад гэтага. Турэмных песень у яго творчасьці ня будзе. Ён хоча вяртацца да таго, што было яму цікава заўсёды — пераклады цікавых, якасных паэтычных твораў. Досьвед зьняволеньня, як ні дзіўна, у гэтым можа Чумакову дапамагчы.
«Я там зьмяніў шэсьць камэр розных, — узгадвае Чумакоў. — І ў гэтых розных камэрах у мяне былі розныя суседзі з розных краінаў. І як граф Монтэ Крыста, я вучыў розныя мовы. Спачатку вучыў грузінскую з грузінам, потым узбэкскую з узбэкам. Пасьля падцягваў польскую граматыку з выпускніком Варшаўскага ўнівэрсытэту. Было чым пазаймацца. А ў апошнія месяцы са мной сядзеў малдаванін, які няблага валодае чатырма мовамі. У тым ліку вядома ж сваёй роднай румынскай. І ў мяне было сем сшыткаў з граматыкай, слоўнікі. У рэшце рэшт нашыя агульныя веды дазволілі нам перакладаць на румынскую беларускія песьні. Мы пераклалі самую вядомую зь рэпэртуару „Старога Ольсы“ — „Ружу кветку“. Калі-небудзь яна загучыць на канцэртах па-румынску, прыходзьце».
Пра свайго суседа з Малдовы Алесь расказвае больш, чым пра іншых сукамэрнікаў. За некалькі месяцаў гэты чалавек здолеў цалкам зьмяніць свае палітычныя погляды.
«Ён спачатку казаў, што мае традыцыйныя, — расказвае Чумакоў. — Выступае за блізкасьць Малдовы з Расеяй. Будзе галасаваць за Дадона (прарасейскі малдаўскі палітык, прыхільнік Лукашэнкі. — РС). Але пасядзеўшы ў нашых Калядзічах, паглядзеўшы навіны па тэлевізары, ён у рэшце рэшт сказаў, што за Дадона галасаваць ня будзе. Пачаў мне расказваць, што Малдова павінна быць з Румыніяй і што яна будзе ў Эўразьвязе».
Агулам за кратамі Алесь Чумакоў правёў каля 9 месяцаў. Да таго моманту ён заставаўся ў Беларусі, нягледзячы на паездкі за мяжу для запісаў і канцэртаў. Чаму музыка заставаўся ў краіне так доўга нягледзячы на разгорнутыя там масавыя рэпрэсіі, скіраваныя ў тым ліку супраць беларускіх культурніцкіх дзеячаў?
«Вы ведаеце, да мяне ўжо пасьля вызваленьня падыходзілі, пыталі, ці не патрэбны мне псыхоляг, — гаворыць Алесь — І я зараз лічу, што псыхалягічная дапамога патрэбная тым людзям, якія засталіся ў Беларусі і не разумеюць, дзе яны засталіся. Тыя, хто прайшоў праз турмы, праз катаваньні, праз зьдзекі — яны ўсё зразумелі. І галава і глузды ў іх сталі на свае рэйкі. Туды, куды трэба. Да арышту ў мяне яны яшчэ не былі там. Ніхто мне тады не здолеў патлумачыць гэтага. Сёньня ўсё ў парадку».
«Граў музыку, утвараў ядро»
Суд па справе Алеся Чумакова адбыўся зусім нядаўна — у жніўні. Музыка расказвае, што там пачуў і абвінавачваньні. Якія заключаліся ў тым, што ён «граў беларускую народную музыку і там самым гуртаваў пратэставае ядро».
«Прабачце, але з такімі абвінавачваньнямі можна любога чалавека на вуліцы ўзяць і пасадзіць, — гаворыць Алесь. — Я ўсё гэта шчыра для дзяржавы рабіў. А атрымліваецца, што я гуртаваў пратэставае ядро. Значыць дзяржаве не патрэбная свая мова, свая культура, свае народныя інструмэнты. Мне стала ўсё зразумела».
Асудзілі Чумакова ў выніку па 361-1 артыкуле Крымінальнага кодэксу за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні. Яго назвалі ўдзельнікам Беларускай рады культуры, хоць Чумакоў ніколі ня меў ніякага дачыненьня да такой арганізацыі.
«У маёй справе так і было напісана — альбом беларускіх народных песень, у колькасьці ня менш за 11 твораў, — узгадвае Алесь. — Пералічвалі назвы — „Чаму ж мне ня пець, чаму не гудзець“, „Ходзіць Ваня па вуліцы“, „Кума-кумачка, дзе жывеш“. На судзе мы іх нават паслухалі. Я там нават балдзеў трохі, праз дзевяць месяцаў адседкі ўпершыню слухаў свой альбом. А пракурорша такая кажа, што пазнаёмілася з матэрыяламі альбома Алеся Чумакова і нічога цікавага там не знайшла. Мяне так абурыла гэта. Я ўсё жыцьцё паклаў, каб навучыцца іграць такую музыку якасна. А яны нічога цікавага не знайшлі, нічога сабе».
Альбом мае выйсьці неўзабаве, Алесь абяцае заняцца гэтым пасьля пераезду ў Варшаву. Супрацоўніца беларускай пракуратуры была ня першай яго слухачкай. У Сьледчым камітэце, расказвае Чумакоў, яго творчасьць ацанілі нашмат больш станоўча.
«Мне мой сьледчы расказваў, што слухаў гэты альбом на працы падчас азнаямленьня з матэрыяламі справы, — са сьмехам расказвае Алесь. — І да яго ў кабінэт зайшоў тады начальнік, распытваў што гэта за музыка цікавая такая. То ў мяне даверу да пракуратуры зараз ніякага. У сьледчых густы лепшыя».
На жнівеньскім судзе Чумакову ў выніку прызначылі два гады агульнага рэжыму зьняволеньня. Ён падаў апэляцыю і чакаў яе вынікаў, у калёнію нават не трапіў.
«Я зьдзівіўся, што мяне цяпер вызвалілі, — прызнаецца Алесь Чумакоў. — Ніхто мне нічога не патлумачыў, я дагэтуль ня ведаю, каму падзякаваць. Хто паўплываў на тое, каб я патрапіў у такі прыярытэтны сьпіс. 25 чалавек — гэта мізэр. Там сядзіць такая вялікая колькасьць невінаватых людзей. Мне вельмі няёмка перад тымі людзьмі, якія сядзяць значна даўжэй чым там быў я, пакутуе значна больш. Шчыра шкада людзей, якія павінны былі б выйсьці раней за мяне».
Наркотыкі і махлярства
Разам з Алесем Чумаковым з-за кратаў вызвалілі трох музыкаў гурта Tor Band. У Калядзічах у адзін час зь ім знаходзіўся лідэр «Палацу» Алег Хаменка. Алесь расказвае, што ведаў пра яго арышт, але асабіста з Хаменкам за кратамі не перасякаўся.
«Даведаўся зь лістоў, — расказвае Чумакоў. — Тое, што Алег там сядзіць, гэта страта для нас велізарная. Алега трэба вызваляць. У яго ня ўсё ў парадку са здароўем, Алег меў апэрацыі. І тут раптам гэтае затрыманьне і прысуд. Гэта катастрофа. Яго трэба абавязкова ратаваць. Увогуле людзей ад культуры там шмат. Нават тых, з кім я асабіста знаёмы. Алег Ларычаў мае вялікія праблемы са здароўем. Яго прыцягнулі сьведкам на мой суд, ён выглядаў няважна. Праваабаронцам трэба пра гэта ведаць, падымаць прыярытэтна яго выратаваньне. Там ніхто не павінен знаходзіцца».
Падчас размовы Алесь Чумакоў згадвае і сваіх непалітычных сукамэрнікаў. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што іх шмат у чым таксама можна лічыць палітычнымі вязьнямі, бо за кратамі вялікая колькасьць людзей, якія трапілі туды калі не зусім выпадкова, то проста таму, што беларускай сілавой сыстэме значна прасьцей чалавека проста пасадзіць, чым займацца пошукамі доказаў яго вінаватасьці.
«Наркотыкі, кур’ерства для махляроў, — кажа Алесь. — Большасьць па гэтых двух артыкулах там. Сапраўдных махляроў, злодзеяў, наркабаронаў — там няма. Выпадковыя людзі, якія падманулі, альбо яны ўвогуле ня ведалі, чым займаліся. Турмы перапоўненыя таму што сыстэма лянуецца расьсьледаваць сапраўдныя крымінальныя злачынствы. На арыштаваных няма доказнай базы, у любой іншай краіне яны проста не трапілі б у турму».
Ці ёсьць музыка за беларускімі кратамі? Алесь Чумакоў гаворыць, што акрамя яго ўласнай музыка і сьпеваў калядных песень за кратамі ў Калядзічах музыкі шмат, але лепш бы там панавала цішыня. Па словах музыкі, тое, што вязьням даюць слухаць праз радыё, ён для сябе можа назваць толькі катаваньнем.
«Супрацоўнікаў беларускіх радыёстанцый, якія можна слухаць за кратамі, я хачу папярэдзіць, што яны ўдзельнічаюць у катаваньнях, — кажа Алесь. — Магчыма, яны гэтага не ўсьведамляюць. Але ва ўсіх установах Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў радыё ўключаюць прымусова. Ставяць адзін і той жа плэйліст. Калі нават у радыё „Сталіца“ эфір больш-менш разнастайны, то іншыя радыёстанцыі маюць плэйліст з трох з паловай песень, якія зацыкленыя адна за адной. І гэта для мяне, музыкі, прамое катаваньне. Я згубіў там слых. Усё гэта ў неабмежаванай гучнасьці. Уключаюць — піск, цісьне на вушы. Гімн кожны ранак на вялізнай гучнасьці. Калі мяне як беларуса гімн сваёй краіны раней яшчэ на нешта натхняў, то потым ты перастаеш яго паважаць. Лічыш яго элемэнтам катаваньня».
Алесь дадае, што за кратамі найбольш марыў слухаць цішыню. Гэта тое, чаго яму як музыку там бракавала найбольш. Не нейкіх улюбёных запісаў ці музыкаў, а менавіта цішыні.
«У мяне ўзьніклі праблемы са слыхам, — гаворыць музыка. — І да арышту былі, а пасьля турмы павялічыліся. Лязгат жалеза, сыгналізацыі, трывогі, гучныя крыкі, сабакі — усё гэта моцна на мяне ціснула, на мой слых. Людзі ў замкнёнай прасторы пастаянна размаўляюць, можа быць чатыры размовы адначасова. Усё гэта вельмі гучна, катастрафічна цісьне на музыку. Для нас кожны гук — гэта праца. Мозг спрацоўвае, раскладвае гэтыя гукі, шукае гарманізацыю, аналізуе. Пастаянная праца мозгу. Там я жадаў чуць увесь час цішыню. Тое, чаго там няма».
Музыка за кратамі
Алесь Чумакоў пры гэтым прызнаецца, што спрабаваў сам граць за кратамі на тым, што было пад рукой. І нават ствараў нейкае падабенства музычных інструмэнтаў. Галоўнымі зь іх былі ўласныя рукі. Вязьні спрабуюць з дапамогай камбінацыі кісьцяў граць на прымітыўным духавым інструмэнце, складваючы іх каля рота. Алесь гаворыць, што навучыўся таксама гэта рабіць і нават мог такім чынам атрымаць некалькі розных нот і складваць іх у мэлёдыю.
«З розных нітачак і гумак паміж ложкамі нацягвалі струны і нават штосьці падобнае да гусьляў вязьні робяць, — узгадвае Алесь. — Я не рабіў, але хлопцы балаваліся. Я спрабаваў з накрыўкі ад карэйскай морквы, з плястыку зрабіць арган. Больш-менш нешта атрымлівалася. Гучала штосьці, пару нот здабыў. Цягнула мяне зайграць. Дудачкі можна было рабіць. Але я стараўся не напружваць сукамэрнікаў. Тым больш я мовамі займаўся некалькі гадзін на дзень. Гэта таксама не ў цішыні было».
Пасьля зьняволеньня Алесь Чумакоў поўны творчых плянаў. Расказвае пра хуткі выхад альбома калядных песень, запісанага сумесна з Тацьцянай Ячнай, пра той альбом, які слухалі на ягоным судовым паседжаньні.
«Песьня, зь якой ён будзе пачынацца, сама пачынаецца словамі „Сядзем-сядзем, пабяседуем“, — расказвае Алесь зноў са сьмехам. — Нікуды ад гэтага лёсу не падзецца. Назву іншую абяру для яго, пакуль не адкрыю, якую. Анансую яго як адзін з самых „дарагіх“ альбомаў беларускай музыкі. Паслухайце яго, калі ласка, і вырашыце, на чыім вы баку — сьледчых, альбо пракурораў».
Што яшчэ? Алесь Чумакоў кажа, што ўжо ведае наперад пра адразу некалькі праектаў, якія хацеў бы выдаць. Сярод іх альбом перакладаў песень Віктара Цоя і гурта «Кіно» на беларускую, якія ён плянуе зайграць на гусьлях. Альбом з перакладамі на беларускую балядаў Уладзіміра Высоцкага, выкананых на беларускіх сярэднявечных інструмэнтах. Туды ўвойдзе сем твораў. Хацеў бы Алесь выдаць і альбом з беларускімі перакладамі песень менскага барда Арона Крупа, які загінуў у Саянах у 60-х гадах і чые песьні беларусы дагэтуль сьпяваюць у паходах па-расейску.
«Гэта тое, з чаго пачалася клясычная аўтарская песьня ў Беларусі, — кажа Алесь. — Цудоўны бард, якога нарадзіў беларускі турыстычны рух. Круп радзіўся ў Дзьвінску, вучыўся ў Санкт-Пецярбурзе, жыў у Менску. Гэта будзе аднаўленьне традыцыі беларускай аўтарскай песьні. Арык Круп загучыць па-беларуску. Я зьвязаўся з яго роднымі і яны ўхвалілі праект. Сказалі, што гэта абавязкова трэба зрабіць».
Алесь па-ранейшаму зьбіраецца ствараць музыку і граць яе пераважна на гусьлях. Кажа, што зараз ужо ў другі раз згубіў сваю калекцыю гэтых інструмэнтаў. Першы раз здарыўся падчас пажару ў майстэрні, цяпер яны засталіся ў Беларусі.
«Трэці раз як фэнікс з попелу прыйдзецца ўсё аднаўляць, будаваць нанова, — кажа Алесь. — Буду аднаўляць. Пакуль у прыярытэце вядома праверыць здароўе. Затым трэба атрымаць усе неабходныя паперкі, каб легалізавацца. І буду зноў займацца гусьлямі».
Форум