Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія вучэньні: «Усё лягічныя высновы б’юцца адным аргумэнтам: Крым»


Ілюстрацыйнае фота

Чаму плянаваныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні выклікаюць такія палітычныя жарсьці?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Стратэгічныя камандна-штабныя вучэньні «Захад-2017» адбудуцца на тэрыторыі Беларусі толькі восеньню гэтага году. Але ўжо цяпер вакол іх правядзеньня бушуюць не абы-якія жарсьці. Нагадаю, што аналягічныя па маштабе, зьмесьце і месцы правядзеньня вучэньні ў 2013 годзе ня выклікалі асаблівага рэзанансу. А цяпер усё наадварот. Бо пасьля Крыму і Данбасу рэзка памянялася геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне.

Спачатку экспэрты Сівіцкі і Царык надрукавалі даклад, у якім прагназавалі, што вайсковыя вучэньні — гэта толькі падстава, каб увесьці ў Беларусь расейскія войскі. І апавялі пра велізарную колькасьць вагонаў, якія зьбіраецца задзейнічаць Расея для гэтай апэрацыі. Даклад выклікаў такі вялікі рэзананс, што нават сам Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага быў вымушаны абвяргаць гэтыя страшылкі і ўсіх супакойваць. Маўляў, як прыедуць расейскія войскі на вучэньні, так і паедуць.

Мы будзем размаўляць з НАТО пра распрацоўваньне дадатковых плянаў бясьпекі і больш хуткі працэс прыняцьця рашэньняў.

Найбольшую занепакоенасьць зь беларускіх суседзяў выказвае Літва. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце 9 лютага пасьля сустрэчы з прэзыдэнтамі Эстоніі і Латвіі ў Рызе заявіла: «Мы бачым, што рызыкі ўзрастаюць. Мы занепакоеныя вучэньнямі „Захад“ у 2017 годзе, падчас якіх уздоўж нашых межаў будуць разгорнутыя вялікія і агрэсіўныя войскі, якія дэманстратыўна будуць рыхтавацца да вайны з Захадам. Гэта азначае, што мы будзем размаўляць з НАТО пра распрацоўваньне дадатковых плянаў бясьпекі і больш хуткі працэс прыняцьця рашэньняў», — сказала Грыбаўскайце.

Міністар абароны Літвы Раймундас Каробліс сказаў: «Наяўнасьць такой вялікай колькасьці войскаў побач з нашымі межамі, вядома, стварае пэўныя рызыкі. Мы будзем прымаць меры ў адказ, у тым ліку з нашымі саюзьнікамі, каб пазьбегнуць якіх-небудзь правакацыяў. Цалкам відавочна, што Расея хоча аднавіць сваё панаваньне, зьмяніць балянс сіл у Эўропе. Гэта ўжо рэальная пагроза для Цэнтральнай Эўропы, у прыватнасьці для краін Балтыі».

У канцы студзеня гэтага году ў Варшаве пад эгідай фонду «Патамак» прайшоў мазгавы штурм пад назвай «Hegemon» з нагоды гэтых вучэньняў. У ім браў удзел Філіп Брыдлаў, генэрал ЗША, у нядаўнім мінулым вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднаных узброеных сіл НАТО ў Эўропе. Разглядаўся сцэнар арганізаванага Крамлём перавароту ў Беларусі, у выніку якога Лукашэнку адхіляюць ад улады, замяняючы яго цалкам ляяльнай постацьцю зь беларускага генэралітэту. Пасьля чаго Беларусь выкарыстоўваецца як пляцдарм для ваеннай пагрозы краінам Балтыі і Польшчы. Гэта прыкладна тое, пра што пісалі Сівіцкі і Царык. Чатыры гады таму немагчыма было сабе ўявіць, каб разглядаліся такія сцэнары.

Сёлета сьвет адзначае 100-годзьдзе дзьвюх расейскіх рэвалюцыяў, якія сталі вынікам Першай сусьветнай вайны. Дык вось падчас гэтай вайны чатыры гады фронт праходзіў праз тэрыторыю Беларусі, тут стаялі расейскія і нямецкія войскі. Вельмі непрыемныя асацыяцыі.

Глод: Безумоўна, Валер Карбалевіч мае рацыю, калі кажа, што яшчэ ніколі вайсковыя вучэньні не выклікалі такога хваляваньня, як манэўры «Захад-2017». Асабліва незразумелай стала вялікая колькасьць расейскіх войскаў.

Справа ў тым, што ў адкрыты друк трапілі дадзеныя пра вагоны, замоўленыя Міністэрствам абароны Расеі ў расейскай чыгункі. На 2017 год для перавозкі войскаў і вайсковых грузаў па Беларусі расейцы замовілі ажно 4162 чыгуначныя вагоны.

Нават калі чатыры тысячы вагонаў — перавозкі ў абодва бакі (2000 вагонаў ідуць у раён правядзеньня вучэньняў, 2000 — у адваротны бок), то ў Беларусі чакаюцца дзьве расейскія брыгады — 8 тысяч вайскоўцаў і прыкладна 150 танкаў. А гэта значная сіла.

Экспэрты тлумачаць актыўнасьць расейскіх вайскоўцаў двума магчымымі чыньнікамі.

Першы — расейскія войскі, як прыедуць сюды на манэўры, дык ужо ня вернуцца, а застануцца ў Беларусі для забесьпячэньня інтарэсаў Расеі.

Другі — хочацца зрабіць вялікія манэўры ў піку НАТО.

Расея ня можа рабіць выгляд, што ня ведае пра гэтыя праблемы.

Мне падаецца, ня трэба выключаць ніводзін з гэтых чыньнікаў. Падобна, што апошнім часам у Крамлі хацелі б бачыць у Беларусі больш ляяльнага саюзьніка, чым Лукашэнка. Як бы там ні было, але інфармацыйная і энэргетычная войны паміж саюзьнікамі ідуць. І калі напачатку высьвятленьне адносін адбывалася на ніжэйшых роўнях — паміж службамі, ведамствамі, міністэрствамі ды іншымі структурамі, — то цяпер Лукашэнка падчас так званай «Вялікай размовы з грамадзкасьцю» паставіў гэтую праблему публічна. У любым выпадку, цяпер Расея ня можа рабіць выгляд, што ня ведае пра гэтыя праблемы. І нельга выключаць, што ў Крамлі ідзе сёньня абмеркаваньне магчымай эскаляцыі канфлікту і больш радыкальных дзеяньняў у адносінах да Беларусі. Невыпадкова сустрэчы паміж Пуціным і Лукашэнкам дагэтуль няма. Магчыма, у Маскве яшчэ ня склалася агульная думка, што прапаноўваць Беларусі і чаго ад яе патрабаваць.

І ўсё гэта накладаецца на канфлікт Расеі з Захадам. Цяпер Крэмль усё ж такі хацеў бы бачыць больш ляяльнага беларускага саюзьніка. А не такога, які дазваляе сабе рэзка выказвацца адносна Масквы.

Міністэрствы абароны Беларусі і Расеі рэгулярна праводзяць сумесныя калегіі. Зацьверджаны плян сумесных мерапрыемстваў на 2016–2018 гады, які накіраваны на фармаваньне вайсковай арганізацыі так званай саюзнай дзяржавы. Вядома, можна казаць, што так званая саюзная дзяржава дагэтуль так і ня стала суб’ектам міжнароднага права і юрыдычна яна не існуе. Але яна існуе фактычна. Яе складовая частка — Рэгіянальная вайсковая групоўка Беларусі і Расеі з расейскім войскам у Калінінградзкім анкляве. З пэўнага часу там зьявіліся «Іскандэры», рэальная пагроза балтыйскім краінам — сябрам НАТО. Некаторыя экспэрты кажуць, што іх зьяўленьне ў Калінінградзе пазбавіла Беларусь стратэгічнага значэньня для Масквы ў супрацьстаяньні з НАТО. Але, як разважаюць некаторыя стратэгі, гэта не зусім так.

Да прыкладу, Беларусь адбілася ад расейскай авіябазы на сваёй тэрыторыі. Але гэтая тэма цалкам можа зьмяніцца тэмай «Іскандэраў». Чаму б крамлёўскім стратэгам не дывэрсыфікаваць сваю пагрозу НАТО, дадаўшы да Калінінграду яшчэ і пляцоўкі для ракет на беларускай тэрыторыі? Дарэчы, зьяўленьне расейскіх комплексаў «Іскандэр» у Армэніі тлумачылі зусім ня тым, што яны супраць Азэрбайджану. Маўляў, яны глядзяць у іншы бок — на Турэччыну, на НАТО. Пэўныя паралелі тут праглядаюцца.

