На гэтым тыдні Радыё Свабода завершыла прэм'еру другога сэзону візуалізаванага падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» пра карную сыстэму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
У шасьці частках новага сэзону мы расказалі, што адбывалася зь беларускімі палітвязьнямі ад лета 2024 году.
«Мы рыхтавалі другі сэзон падкасту „Архіпэляг БЕЛАГ“ у надзеі, што больш не спатрэбіцца рабіць працяг, а таксама зь верай у тое, што пра сьмерці, катаваньні, зьдзекі зь палітвязьняў будуць ведаць у Беларусі і сьвеце, а ўсе вінаватыя ў злачынствах будуць знойдзеныя і пакараныя», — кажа аўтарка падкасту журналістка Ганна Соўсь.
Сёньня прапануем вашай увазе ўсе шэсьць частак з кароткім апісаньнем кожнай зь іх.
Частка 1. Турма, што забівае. Новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі і пасьля вызваленьня
У першай частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» расказваем пра новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі ад лета 2024-га да цяперашняга часу, а таксама апавядаем гісторыі палітвязьняў, якія памерлі пасьля вызваленьня альбо пры нявысьветленых абставінах. Паводле правааабронцаў сьпіс загінулых палітвязьняў ня поўны.
Ірына Шчасная, былая палітзьняволеная: «Ганна Кандраценка патрапіла адразу ў наш атрад, яна тады яшчэ не была хворая. Палітзьняволеныя жанчыны аказвалі ёй усякую дапамогу, таму што яна была такая сьціплая, такая нелюдзімая. Для нас усіх гэта проста быў шок, што яна памерла пасьля вызваленьня».
Частка 2. Свабода зь мехам на галаве: як палітвязьняў вывозілі зь Беларусі паводле ўгоды Лукашэнкі з ЗША
Другая частка другага сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» прысьвечаная дэпартацыям вызваленых палітвязьняў зь Беларусі ў чэрвені і верасьні 2025 году. Невядомыя раней дэталі, рэканструкцыя падзеяў, ацэнка адпаведнасьці беларускаму і міжнароднаму заканадаўству.
Ларыса Шчыракова, была палітзьняволеная: «Мы сябе адчувалі таварам, які можна выменяць на нейкія санкцыйныя паслабленьні. Некаторыя з нас былі ўжо ня супраць, каб нас вывозілі з чорнымі мяхамі на галаве, толькі каб выйсьці з гэтага месца».
Частка 3. Як Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і зламаў сцэнар Лукашэнкі
Трэцяя частка другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» прысьвечаная ўчынку Міколы Статкевіча, які зламаў сцэнар уладаў, калі адмовіўся пакінуць Беларусь пасьля вызваленьня, і стаў сымбалем нязломнасьці й ахвярнасьці.
Яўген Вільскі, паплечнік Статкевіча: «Мікалай Віктаравіч мне сказаў, што — выбачай, я прыняў рашэньне, што я застаюся ў Беларусі. Ніякі Лукашэнка ня будзе мне ўказваць, дзе я павінен знаходзіцца».
Частка 4. Як беларускіх палітвязьняў вывозілі ва Ўкраіну
У чацьвертай частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» мы раскажам у дэталях, як 13 сьнежня 2025 году беларускіх палітвязьняў вывозілі ва Ўкраіну і як адбывалася вызваленьне нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага.
Павал Севярынец, былы палітвязень: «Паўдня прайшло, і нас вязуць усё на ўсход. У мяне мільганула думка, што вязуць у Расею. У гэты момант я ўжо сурʼёзна разьвітваўся зь мінулым жыцьцём, а можа быць, з жыцьцём наагул».
Частка 5. «Пасьля турмы пачынаецца пекла». Як былых палітвязьняў выціскаюць зь Беларусі
У пятай частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» мы раскажам, якім пеклам становіцца жыцьцё ў Беларусі па вызваленьні былых палітвязьняў і як яны вымушана ўцякаюць з краіны.
Мікалай Казлоў, былы палітвязень: «Калі я вызваліўся другім разам, я адчуваў няспынны кантроль спэцслужбаў. Ты разумееш, што ты на вельмі кароткім павадку. Ты ўвесь час у небясьпецы сесьці ў трэці раз».
Частка 6. Захаваць годнасьць за кратамі: споведзі былых палітвязняў
У апошняй частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» былыя палітычныя зьняволеныя расказваюць пра тое, што дапамагло ім выжыць за кратамі.
Алесь Бяляцкі, былы палітвязень, нобэлеўскі ляўрэат: «Турма — гэта ж маленькі зьлепак самой дзяржавы, толькі фарбы больш рэзкія тут. У турме ўсё чорна-белае. Беларусь шмат у чым нагадвае турму. Нам трэба дабівацца дэмантажу сыстэмы гэтага лукашызму, таталітарнай сыстэмы, і гэта няўхільна прывядзе да зьменаў і ў самой турэмнай сыстэме».
Пра што быў першы сэзон
У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканалу «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.
Прызнаньне і ўзнагароды
Падкаст-сэрыял «Архіпэлягу БЕЛАГ» атрымаў шэраг прафэсійных узнагародаў і намінацыяў.
- У 2024 годзе праект стаў фіналістам увайшоў у фінал прэстыжнага конкурсу Асацыяцыі міжнароднага вяшчаньня AIB у катэгорыі «Відэа/палітыка».
- У сьнежні 2024 году падкаст прызналі працай году ў карпаратыўным конкурсе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода з удзелам усіх моўных службаў кампаніі.
- У 2025 годзе «Архіпэляг БЕЛАГ» стаў пераможцам конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» у катэгорыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры/Відэа».
- Праект Свабоды быў сярод намінантаў прэміі Алеся Адамовіча 2025 году.
Форум