Ці могуць палявыя камандзіры спыніць вайну? Беларускі палкоўнік запасу Андрэй Шубадзёраў расказаў Свабодзе пра ініцыятыву «Дадому»

Абмен ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай. 23.10.2026. Ілюстрацыйнае фота

Былы беларускі вайсковец, палкоўнік запасу Андрэй Шубадзёраў абвясьціў пра ініцыятыву «Дадому». Яе мэта — данесьці да вайскоўцаў з абодвух бакоў вайны Расеі супраць Украіны, што яны могуць дамовіцца аб спыненьні агню, каб перастаць гінуць і вярнуцца дадому.

Шубадзёраў лічыць, што палітыкі пакуль ня могуць спыніць вайну, а рэальны ўплыў на сытуацыю маюць тыя, хто непасрэдна ваюе і трымае зброю ў руках. Ён заклікае дагрукацца да палявых камандзіраў празь іхных родных і блізкіх, а таксама праз мэдыя і грамадзкія ініцыятывы.

Андрэй Шубадзёраў — палкоўнік запасу Ўзброеных сіл Беларусі. Кіраваў вайсковым інфармацыйным агенцтвам «Ваяр». У інтэрвію Свабодзе Шубадзёраў расказаў, чаму вырашыў пачаць гэтую місію, як уяўляе яе рэалізацыю, ці ёсьць шанец быць пачутым вайскоўцамі і якую ролю ў гэтым могуць адыграць беларусы.

Каго тычыцца місія «Дадому»?

— Вы абвясьцілі пра ініцыятыву «Дадому». Наколькі я разумею, яе асноўная ідэя — дагрукацца да палявых камандзіраў, да людзей, якія непасрэдна ваююць, каб менавіта яны маглі спыніць вайну.

Андрэй Шубадзёраў. Архіўнае фота

— Давайце спачатку расставім акцэнты. Місія «Дадому» тычыцца ўсіх вайскоўцаў з абодвух бакоў. Пытаньне ў тым, што я, напэўна, больш акцэнтую ўвагу на расейскім баку, таму што ў той краіне большая інфармацыйная блякада. Значная частка людзей ня мае доступу да максымальна магчымай колькасьці інфармацыйных рэсурсаў, празь якія можна было б распаўсюджваць гэтую ідэю. Але адназначна, што я працую ў абодвух кірунках, бо дамаўляцца давядзецца ім разам. Хочацца, каб яны прыйшлі да разуменьня, што могуць дамовіцца паміж сабой.

У мяне ёсьць факты і інфармацыя ад маіх украінскіх калегаў, што людзі дамаўляюцца пра спыненьне агню, каб забраць загінулых з зоны баявых дзеяньняў. Бывае, што нават перакідваюць адзін аднаму цыгарэты. Таму гэта відавочны факт: місія тычыцца і тых, і другіх.

— Што падштурхнула вас да гэтай ініцыятывы?

— Прычынаў некалькі. У кожнага з нас ёсьць асабістыя матывы. Я дакладна разумею, што для мяне галоўная прычына — я не хачу, каб мае дзеці і ўнукі жылі ва ўмовах, калі вайна бачная на кожным кроку і перашкаджае ім паўнавартасна жыць, быць шчасьлівымі. Яна ўплывае на ўсе сфэры жыцьця: цэны ў крамах, кошт адукацыі, пытаньні міграцыі, магчымасьці свабоднага перамяшчэньня і шмат што іншае. Я кожны дзень жыву ў гэтай рэальнасьці. Калі хтосьці спытае, ці быў я сам на вайне, то мне ня трэба быць на вайне, каб адчуваць яе дыханьне.

Другая прычына — гінуць людзі. Гінуць мае таварышы з абодвух бакоў. З Украіны я дакладна ведаю двух сваіх аднагрупнікаў, зь якімі вучыўся ў Львове амаль чатыры гады і потым шмат гадоў падтрымліваў сувязь. Адзін падарваўся на мінах, другі загінуў ад снараду.

З расейскага боку я нават баюся ўявіць, колькі людзей загінула сярод маіх знаёмых. Ведаю толькі адзін дакладны факт: у майго аднакурсьніка, былога вайсковага пракурора, сын прапаў бязь вестак. Я нават не ўяўляю, як пакутуюць іхныя сем’і, родныя і блізкія. Гэта жахліва. Пакутуюць мільёны людзей. Атрымалася так, што палітыкі давялі сытуацыю да абсурду, і становіцца відавочным, што людзі для іх — маленькая хібнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пасьля фронту: вэтэраны Каліноўскага». Фільм Свабоды пра беларусаў, якія ваявалі за Ўкраіну

Як дагрукацца да вайскоўцаў

— Як вы плянуеце данесьці да вайскоўцаў інфармацыю пра вашу місію?

— Гэта ключавы фактар рэалізацыі місіі. У маім Telegram-канале ёсьць чатыры важныя пункты. І цяпер я найперш імкнуся рэалізаваць адзін зь іх — каб як мага больш людзей даведаліся, што ў вайскоўцаў ёсьць такая магчымасьць. Трэба зразумець, што можна і трэба дагрукацца да вайскоўцаў. Як гэта зрабіць? Праз родных і блізкіх, праз свае блогі, інфармацыйныя крыніцы. Кажыце ім: «Хлопцы, дамаўляйцеся, хлопцы, спыніцеся». Я паступова буду публікаваць звароты і важныя словы для людзей, якія знаходзяцца там. Я разумею, што адчуваюць тыя, хто на полі бою. Я ведаю, што цяпер адбываецца на фронце. Ключавы фактар, які назіраецца, — татальны страх, асабліва з расейскага боку. Гэта страх пакараньня за невыкананьне загадзя невыканальнай задачы. Я думаю: няўжо страх сьмерці меншы за страх быць пакараным?

Важна данесьці да людзей простую думку: вас чакаюць дома, і ўсё гэта трэба спыняць. Гаворка зусім ня йдзе пра тое, каб узяць зброю і кудысьці пайсьці нешта вырашаць. Гаворка пра тое, каб людзі, якія бачаць адзін аднаго ў прыцэлы, чуюць адзін аднаго праз радыёперахоп, дамовіліся і сказалі: «Слухай, усё, так далей нельга».

Гэтыя дзесяць мэтраў зямлі, за якія гінуць сто чалавек, не прынясуць шчасьця ні сям’і, ні каму іншаму. Трэба стаць перад люстэркам і падумаць пра тое, што прыносіць тваёй сям’і ўсё, што ты цяпер робіш. Не незразумелай дзяржаве, не палітыкам і ня нейкім ідэалягічным мэтам, а менавіта тваёй сям’і. І тады ты зразумееш, што для яе ў гэтым няма нічога важнага.

Я чалавек вайсковы, мяне вучылі берагчы людзей. Я не разумею, што адбылося з палявымі камандзірамі, якія гоняць сваіх падначаленых на сьмерць. Гэта прынцыповае пытаньне. Трэба зразумець, чаму яны ня хочуць берагчы людзей. І трэба падумаць, колькі яшчэ маладых хлопцаў загіне, калі цяпер усё гэта не спыніць. Інакш у будучыні туды ж пойдуць іхныя дзеці і ўнукі.

Тры дні таму я размаўляў са сваім украінскім калегам, які толькі што дэмабілізаваўся. Ён сказаў: «Андрэй, я такі шчасьлівы, што нарэшце выйшаў з гэтага. Ты ня ўяўляеш, колькі дзяцей я пахаваў». Спачатку я не зразумеў, пра якіх дзяцей ён гаворыць. У яго ж адзін ці двое дзяцей. І толькі потым да мяне дайшло: ён пахаваў шмат тых, хто быў маладзейшы за яго, тых, хто мог быць ягонымі дзецьмі.

Што адбываецца ў асяродзьдзі расейскіх вайскоўцаў

— Вы маеце даволі шмат кантактаў з украінскімі вайскоўцамі. Але што вам вядома пра настроі сярод расейскіх вайскоўцаў?

Андрэй Шубадзёраў. Архіўнае фота

— У мяне няма прамых кантактаў зь людзьмі, якія ваююць на расейскім баку. Я спыніў зносіны з большасьцю сваіх былых калегаў яшчэ з 2014 году. Але мне ня трэба мець такія кантакты, каб разумець, што там адбываецца. Я гляджу Telegram-каналы, бачу, як з абодвух бакоў рэгулярна публікуюць допісы пра стомленасьць, пра тое, навошта людзі там знаходзяцца і што яны робяць. Відавочна, што і там, і там ёсьць экзістэнцыйны страх і безвыходнасьць. Людзі разумеюць, што гэтаму ня будзе канца і краю.

Мне здаецца, што менавіта гэтае разуменьне — што так больш нельга і трэба знайсьці нейкі спосаб спыніць вайну — і павінна стаць галоўным. Я паглядзеў на сытуацыю і зразумеў: палітыкі не змаглі вырашыць праблему, не вырашаюць яе цяпер і, відаць, ня вырашаць далей. У каго ў руках зброя? Толькі ў вайскоўцаў. Хто можа перастаць страляць? Толькі вайскоўцы.

Мне часта тэлефануюць былыя калегі і кажуць: «Андрэй, ты разумееш, што гэта пераварот, што гэта дэзэртырства?» Я ім тлумачу: калі гаворка ідзе пра адэкватныя загады, адэкватныя мэты і задачы, тады мы можам пра гэта размаўляць. Але калі сёньня без зразумелых мэтаў і задачаў гіне вялікая колькасьць людзей, то тут гаворка ня пра палітыку. Гэта гуманітарнае пытаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, генэрал ФСБ у адстаўцы падтрымаў заяву генэрала Івашова

Ці мог быць пачуты зварот расейскага генэрала Івашова?

— Перад пачаткам вайны, за некалькі тыдняў да ўварваньня, былы высокапастаўлены расейскі вайсковец Леанід Івашоў заклікаў Пуціна не пачынаць вайну. Ён папярэджваў пра вялікія чалавечыя страты, пра тое, што расейцы і ўкраінцы стануць ворагамі, і пра пагрозу самому існаваньню Расеі. Цяпер Івашоў зноў выступіў з больш рэзкім зваротам і заявіў, што для спыненьня вайны трэба зьмяніць кіраўніцтва Расеі. Ці меў ён тады шанец быць пачутым і ці мае ягоны голас значэньне цяпер?

— Не, гэта немагчыма. Такія рэчы фармуюцца, арганізуюцца і плянуюцца гадамі. Гэта ж не адбываецца за месяц ці два, калі машына раптам перадумала і пайшла ў іншы бок. У гэтай сыстэме ўсё робіцца загадзя, і ўсе цудоўна разумеюць, што гэта фармавалася вельмі доўга. Калі плян ужо падрыхтаваны, калі пад яго заточаная вялікая колькасьць людзей, калі падрыхтаваныя ўзбраеньне, тэхніка і сыстэмы, голас аднаго чалавека ўжо нічога ня зьменіць.

Вы ведаеце інфармацыю пра тое, што эканамісты прыходзілі да Пуціна напярэдадні вайны і тлумачылі, да чаго ўсё гэта прывядзе. Але гэта не спыніла яго. Таму Івашоў, нягледзячы на тое, што ён вельмі папулярны і разумны чалавек, ня мог паўплываць на сытуацыю. І цяпер ягоны голас таксама наўрад ці нешта зьменіць, бо ёсьць іншыя палітычныя мэты, якія зусім не супадаюць з разумнымі паводзінамі.

Мне наогул цяжка зразумець тое, што цяпер адбываецца з абодвух бакоў. Самае страшнае, што ў сьвеце перасталі разумець, што ёсьць чалавек. Нас падзялілі паводле нацыянальнасьцяў, нацыяў і гэтак далей. А слова Human, чалавек, зьнікла. Хоць мы ўсе аднолькавыя: аднолькава хварэем, нараджаемся і паміраем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Кушнер дапускае для Ўкраіны гарантыі на ўзор NATO, але пытаньні застаюцца

Ці можа грамадзкі рэзананс дапамагчы спыніць вайну?

—Пры якой умове ваш голас можа быць пачуты? Ці разьлічваеце вы, што вас пачуюць вайскоўцы або кіраўніцтва?

— Я зусім не перасьледую мэты, каб мой голас пачулі палітыкі. Для мяне важна, каб мы ўсе зразумелі: ня трэба думаць, што нехта за нас нешта вырашыць. Ніхто за нас нічога ня вырашыць. Камандзір на полі бою сядзіць і думае, што нехта дапаможа яму спыніць баявыя дзеяньні. Але ніхто, акрамя яго самога, гэтага ня зробіць. Гэта самы важны момант.

Я даўно не публікаваў нічога ў Facebook. Апошнія два гады мая жонка хварэла на анкалягічнае захворваньне, і мне было не да сацыяльных сетак. Я вёў сваю вайну. Гэта таксама адзін з фактараў. Калі губляеш блізкага чалавека, узьнікае страх страціць іншых блізкіх. Ты здольны рабіць цуды. Таму хочацца, каб цуды адбыліся.

Калі я апублікаваў першыя допісы пра місію, адзін набраў амаль пяць тысяч праглядаў, другі — каля трох тысяч. Людзі пачынаюць задумвацца: а ці атрымаецца, а што будзе далей? Але ніхто ня зрабіў ніводнага рэпосту. Ніхто не падумаў, што трэба хаця б неяк пашырыць гэтую інфармацыю. Людзі пачынаюць будаваць складаныя канструкцыі замест таго, каб проста сказаць: гэта ж праўда, трэба, каб яны вярнуліся дадому.

Я хачу, каб першым вынікам місіі стала тое, што хаця б мільён чалавек даведаецца пра яе і пачне распаўсюджваць гэтую інфармацыю. Каб людзі пісалі ў сваіх допісах слова «Домой», выкарыстоўвалі адпаведны хэштэг.

І самае галоўнае — каб родныя і блізкія людзей, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, напісалі ім, патэлефанавалі і сказалі, чаго яны хочуць. Яны хочуць, каб тыя вярнуліся дадому. І што ў іх ёсьць такая магчымасьць, бо цяпер яны нават яе не дапускаюць. Каб вы разумелі, як працуе гэтая сыстэма: цяпер яны ўсе знаходзяцца нібыта ў коме. Каб прыняць нейкія рашэньні, трэба спыніцца, сабраць загінулых, пахаваць іх і хаця б некалькі дзён адпачыць, каб зразумець, што рабіць далей. Я ўпэўнены, што сярод камандзіраў ёсьць людзі, здольныя прыняць такое рашэньне. Ім галоўнае пераадолець страх.

Гэта людзі са зброяй, яны могуць абараніць сябе і гарантаваць уласную бясьпеку. Іхны галоўны страх — што іх пакараюць за тое, што яны спынілі баявыя дзеяньні. Але можна сказаць: я спыніў гэта, каб захаваць сваіх людзей. І гэта будзе азначаць захаваньне жыцьцяў з абодвух бакоў. Мы гаворым толькі пра ўзаемную дамоўленасьць, а не пра тое, што адна сторона нешта зробіць, а другая — не. Мэта гэтай місіі — захаваць жыцьці і здароўе людзей. Далей няхай палітыкі гадамі вядуць перамовы, мяняюць тэрыторыі і вырашаюць, што хочуць. Галоўнае, каб у гэты час людзі не гінулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Перамовы ў Абу-Дабі спрыялі дыпляматыі, але ня міру. Аналіз Свабоды

Якая роля беларусаў у місіі?

— Ёсьць грамадзяне Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны, ёсьць тыя, хто ваюе на баку Расеі. Беларускія прадпрыемствы падтрымліваюць расейскую ваенную машыну. Ці бачыце вы асобную ролю беларусаў у гэтай місіі?

— Я не хачу дзяліць удзельнікаў місіі паводле нацыянальнасьці. Для мяне гэта прынцыпова. Хоць беларусы, мне здаецца, найбольш хочуць міру ў гэтым сьвеце. Я лічу, што ўсе павінны данесьці гэтую інфармацыю да сваіх родных і блізкіх любымі спосабамі: баявыя дзеяньні можна спыніць, калі данесьці інфармацыю да палявых камандзіраў і папрасіць іх абмеркаваць паміж сабой магчымасьць прыняць такое рашэньне.

— Вы гаворыце пра колькасьць праглядаў допісаў. Ці ёсьць ужо нейкія рэакцыі на місію?

— Рэакцыі ёсьць, але ў асноўным людзі ўсё ўскладняюць. Чалавек прыходзіць, чытае, і ўсё, што яму трэба зрабіць, — калі ён згодны з гэтай пазыцыяй, выказаць яе ў сябе, распаўсюдзіць інфармацыю, зрабіць рэпост. Але ў нас пачынаецца экзыстэнцыйны страх: а ці не адбудзецца нешта са мной? Калі я апублікаваў інфармацыю пра місію, многія тэлефанавалі і пыталіся: «Андрэй, у цябе нешта здарылася? Можа, цябе ў закладнікі ўзялі?»

Я адказваў: «Не, хлопцы, вы проста ўчытайцеся». Хтосьці баіцца, што я займаюся нейкай палітычнай дзейнасьцю. Але гаворка ідзе пра захаваньне жыцьцяў людзей. Таму рэакцыі ёсьць, але яны вельмі складаныя. Людзі пачынаюць дыскутаваць: а што адбудзецца, а што будзе, а ці атрымаецца? Але цяпер няма сэнсу ўваходзіць у такія дыскусіі. Ёсьць прынцыпова важны момант: данесьці інфармацыю.

Напішыце слова «Домой». Падзяліцеся з тымі, чые блізкія ваююць. Скажыце ім: ёсьць такая місія. Трэба сканцэнтраваць намаганьні і данесьці простую думку да палявых камандзіраў, да людзей са зброяй: мы хочам, каб вы вярнуліся дадому. Мы хочам, каб вы зрабілі ўсё, каб мы вас дачакаліся.

Найперш хацелася б, каб гэта сказалі маці, жонкі, родныя і блізкія. Але важна, каб гэта прагучала ад усіх, каб вайскоўцы адчулі сваю значнасьць. Бо цяпер гэтыя людзі нікому не патрэбныя. Яны гінуць сотнямі, а сьвет жыве зусім іншым жыцьцём.

Я буду спрабаваць працаваць ня толькі праз мэдыя і грамадзкія ініцыятывы. У мяне ёсьць кантакты з аднаго боку, я паспрабую аднавіць кантакты і з другога боку. Буду імкнуцца данесьці гэтую інфармацыю ў прыватным парадку. Але гэта ня будзе так эфэктыўна, як распаўсюджваньне ідэі празь людзей і мэдыя. Гэтую ідэю трэба прасоўваць. Яна не бессэнсоўная і можа даць вынік.

— Раскажыце пра сваю вайсковую службу.

— Я скончыў Львоўскую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню, а потым з адзнакай — Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Служыў спачатку ў Грузіі, з 1989 да 1993 году, а потым — ва Ўзброеных сілах Беларусі да 2015 году. Апошняя частка маёй службы была зьвязаная з працай з інфармацыяй. У асноўным гэта была інфармацыйная праца ва Ўзброеных сілах і пашырэньне магчымасьцяў інтэрнэту для падтрымкі гэтай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзе ў беларускім войску ўжываюць беларускую мову?