Цыганкоў: У моманты, калі ідзе пэўнае абвастрэньне сытуацыі, альбо рэальнае, альбо ў розумах людзей, любыя звычайныя падзеі ўспрымаюцца з асаблівай вастрынёй. Таму дыскусію вакол вучэньняў «Захад-2017» я б таксама хацеў разглядаць з двух бакоў — рэальнага і псыхалягічнага. Апошні тут ня менш важны, бо сапраўды ідзе пэўнае нагнятаньне абстаноўкі вакол тых падзеяў, якія раней успрымаліся досыць нэўтральна.

Нагадаю, што вучэньні праходзілі ў сярэднім кожныя чатыры гады. Быў «Захад-2009», і тады было задзейнічана больш за 6 тысяч вагонаў, як паведаміла Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. Быў «Захад-2013» — амаль 2,5 тысячы вагонаў. Цяпер ідзе размова пра 4 тысячы вагонаў — 2 тысячы туды, 2 тысячы назад. Але гэтыя лічбы, як бачым, хоць і параўнальныя з ранейшымі вучэньнямі, але выклікаюць такую дыскусію, што з гумарам можна сказаць: большасьць беларускіх аналітыкаў і палітолягаў сталі спэцыялістамі па чыгуначнай лягістыцы, разьлічваюць, колькі могуць зьмяшчаць гэтыя вагоны, колькі туды можа ўлезьці салдат, гармат і г. д., і праводзяць свае дні ў такіх захапляльных дыскусіях. І натуральна, што ўсю гэтую псыхалягічную накручанасьць можна ўспрымаць, для яе ёсьць падставы. Калі коратка, адным словам сказаць, якія падставы — гэта Крым і Данбас. То бок ніякіх лягічных меркаваньняў бачыць нейкую пагрозу ў гэтых вучэньнях у прынцыпе няма. Нейкія саюзьніцкія дамоўленасьці паміж Беларусьсю і Расеяй рэгулююцца міжнароднымі дамовамі, расейцам дазволена знаходжаньне ў Беларусі толькі падчас вучэньняў, часова. Пасьля заканчэньня яны павінны зьехаць назад, так заўсёды было. Інакш — гэта незаконна і сапраўды факт пэўнай акупацыі.

Але сёньня, калі глядзець на гэтую сытуацыю лягічна, без нагнятаньня, у прынцыпе Масква хацела б, каб Захад, перш за ўсё новая адміністрацыя ЗША, зьняў зь яе міжнародныя санкцыі. Таму нейкае абвастрэньне на беларускім кірунку Крамлю абсалютна нявыгадна. Тым больш мы ведаем, што беларускае кіраўніцтва нейкім чынам змагло адбіцца ад вайсковай авіябазы. Фактычна гэтае пытаньне ўжо не ўздымаецца на палітычным узроўні, калі ня браць нейкую расейскую маргінальную прэсу. Чаму тады меркаваць, што яно (беларускае кіраўніцтва) можа даць слабіну ў больш сур’ёзным пытаньні знаходжаньня тысяч расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі?

Але гэта ўсё лягічныя высновы, якія б’юцца адным аргумэнтам: а быў Крым. То бок абсалютна нелягічнае, непатрэбнае Маскве з пункту гледжаньня стратэгічных наступстваў дзеяньне, якое, аднак, адбылося і прывяло да такіх наступстваў. Таму, я думаю, гэтую дыскусію ў такім рэчышчы і можна разглядаць. Калі меркаваць, што дзейнічаюць рацыянальныя падыходы да палітыкі, то ня варта нічога асьцерагацца Беларусі. Ніякай агрэсіі Масквы ня можа быць — гэтыя вучэньні пройдуць як звычайна. Але вось заўсёды ў любым аналізе застаецца той самы загадкавы момант, калі адбываюцца абсалютна непрадказальныя і нерацыянальныя рэчы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG