Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль у Беларусі няма расейскіх войскаў, яна можа быць партнэрам для Захаду», — экспэрты пра «Захад-2017»


Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2009»
Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2009»

Ці могуць беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» стаць чыньнікам дэстабілізацыі ў беларуска-заходніх стасунках? Ці ўдасца Менску падтрымаць свой імідж «донара стабільнасьці» ў рэгіёне? Ці могуць расейскія войскі застацца ў Беларусі пасьля гэтых вучэньняў? Як можна параўнаць маштабы гэтых вучэньняў з папярэднімі? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць палітолягі Андрэй Ягораў і Арсень Сівіцкі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: «Нягледзячы ні на які ціск, беларуска-расійскія вучэньні „Захад-2017“ будуць праведзены маштабна і сур’ёзна», заявіў 13 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў — членаў АДКБ. «Вы выдатна ведаеце, што Беларусь і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў межах АДКБ адказная за заходні кірунак. Гэта зона адказнасьці Беларусі, і ўся наша армія сканцэнтраваная на гэта разам з Расейскай Фэдэрацыяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На якім міжнародным фоне пройдуць гэтыя вучэньні? Чаму суседзі Беларусі ў той ці іншай ступені выказваюць незадавальненьне ў сувязі з гэтымі манэўрамі? Ці можа «Захад-2017» стаць чыньнікам дэстабілізацыі ў беларуска-заходніх дачыненьнях?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Ягораў: Мне падаецца, што гэтая тэма надта шмат мусіруецца апошнім часам. Тое, што адбываецца, ня надта адрозьніваецца ад ранейшых вучэньняў і ад ранейшых рэакцыяў суседзяў Беларусі. Адзінае, што мяняецца — гэта геапалітычны кантэкст, агрэсіўныя паводзіны Расеі ў рэгіёне. Таму любыя вучэньні з удзелам Расеі цяпер асацыююцца з агрэсіўнымі плянамі Масквы і адпаведна выклікаюць занепакоенасьць і нэрвовую рэакцыю з боку найперш Літвы. Але я ня думаю, што гэта нясе нешта крытычна новае і нейкім чынам можа паўплываць на стасункі Беларусі з суседзямі і Захадам у цэлым.

Цыганкоў: Новым чыньнікам ёсьць украінская рэакцыя — выказваньні некаторых украінскіх палітыкаў, пікеты супраць гэтых вучэньняў. Вядома, прэзыдэнт Парашэнка сам нічога крытычнага не выказваў. Але раней ва Ўкраіне такія вучэньні нікога не краналі, цяпер, з «новым геапалітычным кантэкстам», яны выклікаюць занепакоенасьць і там.

Ягораў: Думаю, гэта не паўплывае на беларуска-ўкраінскія дачыненьні. Гэта проста адзнакі гістэрыі, якая назіраецца паўсюль. Самі вучэньні нічога не зьмяняюць, і ўсё супакоіцца, як толькі яны скончацца і войскі вярнуцца ў месцы сваёй дыслякацыі. Гэта не паўплывае на беларуска-ўкраінскія адносіны, бо іхная прагматыка ляжыць зусім у іншай плашчыні.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Цыганкоў: Арсень, вось Андрэй ужыў выразы «мусіруецца» і «гістэрыя». Вы якраз адзін з тых аналітыкаў, які вельмі шырока і часта ўздымаў у СМІ пытаньне гэтых вучэньняў. Чым абгрунтаваная такая занепакоенасьць?

Сівіцкі: Гэта занепакоенасьць апраўдана цалкам, бо зьвязаная з той агрэсіўнай замежнапалітычнай лініяй, якую праводзіць сёньня Крэмль ня толькі ў дачыненьні Ўкраіны, але і Беларусі. Ад 2015 году Крэмль робіць намаганьні, каб усталяваць на тэрыторыі Беларусі сваю ваенную прысутнасьць. У 2015 годзе гэта не атрымалася, калі Пуцін ужо выдаў распараджэньне разьмясьціць у Беларусі авіябазу.

Таму, безумоўна, занепакоенасьць зьвязаная з тым, што стратэгічнай мэтай Масквы ёсьць пераўтварэньне Беларусі ў вайскова-палітычны пляцдарм Расеі. Расейскі бок у канцы 2016 году (калі яшчэ вучэньні Захад-2017 не плянаваліся дэталёва) апублікаваў дадзеныя лягістыкі, якія не адпавядалі дадзеным беларускага боку. Удзел трох тысяч расейскіх вайскоўцаў не патрабаваў 4 тысяч вагонаў.

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Цыганкоў: Дыскусія пра гэтыя 4 тысячы вагонаў ідзе даволі даўно, што вядома на цяперашні момант?

Сівіцкі: Афіцыйныя зьвесткі былі агучаныя міністрам абароны Беларусі, і цяпер вядома, што тэхнічныя парамэтры вучэньняў ня будуць адрозьнівацца ад парамэтраў Захад-2013. Але тыя лягістычныя дадзеныя сьведчылі, што Расея плянавала правесьці маштабную перадыслякацыю сваіх войскаў. І гэтыя пляны не абмяркоўваліся з беларускім Міністэрствам абароны, гэта было сьведчаньне такога непаважлівага стаўленьня Расеі да беларускага боку. Гэта нагадвала дзеяньні Крамля ў 2015 годзе, калі Пуцін падпісаў распараджэньне аб стварэньні авіябазы, не спытаўшы беларускага дазволу.

Беларускі бок настаяў на сваёй пазыцыі наконт таго, як гэтыя вучэньня будуць праходзіць і які мець сцэнар.

Цяпер відавочна, што беларускі бок настаяў на сваёй пазыцыі наконт таго, як гэтыя вучэньня будуць праходзіць і які мець сцэнар.

Цыганкоў: Атрымліваецца, што ў беларускай грамадзкасьці, у заходніх суседзяў былі абгрунтаваныя прычыны хвалявацца за форму правядзеньня гэтых вучэньняў? Ці, можа, гэта нармальная палітычная барацьба, імкненьне падарваць імідж беларускіх уладаў? Ці ўдасца Менску падтрымаць свой імідж «донара стабільнасьці» ў рэгіёне?

Ягораў: Ці ўдасца Менску падтрымаць гэты міт «донару стабільнасьці»? Бо я лічу, што за іміджам нічога рэальнага не стаіць. Я думаю — так. Бачым, што беларускаму боку ўдалося ўлагодзіць гэтую сытуацыю, вучэньні пройдуць паводле ўзгодненага зь Менскам сцэнару.

Сытуацыя ў пэўным сэнсе раскручвалася наўмысна. Дзеля продажу на Захад гістэрыі наконт таго, што «Ах, Расея нас паглынае, цісьне» — каб вымусіць Захад да больш ляяльнага стаўленьня да Беларусі.

Сытуацыя ў пэўным сэнсе раскручвалася наўмысна. Дзеля продажу на Захад гістэрыі наконт таго, што «Ах, Расея нас паглынае, цісьне» — каб вымусіць Захад да больш ляяльнага стаўленьня да Беларусі. Але фактычна такога страшнага ціску не было, — прынамсі, у тым аб’ёме, як гэта апісвалі некаторыя з экспэртаў. Вядома, Расею часам заносіць — гэта было раней і будзе далей. Але Беларусь мае магчымасьць захаваньня свайго частковага сувэрэнітэту. Пакуль што ўсё гэта не выходзіць за межы традыцыйных міждзяржаўных разборак.

Цыганкоў: Лукашэнка 13 чэрвеня таксама заявіў міністрам абароны краінаў АДКБ: «Мы запросім на вучэньні ўсіх сёньня прысутных міністраў абароны, і ня толькі. Гэтыя вучэньні адкрытыя. Няхай глядзяць на нашы магчымасьці» А як наконт ідэі запрасіць на вучэньні прадстаўнікоў NATO?

Сівіцкі: Пазыцыя беларускага кіраўніцтва ў тым, каб правесьці гэтыя вучэньні максымальна празрыста для міжнароднай грамадзкасьці, перш за ўсё для нашых суседзяў. Міжнародныя назіральнікі з гэтых краінаў будуць запрошаныя. Таксама ёсьць пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі, што павінны быць запрошаныя і прадстаўнікі NАТО. Проста звычайна за 50-60 дзён да пачатку вучэньняў пачынаецца працэс інфармаваньня міжнародных назіральнікаў — тэрмін яшчэ не падышоў.

Гэта якраз тая лінія Менску, якая адпавядае курсу на рэгіянальнае донарства стабільнасьці і бясьпекі, праводзіць цалкам транспарэнтую і прадказальную вайсковую палітыку, каб не ўспрымацца міжнароднымі актарамі як агрэсіўны прыдатак Расеі.

Гэта якраз тая лінія Менску, якая адпавядае курсу на рэгіянальнае донарства стабільнасьці і бясьпекі, праводзіць цалкам транспарэнтую і прадказальную вайсковую палітыку, каб не ўспрымацца міжнароднымі актарамі як агрэсіўны прыдатак Расеі. «Донарства бясьпекі» ў тым, каб на тэрыторыі Беларусі не было расейскіх войскаў, і яны ня могуць выкарыстоўваць нашу тэрыторыю дзеля нейкіх агрэсіўных мэтаў. І пакуль гэты статус-кво захоўваецца, Беларусь зьяўляецца партнэрам, зь якім можна весьці дыялёг, прызнаваць вышэйшае кіраўніцтва Беларусі. Менск максымальна зацікаўлены ў тым, каб гэтыя вучэньні прайшлі максымальна празрыста і без эксцэсаў.

Цыганкоў: На заканчэньне размовы ваш прагноз — ці застануцца (паспрабуюць застацца) расейскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі пасьля вучэньняў? Ці як прыйшлі, так і выйдуць?

Ягораў: Вядома, яны сыдуць, усё застанецца як раней. Няма ніякай небясьпекі, што яны могуць тут застацца.

Сівіцкі: Калі ўсё будзе праходзіць паводле пляну, расейскія войскі пойдуць пасьля вучэньняў з тэрыторыі Беларусі. Бо ў беларускага кіраўніцтва на сёньня няма ніякіх плянаў, зьвязаных з усталяваньнем расейскай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі.

Але трэба разглядаць і крызісны сцэнар. Калі адбудуцца нейкія правакацыі, зьвязаныя з дэстабілізуючай актыўнасьцю нейкай праварадыкальнай арганізацыі, то гэта будзе падставай для расейцаў, каб тут застацца дзеля стабілізацыі ўнутрыпалітычнай сытуацыі. І гэта я зараз вам распавядаю сцэнар вучэньняў «Захад-2015». То бок, мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб цяперашнія вучэньні прайшлі максымальна плянава і бязь нейкіх правакацыяў і пратэставай актыўнасьці з боку грамадзтва.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG