Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі запатрабаваў ад Літвы тлумачэньняў у сувязі з выказваньнямі Грыбаўскайце


Даля Грыбаўскайце

6 чэрвеня ў сувязі з выказваньнямі прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце ў інтэрвію тэлекампаніі LRT у МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Літвы Андрас Пулокас.

«Падчас сустрэчы беларускі бок запатрабаваў тлумачэньняў у сувязі з абвінавачваньнямі Беларусі ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы, якія прагучалі ў з вуснаў кіраўніка літоўскай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Як падкрэсьлівае МЗС, «асабліва было адзначана, што выкарыстаная прэзыдэнтам Літвы лексыка, уключаючы словы „агрэсіўныя гульні“, зьяўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбную палітыку, якая ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўнёсак у справу ўмацаваньня бясьпекі нашага рэгіёну».

5 чэрвеня ў інтэрвію тэлекампаніі LRT перад сваім візытам у Эстонію Грыбаўскайце сказала: «Эстонія, як і Латвія ці Польшча, нам вельмі важная, бо гэты рэгіён — гэта ўсходняе памежжа NATO, таму выклікі і пагрозы — тыя самыя. Гэта знаходжаньне на ўсход ад нас Расеі і Беларусі. Вядома, і мілітарызацыя, якую мы бачым у Калінінградзе, выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і будучыя вайсковыя манэўры», — адзначыла Грыбаўскайтэ.

Прэзыдэнтка Літвы заявіла, што суседзтва Беларусі і Расеі — галоўная пагроза Літве? Не зусім

Беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расеі ў верасьні. Тэмай вучэньняў названая падрыхтоўка і прымяненьне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забесьпячэньня вайсковай бясьпекі Саюзнай дзяржавы.

Грыбаўскайце раней казала, што краіны Балтыі будуць дамагацца дадатковых захадаў бясьпекі ад ЗША і NATO ў сувязі з вучэньнямі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG