Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражаюць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» незалежнасьці Беларусі?


Расейскія войскі перад выпраўленьнем на вучэньні ў Беларусь, архіўнае фота

Чаму беларускія суседзі выступаюць супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», ці могуць гэтыя манэўры дэстабілізаваць беларуска-заходнія адносіны? Ці могуць расейскія войскі застацца ў Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2017»? Гэтыя ды іншыя тэмы ў дыскусіі ў тэлеэфіры Свабоды абмяркоўваюць Віталь Цыганкоў і Ўладзімер Глод.

Аргумэнты Ўладзімера Глода

1. Любая армія павінна рэгулярна трэніравацца. Асобныя манэўры, і з расейцамі, і з кітайцамі, і нават на траіх — беларусы, расейцы, сэрбы. Няхай лепш на манэўрах вучацца, чым у баявых умовах, на вайне.

2. У рэгіёне, дзе знаходзіцца Беларусь, нарастае напружанасьць і непрадказальнасьць. Трэба, каб войска было гатовае.

3. Рэальна ніякай «саюзнай» арміі няма, наднацыянальных вайсковых органаў няма. Існуе Рэгіянальная вайсковая групоўка, але пасады камандуючага Рэгіянальнай групоўкай няма. Фармальна ёй павінен камандаваць старшыня Вышэйшага Дзяржсавету так званай саюзнай дзяржавы — то бок Лукашэнка.

4. Лукашэнка сам запрашае назіральнікаў з НАТО. А Маскве гэта не патрэбна.

5. Пашырэньне прысутнасьці НАТО ў краінах Польшчы і Балтыі можа прывесьці да адпаведных крокаў у адказ з боку Расеі. Магчыма, што Масква пажадае разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі свае стратэгічныя сілы.

6. Колькі палохалі расейскай авіябазай, Пуцін нават выдаў адпаведнае распараджэньне. А базы няма і не прадбачыцца

Аргумэнты Віталя Цыганкова

1. Лепш трэніравацца з Захадам, там і тэхнічнае забесьпячэньне больш сучаснае, і гэта паслужыла б знакам добрасуседзкіх адносін. Але я разумею, што ў цяперашняй сытуацыі, пры цяперашнім рэжыме гэта немагчыма.

2. Ніхто з Захаду Беларусі не пагражае. Удзел у такіх вучэньнях — гэта толькі крок у фарватэры расейскай вайсковай палітыкі. Уласна Беларусі гэта ў палітычным і стратэгічным сэнсе не патрэбна.

3. Для заходніх генэралаў і дыпляматаў беларуская армія — не самастойная. Яна з вайскова-стратэгічнага пункту гледжаньня — частка расейскага войска. Адпаведнае і стаўленьне. Такія вучэньні толькі пацьвярджаюць гэты статус і прыніжаюць сувэрэнітэт Беларусі.

4. У выпадку абвастрэньня сытуацыі Расея ніколі не дазволіць Лукашэнку камандаваць сумеснай групоўкай войскаў, нягледзячы ні на які ягоны фармальны статус.

5. Найбольш запалохваюць расейскай пагрозай набліжаныя да ўладаў экспэрты і аналітыкі. Яны акурат штучна распальваюць гістэрыю вакол гэтых вучэньняў, каб афіцыйны Менск мог прадаць Захаду гэты аргумэнт — «маўляў, вось Масква нас прыціскае, працягніце нам руку». І пад гэтую музыку атрымаць ад Захаду нейкую матэрыяльную дапамогу і палітычную падтрымку.

6. Расейскія вайскоўцы як прыедуць на вучэньні, гэтак і зьедуць. У Менску разумеюць, наколькі важна, каб на тэрыторыі Беларусі не было расейскіх войскаў. Пакуль гэты статус-кво захоўваецца, Беларусь — нейкі самастойны партнэр, зь якім можна весьці дыялёг.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG