Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «РИА Новости» і «Спутник» запрасілі NATO на вучэньні «Захад-2017». Цяжкасьці перакладу


Генэральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва "Россия сегодня" Дзьмітрый Кісялёў.

Афіцыйны прадстаўнік NATO, які пажадаў застацца ананімным, паведаміў у аўторак Свабодзе праз прэс-службу паўночнаатлянтычнага альянсу, што альянс не атрымаў ніякага запрашэньня для назіраньня за расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад 2017», якія заплянаваныя на верасень.

20 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на манэўры «Захад-2017» будуць запрошаныя ўсе ахвотныя, у тым ліку і прадстаўнікі NATO. Магчыма, цягам 2 дзён афіцыйнае запрашэньне яшчэ ня было падрыхтаванае, альбо не пасьпела трапіць у штаб-кватэру альянсу.

Але прадстаўнік NATO паведаміў Свабодзе, што на вучэньні «Захад-2017» спэцыялістаў альянсу не запрашала і Расея. Аднак 13 верасьня афіцыйнае расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» распаўсюдзіла паведамленьне «Столтенберг поприветствовал приглашение наблюдателей НАТО на «Запад-2017». Агенцтва працытавала галаву альянсу Енса Столтэнбэрга:

«Я вітаю прапанову з боку Расеі наведаць і назіраць за вучэньнямі Захад-2017».

Усьлед за «РИА Новости» гэтую цытату растыражавалі буйнейшыя расейскія СМІ. Філіял агенцтва «Спутник» у Беларусі паведаміў, што «NATO будзе сачыць за хадою вучэньняў „Захад-2017“ у Беларусі».

Ідэнтычная інфармацыя зьявілася і ў незалежных беларускіх выданьнях, парталах і сайтах. Сутнасьць гэтага паведамленьня была відавочная: Расея запрасіла NATO на вучэньні «Захад-2017. Крыніцай інфармацыі выступала «РИА Новости».

Аднак гэтыя паведамленьні непраўдзівыя. На сайце паўночнаатлянтычнага альянсу зьмешчаная поўная стэнаграма адказу Енса Столтэнбэрга на пытаньне Латыскага радыё пра вучэньні «Захад-2017». У адказе генэральнага сакратара арганізацыі няма словаў «Я вітаю запрашэньне». Літаральны пераклад ягоных словаў з ангельскай мовы гучыць наступным чынам: «Я б вітаў запрашэньне» («I would welcome...»).

Няправільны пераклад цалкам зьмяніў сутнасьць паведамленьня і ўвёў у зман многія СМІ, які паверылі дэпэшы афіцыйнага расейскага інфармацыйнага агенцтва.

XS
SM
MD
LG