Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў: вучэньні «Захад-2017» могуць стаць падрыхтоўкай да стратэгічнай наступальнай апэрацыі


Ілюстрацыйнае фота

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў не выключае, што пасьля правядзеньня супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017» Расея пакіне частку свайго кантынгенту на беларускай тэрыторыі для стратэгічнай наступальнай апэрацыі.

«Пры падрыхтоўцы да актыўнай фазы вучэньняў Захад-2017 (а яны маюць адбыцца сёлета на пачатку верасьня) нельга выключаць правядзеньня расейскім бокам прыхаваных захадаў падрыхтоўкі да стратэгічнай наступальнай апэрацыі. Ёсьць усе падставы меркаваць, што пасьля актыўнай фазы вучэньняў вайсковы кантынгент застанецца ў Рэспубліцы Беларусь», — заявіў Аляксандар Турчынаў сёньня падчас выступу ў Кіева-Магілянскай бізнэс-школе з нагоды адкрыцьця вучэбнай праграмы пра лідэрства ў сфэры бясьпекі і абароны.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі дадаў, што ў камандна-штабных вучэньнях «Захад-2017» у Заходняй вайсковай акрузе, Беларусі ды Калінінградзкай вобласьці, у непасрэднай блізкасьці да Ўкраіны ды ўсходніх межаў NATO, заплянаваны ўдзел 100 тысяч вайскоўцаў. «Паводле ацэнак вайсковых спэцыялістаў, канчатковая мэта гэтых вучэньняў ёсьць праверка гатоўнасьці расейскіх войскаў праводзіць апэрацыі ад рэгіянальных да шырокамаштабных абмежаваных войнаў ва ўмовах скарачэньня часу на іх стратэгічную падрыхтоўку», — адзначыў Аляксандар Турчынаў.

6 красавіка першы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Іван Руснак падчас сустрэчы ў Кіеве з намесьніцай генэральнага сакратара NATO Роўз Гэтэмюлер заявіў пра занепакоенасьць у сувязі з правядзеньнем Расеяй і Беларусьсю супольных вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

«Сытуацыя ў раёне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі застаецца напружанай. Акрамя таго, занепакоенасьць выклікаюць агульныя стратэгічныя вучэньні ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі „Захад-2017“, якія адбудуцца сёлета ўвосень», — заявіў тады Іван Руснак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG