Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы нікога не пужаем, нам чужога ня трэба», — Лукашэнка пра вучэньні «Захад»


На сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў абароны краінаў — чальцоў АДКБ 13 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» будуць праведзеныя «маштабна і сур’ёзна», «нягледзячы ні на які ціск», перадае БелТА.

«Мы нікога не пужаем. Нам чужога ня трэба, — казаў Лукашэнка пра настрой Беларусі і Расеі на вучэньні. — Таму мы будзем адпрацоўваць усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыйныя сапернікі. Мы навучаем войска і будзем яго вучыць абараняць нашу тэрыторыю, нашу дзяржаву, нашы народы».

Лукашэнка дадаў, што вучэньні будуць «адкрытыя», бо «хай глядзяць на нашы магчымасьці».

Пры гэтым ён адзначыў, што за 15 гадоў існаваньня Дамовы аб калектыўнай бясьпецы «ваенна-палітычнае становішча ў зоне адказнасьці АДКБ нельга было назваць спакойным», цяпер жа яно «яшчэ больш абвастраецца». У чым цяпер назіраецца абвастрэньне, не паведамляецца.

Тыдзень таму прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце назвала ў ліку выклікаў і пагрозаў Літве «знаходжаньне на ўсход ад нас Расеі і Беларусі», «выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду», сярод якіх назвала вайсковыя манэўры. Расейскія СМІ перафармулявалі заяву Грыбаўскайце, нібы яна заявіла, што само існаваньне Расеі і Беларусі — галоўная пагроза Літве.

МЗС Беларусі запатрабаваў ад Літвы тлумачэньняў у сувязі з выказваньнямі Грыбаўскайце. Літва патлумачыла, што «ня можа ігнараваць праблемаў», якія існуюць у Беларусі.

Да Грыбаўскайце засьцярогі наконт вучэньняў «Захад» выказвалі і іншыя літоўскія палітыкі і палітыкі іншых краінаў, у тым ліку міністар абароны Эстоніі і міністар замежных спраў Латвіі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG