Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO мяркуе, што Расея можа пакінуць свае войскі ў Беларусі. Макей супакойвае


Міністар абароны Эстоніі Маргус Цахкна расказаў у інтэрвію Reuters, што, паводле зьвестак NATO, Расея можа пакінуць войскі ў Беларусі на пастаяннай аснове пасьля вучэньняў «Захад-2017» як «папярэджаньне NATO».

Паводле зьвестак NATO, у вучэньнях у верасьні возьмуць удзел больш як 100 тысяч вайскоўцаў, заплянаваныя практыкаваньні, зьвязаныя зь ядзернай зброяй. Вучэньні маюць стаць найбуйнейшымі з 2013 году. Адзначаецца, што ў Беларусь з Расеі прыбудуць 4 тысячы вагонаў вайсковай тэхнікі з Расеі — паводле Цахкна, у іх «квіток у адзін канец».

«Гэта не мая асабістая думка, мы вельмі глыбока прааналізавалі, як Расея рыхтуецца да вучэньняў, — патлумачыў Цахкна. — Мы бачым, што яны робяць па другі бок мяжы Эўразьвязу і NATO. Войскі могуць застацца там пасьля „Захаду“».

Ці пагражае «Захад-2017» беларускаму сувэрэнітэту?

Тым часам 27 красавіка было апублікаванае інтэрвію міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, якое ён даваў тэлеканалу «Мір» яшчэ 19 красавіка (да заяваў Цахкна). Міністар крытыкаваў ранейшыя выказваньні прадстаўнікоў краінаў NATO наконт вучэньняў «Захад»:

«Зь іхнага пункту гледжаньня, гэтыя вучэньні маюць агрэсіўны характар, як быццам у выніку гэтых вучэньняў плянуецца напад на нейкія суседнія дзяржавы, — заявіў Макей пра краіны NATO. — Хачу адназначна сказаць: зь беларускага боку ні да кога ніколі не зыходзіла пагроза і ня будзе зыходзіць. Мы ёсьць дзяржавай, якая не стварае праблемы камусьці, а наадварот, робіць свой унёсак у забесьпячэньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне. Беларусь — адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе не было ніякіх узброеных канфліктаў. Мы ня маем ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў адзін да аднаго. Таму мы маем намер працягваць гэтую лінію і надалей».

Пра тое, ці застануцца расейскія войскі ў Беларусі пасьля вучэньняў, Макей у інтэрвію не казаў, але засьцерагаў ад пераходу да «гарачай» вайны, бо ў сьвеце адсутнічае балянс сілаў часоў «халоднай вайны».

У Мінабароны Беларусі раней прызналі гатоўнасьць да прыезду 4 тысяч вагонаў з расейскай тэхнікай, але патлумачылі, што лічба ўключае і вагоны, замоўленыя для вяртаньня расейскіх войскаў зь Беларусі ў Расею. Аляксандар Лукашэнка загадаў запрасіць назіральнікаў NATO на манэўры «Захад-2017».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG