Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэсантнікі зьехалі зь Беларусі, чакаюцца новыя


Ілюстрацыйнае фота

Расейскія дэсантнікі, якія ўдзельнічалі ў сумесных зь Беларусьсю і Сэрбіяй тактычных вучэньнях «Славянскае братэрства-2017», вярнуліся ў пункт сталай дысьлякацыі ў Пскоў. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства абароны Расеі.

«Сёньня ў пункт сталай дысьлякацыі вайсковым чыгуначным эшалёнам дастаўлены асабісты склад і вайсковая тэхніка тактычнай групы Пскоўскай дэсантна-штурмавой дывізіі, якія бралі ўдзел у сумесным вучэньні «Славянскае братэрства-2017», — гаворыцца ў паведамленьні.

Сумесныя вучэньні вайскоўцаў Расеі, Беларусі і Сэрбіі прайшлі 6–14 чэрвеня на беларускім палігоне «Брэсцкі». У іх узялі ўдзел больш за 1000 чалавек і паўтары сотні адзінак тэхнікі.

«На вучэньнях «Славянскае братэрства-2017» назіральнікі змаглі ўбачыць толькі "тэатралізаванае прадстаўленьне«,— так ахарактарызаваў «адкрытасьць» манэўраў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім падчас канфэрэнцыі Ostrogorski Forum у Менску. — Мой вайсковы аташэ паехаў туды, для іх зладзілі паказальны фарс — прадстаўленьне па захопе тэрарыстычнай групы на дамбе. Вельмі клясна зроблена. А самі вучэньні прайшлі ў іншым месцы, куды не запрасілі ніводнага міжнароднага назіральніка, ніводнага вайсковага аташэ«.

Дыплямат заклікаў кіраўніцтва Беларусі да большай адкрытасьці ў сувязі з шырокамаштабнымі беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017».

Паводле папярэдняй інфармацыі, вучэньні пройдуць у верасьні, у іх будзе задзейнічана каля 3000 вайскоўцаў і 300 адзінак вайсковай тэхнікі. У краінах Балтыі і Ўкраіне асьцерагаюцца, што пасьля заканчэньня вучэньняў расейскія войскі могуць тут і застацца. Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў назваў такія заявы «гістэрыяй асобных экспэртаў». Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што вучэньні не нясуць пагрозы.

На канфэрэнцыі ўкраінскі дыплямат папярэдзіў, што Беларусі ня варта недаацэньваць зьнешнія пагрозы, і спаслаўся на прыклад Украіны, якая да пачатку расейскай агрэсіі таксама не лічыла, што ў яе ёсьць зьнешні вораг:

«Ніхто ў 2013 годзе ня мог прадбачыць таго, што здарылася. Таму ня трэба самазаспакойвацца, ёсьць пагрозы, якія немагчыма ўбачыць. Самае страшнае для нас і карыснае для вас — гэта тое, што ўсе краіны зрабілі выснову, на жаль, на нашым, украінскім прыкладзе. Тое, чаго мы не змаглі зрабіць на прыкладзе Грузіі...»

Ігар Кізім сказаў, што згодна з нормамі АБСЭ афіцыйны Менск як арганізатар вучэньняў «Захад-2017» павінен мінімум за месяц папярэдзіць міжнародную грамадзкасьць пра задуму манэўраў, як гэта робяць краіны НАТО.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG