«Архіпэляг БЕЛАГ-2». Захаваць годнасьць за кратамі: споведзі былых палітвязняў

У апошняй частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» былыя палітычныя зьняволеныя расказваюць пра тое, што дапамагло ім выжыць за кратамі.

Ігар Лосік, былы палітвязень:

«Галадоўкі і спробы суіцыду не дапамогуць вызваліцца ці перагледзець справу, але пасьля гэтага яны перасталі зь мяне зьдзекавацца. Я думаю, што я такім чынам дабіўся таго, што не сядзеў у адзіночцы, як Ціханоўскі, Статкевіч».

Паліна Шарэнда-Панасюк, былая палітзьняволеная:

«Самае галоўнае, што я ніколі не лічыла, што знаходжуся ў турме. Я ўсім казала — людзям у форме, палітычным зьняволеным і іншым — што мы ваеннапалонныя, што мы закладнікі».

Павал Севярынец, былы палітвязень:

«Самае складанае ў ШЫЗА — гэта ноч. Трэба рабіць скарачэньні мышцаў рук і ног, рабіць іх 100-200. Цела разаграваецца, і ад стомы, ад зморы ты адключаесься. Бывалі ночы зімой у ШЫЗА, калі мне даводзілася 600-700 разоў, больш як тысячу гэтых скарачэньняў за ноч рабіць».

Алесь Бяляцкі, былы палітвязень, нобэлеўскі ляўрэат:

«Турма — гэта ж маленькі зьлепак самой дзяржавы, толькі фарбы больш рэзкія тут. У турме ўсё чорна-белае. Беларусь шмат у чым нагадвае турму. Нам трэба дабівацца дэмантажу сыстэмы гэтага лукашызму, таталітарнай сыстэмы, і гэта няўхільна прывядзе да зьменаў і ў самой турэмнай сыстэме».

  • У першай частцы другога сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» мы расказалі пра новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі ад лета 2024-га да цяперашняга часу.
  • Другая частка прысьвечаная выправаджэньню вызваленых палітвязьняў зь Беларусі ў чэрвені і верасьні 2025 году.
  • Трэцяя частка прысьвечаная ўчынку Міколы Статкевіча, які зламаў сцэнар уладаў, калі адмовіўся пакінуць Беларусь пасьля вызваленьня.
  • У чацьвертай частцы мы расказалі, як 13 сьнежня 2025 году палітвязьняў вывозілі ва Ўкраіну і як адбывалася вызваленьне нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага.
  • У пятай частцы расказалі, якім пеклам становіцца жыцьцё ў Беларусі па вызваленьні былых палітвязьняў і як яны вымушана ўцякаюць з краіны.


Як глядзець і слухаць

Другі сэзон «Архіпэлягу БЕЛАГ» можна глядзець на YouTube-канале Радыё Свабода. Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект таксама дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая пасуе вам.

Чароўная спасылка — націснуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Пра што быў першы сэзон

У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканалу «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.