Міністар замежных справаў Расеі назваў «трызьненьнем» акупацыю Беларусі Расеяй

Сяргей Лаўроў, архіўнае фота

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў правёў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных СМІ і прыватнага Tut.by. Апошні прыводзіць адказы Лаўрова на 10 пытаньняў, якія ў яго пасьпелі спытаць за 45 хвілін сустрэчы.

Адно з пытаньняў тычылася ранейшых выказваньняў замежных палітыкаў (у тым ліку міністар замежных справаў Латвіі і міністар абароны Эстоніі) пра магчымасьць таго, што Расея пакіне ў Беларусі свае войскі пасьля вучэньняў «Захад». Паволе Лаўрова, «чуткі, што мы [Расея] нібы рыхтуемся да ўводу войскаў у Беларусь пад выглядам вучэньняў, уо былі шмат раз абвергнутыя».

«Стогны і галашэньні з нагоды нашых вучэньняў з Рэспублікай Беларусь назіраюцца ня першы год, — заявіў Лаўроў. — Зараз рыхтуюцца вучэньні „Захад-2017“, пару гадоў таму былі вучэньні „Шчыт Саюзу-2015“. Тыя ж крыкі раздаваліся: што цяпер расейскія войскі ўвойдуць нібыта для правядзеньня вучэньняў, потым застануцца там назаўсёды і акупуюць Беларусь. Большага трызьненьня цяжка сабе ўявіць, тым больш, калі гаворка ідзе пра палітыкаў, якія прэтэндуюць на нейкую рэспектабэльнасьць у Эўразьвязе».

«Зялёныя чалавечыкі» ў Крыме, 2014 год

У 2014 годзе Лаўроў заяўляў, што «зялёныя чалавечыкі», якія акупавалі ўкраінскі Крым — не рэгулярныя расейскія войскі, а «сілы самаабароны», якім Расея не дае загадаў. Пазьней яго (і свае ўласныя) словы абвергнуў Уладзімер Пуцін.

У адказе на пытаньне пра магчымасьць акупацыі Беларусі Лаўроў таксама згадаў падзеі ва Ўкраіне ў 2014 годзе, але назваў «Эўрамайдан» «дзяржаўным пераваротам» (паводле ўкраінскай вэрсіі, прэзыдэнт Януковіч самаўхіліўся ад улады і ўцёк у Расею пасьля расстрэлу «Нябеснай сотні»), пасьля якога Расея «вымушаная была ісьці на абарону тых людзей, якія адмаўляліся падпарадкоўвацца путчыстам нэанацысцкага толку».