Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка стаў адвакатам вучэньняў «Захад 2017»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чаму кіраўнік Беларусі вымушаны апраўдвацца за вайсковыя вучэньні? Ці ўяўляюць яны рэальную пагрозу для суседзяў? Ці разбураюць восеньскія манэўры вобраз Беларусі як донара бясьпекі?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: «Цягам трох дзён кіраўнік Беларусі два разы выступіў у ролі рэклямадаўцы беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў. Спачатку 13 чэрвеня ён сустракаўся зь міністрамі абароны краін-чальцоў АДКБ. А 15 чэрвеня ён правёў сустрэчу з сакратарамі Радаў бясьпекі краін-чальцоў гэтага вайскова-палітычнага саюзу. Сам факт таго, што Лукашэнка вымушаны абараняць гэтыя вучэньні, апраўдваць, абвяргаць асьцярогі суседзяў, тлумачыць свае мэты, — гэты факт кажа шмат пра што. Гэтую тэму ён закранаў нават у сваім выступе з пасланьнем у Нацыянальным сходзе. Гэта азначае, што вучэньні, якія яшчэ не адбыліся, сталі выклікам бясьпецы, фактарам дэстабілізацыі ў рэгіёне. Ва ўсякім разе, так гэта ўспрымаецца краінамі рэгіёну.

Пры гэтым на сустрэчы 15 чэрвеня Лукашэнка перайшоў у атаку, абвінаваціў Захад, НАТО ў вайсковай актыўнасьці на беларускіх межах. Маўляў, самі вінаватыя. Заявы Лукашэнкі ідуць у рэчышчы старой рыторыкі, якая выкарыстоўвалася афіцыйным Менскам да пачатку палітыкі нармалізацыі з Захадам.

роля саюзьніка дзяржавы, якую ў рэгіёне лічаць агрэсарам, і роля міратворцы, донара бясьпекі дрэнна сумяшчальныя

Дзіўна тое, што ўсё гэта адбываецца на тле бясконцых заяваў беларускіх дыпляматаў пра Беларусь як донара, правайдэра бясьпекі, міратворцу, краіну, якая бярэ на сябе місію рэалізаваць ідэю інтэграцыі інтэграцый. Справа ў тым, што ролю міратворцы, пасярэдніка, правайдэра бясьпекі можа выканаць толькі нэўтральная дзяржава. Тое, што Беларусь фармальна, а ў значнай ступені і фактычна — саюзьніца Расеі, чалец вайскова-палітычнага блёку АДКБ і Эўразійскага эканамічнага саюзу, да гэтага часу трохі мікшавалася адносна нэўтральнай пазыцыяй, якую заняў Менск у канфлікце Расеі з Украінай і Захадам.

Але маючыя адбыцца вучэньні з Расеяй «Захад 2017» моцна зьмянілі палітычны клімат у рэгіёне, выклікалі вялікі ажыятаж і асьцярогі суседніх дзяржаў. Буйныя ваенныя манэўры з РФ — асноўным суб’ектам шэрагу міжнародных канфліктаў і скандалаў, галоўным вінаватым у разбурэньні дагэтулешняй сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі — вельмі дрэнна спалучаюцца з роляй донара стабільнасьці і міратворцы, якую спрабуе рэалізаваць Беларусь. Аб’ектыўна вучэньні «Захад 2017» зьнялі флёр са зьнешняй палітыкі Беларусі. Яны разбурылі выдуманы вобраз.

Самае дзіўнае, што, на наш погляд, палітычнае кіраўніцтва Беларусі гэтага не разумее і працягвае паўтараць ранейшую мантру. Але роля саюзьніка дзяржавы, якую ў рэгіёне лічаць агрэсарам, і роля міратворцы, донара бясьпекі дрэнна сумяшчальныя. Тут трэба неяк выбіраць: альбо адно, альбо другое.

А пэрыядычнае фліртаваньне з Захадам — гэта толькі тактычны прыём

Глод: Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнку трэба неяк выбіраць: альбо адно, альбо другое. Чамусьці мне гэта нагадала знакамітае горкаўскае: «З кім вы, майстры культуры?». Праблема выбару, на мой погляд, перад Лукашэнкам не стаіць. Ён ніколі ня прыме для сябе заходні лад жыцьця, дэмакратычныя каштоўнасьці, асабліва вяршэнства закону, які абмяжоўвае правы нават прэзыдэнта краіны.

Таму выбіраць цяпер кіраўніку Беларусі не выпадае. Ён даўно ўжо вызначыўся са сваімі прыярытэтамі. Галоўны зь іх — саюз з Расеяй. А пэрыядычнае фліртаваньне з Захадам — гэта толькі тактычны прыём.

Карбалевіч: «Калі я казаў пра выбар, то ня меў на ўвазе перамену саюзьніка. Гаворка ідзе пра выбар паміж падтрымкай дзеяньняў Расеі, якія суседзі лічаць агрэсіўнымі, і нэўтральнай пазыцыяй у канфлікце РФ з Захадам, якой, дарэчы, Беларусь у асноўным прытрымлівалася з 2014 году.

У Варшаве ўвесь час мараць мець паміж сабою і Масквою пэўны буфэр у выглядзе Беларусі

Глод: Стратэгія ж, якая была абраная яшчэ ў 1994 годзе, застаецца нязьменнай. Лукашэнка цудоўна ведае, дзе яго сапраўдныя абаронцы. Яны ў Маскве, а не ў Вашынгтоне, не ў Брусэлі, не ў Варшаве. Таму ў сытуацыі з вайсковымі вучэньнямі для яго ніякага выбару няма. А пакуль можна падурыць галаву і заходнім палітыкам. Мяне, напрыклад, часам пытаюць: а чаму, на ваш погляд, Польшча, якой рэальна кіруе такі недружалюбец Расеі, як Качыньскі, ставіцца да Лукашэнкі нашмат больш ляяльна і прыязна, чым урад Туска?

Ды таму, што ў Варшаве ўвесь час мараць мець паміж сабою і Масквою пэўны буфэр у выглядзе Беларусі. І спадзяюцца, што чым бліжэй Лукашэнка наблізіцца да Захаду, тым болей шанцаў, што ён аддаліцца ад Расеі. Але ж гэта, на мой погляд, абсалютна марныя спадзяваньні. Так, я згодны з Валерам Карбалевічам, што Расея ў нашым рэгіёне лічыцца агрэсарам. Адсюль і нарошчваньне вайсковага патэнцыялу суседзяў, найперш Літвы і Польшчы, праз сыстэму НАТО. Але гэта дае падставы Лукашэнку неаднаразова заяўляць, што напружанасьць у рэгіёне нарастае. Вядома, ён не тлумачыць, зь якіх прычын і з чыёй ініцыятывы такое адбываецца. Але ж факт павелічэньня напружанасьці існуе насамрэч. І гэта дадатковая падстава для шырокамаштабнага ўдзелу Беларусі ў вучэньнях «Захад-2017».

Цыганкоў: Я б паспрачаўся з Валерам Карбалевічам. Правядзеньне гэтых вучэньняў не дадае нічога новага ў карціну сьвету ў нашым рэгіёне. Вучэньні гэтыя праходзяць кожныя два гады, па чарзе на тэрыторыі Беларусі і Расеі. І кожны раз яны выклікалі пэўную незадаволеную рэакцыю з боку суседзяў Беларусі. Натуральна, што пасьля Крыму і Данбасу зьмянілася геапалітычная сытуацыя. Але адзінае адрозьненьне ў стаўленьні да гэтых манэўраў — у тым, што цяпер яны выклікаюць нэгатыўную рэакцыю і ва Ўкраіне, у некаторых публіцыстаў і палітыкаў. Але прэзыдэнт Пятро Парашэнка нічога крытычнага пра гэта ня кажа і толькі паўтарае запэўніваньні Лукашэнкі, што Беларусь ніколі ня стане пляцдармам для расейскай агрэсіі.

Правядзеньне гэтых вучэньняў не дадае нічога новага ў карціну сьвету ў нашым рэгіёне

Урэшце, я думаю, заходнія палітыкі, якія крытыкуюць гэтыя вучэньні, на самой справе разумеюць, што гэтыя тры тысячы расейскіх вайскоўцаў ніяк ня змогуць захапіць Польшчу ці краіны Балтыі. У Беларусі каля 60 тысяч свайго войска. Гэтыя тры тысячы расейскіх вайскоўцаў ніяк не паўплывалі б на сытуацыю, нават калі б яны сапраўды захацелі тут застацца — хоць такі варыянт уяўляецца вельмі неверагодным. Так што гэта нармальная палітычная рыторыка.

Суседзі Беларусі лішні раз нагадваюць афіцыйнаму Менску, што ён знаходзіцца ў вайскова-палітычным саюзе з Расеяй. Лішні раз нагадваюць, што як бы вы ні прадстаўлялі сябе «донарам бясьпекі», на самой справе ў вайскова-стратэгічным сэнсе вы толькі частка расейскага войска. Заходнія палітыкі набіраюць сабе палітычныя ачкі на крытыцы гэтых вучэньняў, але наўрад ці гэтыя манэўры нешта зьменяць у раскладзе сілаў у рэгіёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG