16 верасьня ўлады Беларусі памілавалі і выправадзілі за межы дзяржавы дваццаць пяць палітвязьняў, чатырох зь іх — без пашпартоў. Другі эпізод другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» прысьвечаны якраз прымусоваму вывазу вызваленых палітвязьняў зь Беларусі ў чэрвені і верасьні 2025 году.
Былы пракурор Аляксандар Ракіцкі і юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзяйкала прааналізавалі, наколькі гэта адпавядае беларускаму і міжнароднаму заканадаўству, якія правы парушаюцца пры выправаджэньні.
Памілаваньне без зразумелай працэдуры
Большасьць палітвязьняў у чэрвені і верасьні 2025 году вывозілі зь Беларусі бязь іхнай згоды, у іх забралі пашпарты, судовыя справы, не далі дакумэнтаў, якія тлумачаць, на якой падставе адбылося вызваленьне.
Аляксандар Ракіцкі з 2001 па 2008 гады быў пракурорам для нагляду за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў Генэральнай пракуратуры. Паводле Ракіцкага, памілаваньне ажыцьцяўлялі без захаваньня адпаведнай працэдуры, вызначанай заканадаўствам:
«Выправаджэньне людзей, грамадзян Рэспублікі Беларусь за межы краіны – гэта прымусовае, антыканстытуцыйнае дзеяньне. Ёсьць прынцып неад'емнасьці грамадзянства, замацаваны ў артыкуле дзясятым Канстытуцыі. Адпаведна гэтаму прынцыпу грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона дзяржавы, у тым ліку гарантуецца права жыхарства на тэрыторыі дзяржавы, чыё грамадзянства яны маюць».
Ракіцкі тлумачыць, як павінна адбывацца працэдура памілаваньня паводле закону.
«Асуджаны падае заяву аб памілаваньні з патрэбнымі дакумэнтамі. Адміністрацыя папраўчай установы накіроўвае матэрыялы ў камісію ў пытаньнях памілаваньня, якая разглядае іх і ўносіць прапанову прэзыдэнту. Канчатковае рашэньне прымае прэзыдэнт. Памілаваньне відавочна ажыцьцяўлялі без захаваньня адпаведнай працэдуры, вызначанай заканадаўствам», – кажа Ракіцкі.
Паводле юрысткі-міжнародніцы Кацярыны Дзяйкалы, прымусовае выправаджэньне парушае асноўныя правы чалавека. На яе думку, прымусовае перамяшчэньне чалавека да мяжы і наступны вываз за мяжу можа парушаць права на асабістую свабоду і недатыкальнасьць, замацаванае ў артыкуле 25 Канстытуцыі Беларусі. Яна таксама нагадвае, што беларускія грамадзяне маюць права ўяжджаць у сваю краіну, выяжджаць зь яе і вяртацца.
Пазбаўленьне пашпартоў і асабістых рэчаў
Многіх вызваленых у 2025 годзе палітвязьняў вывезьлі без пашпартоў. Паводле былога пракурора Ракіцкага, гэта супярэчыць нормам Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Ён спаслаўся на артыкул 191 гэтага Кодэксу, паводле якога пры вызваленьні чалавеку павінны вярнуць дакумэнты, асабістыя рэчы, каштоўнасьці і грошы, забраныя ў яго перад зьняволеньнем.
«Тут, на маю думку, можна гаварыць пра злачынства, прадугледжанае артыкулам 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, – перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў», – заявіў былы пракурор.
Ракіцкі таксама дапускае, што ў дзеяньнях уладаў могуць быць прыкметы захопу закладнікаў. Паводле яго, мэтай магло быць прымушэньне грамадзянаў адмовіцца ад палітычнай і грамадзкай дзейнасьці і прымушэньне іншых дзяржаваў зьняць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі.
Кацярына Дзяйкала разглядае прымусовае выправаджэньне ў кантэксьце міжнароднага крымінальнага права. Паводле Дзяйкалы, інфармацыя пра яго выпадкі знаходзіцца ў распараджэньні офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суду. Неўзабаве будзе два гады, як Літва падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Літоўскія ўлады прасілі расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя ў Рэспубліцы Беларусь.
У гісторыі ўжо былі выпадкі, калі палітычных зьняволеных вызвалялі з умовай прымусовага выезду з краіны. Дзяйкала згадвае савецкі «філязофскі параход», а таксама вызваленьне палітычных зьняволеных у Нікарагуа ў 2023 годзе, калі людзей вывезьлі з краіны пры ўдзеле ЗША.
Праблема прымусовага выправаджэньня не абмяжоўваецца самім фактам выезду. Дзяйкала зьвяртае ўвагу на становішча беларусаў за мяжой, якія ня могуць паўнавартасна карыстацца консульскімі паслугамі. Паводле яе, у выніку выданьня Лукашэнкам „пашпартнага ўказу“ беларусы за мяжой сутыкаюцца зь цяжкасьцямі пры замене дакумэнтаў або атрыманьні новых. Частка высланых палітвязьняў, якім не вярнулі пашпарты, можа апынуцца ў сытуацыі дэ-факта без грамадзянства. Пры гэтым юрыстка падкрэсьлівае, што «не было асобнага акту аб пазбаўленьні іх грамадзянства, наколькі вядома». Гэта азначае, што фармальна людзі застаюцца грамадзянамі Беларусі, а дзяржава захоўвае перад імі пэўныя абавязкі.
«Той факт, што людзей хаця б не пазбавілі грамадзянства, важны ў нашай сытуацыі», – адзначыла Кацярына Дзяйкала.
Пазбаўленьне доступу да іншых правоў
Паводле Дзяйкалы, прымусовае выправаджэньне можа парушаць ня толькі права на свабоду перамяшчэньня і вяртаньне ў сваю краіну. Высланыя людзі могуць сутыкнуцца з абмежаваньнем іншых правоў:
- Сямейныя правы. Немагчымасьць свабодна вярнуцца ў Беларусь і ўзьяднацца з роднымі.
- Маёмасныя правы. Цяжкасьці ў распараджэньні маёмасьцю, якая засталася ў краіне.
- Працоўныя правы. Дадатковыя перашкоды працаўладкаваньню і рэалізацыі прафэсійных магчымасьцяў.
- Права на здароўе і сацыяльнае забесьпячэньне. Брак дакумэнтаў і немагчымасьць вярнуцца могуць ускладняць доступ да патрэбнай дапамогі.
Ці могуць улады абвясьціць вышук высланых палітвязьняў
Сваякі некаторых высланых палітвязьняў паведамляюць, што да іх прыходзяць супрацоўнікі міліцыі і патрабуюць, каб вызваленыя сталі на ўлік. Аляксандар Ракіцкі дапускае, што гэта можа быць зьвязана з умовамі памілаваньня. Калі чалавеку замянілі пазбаўленьне волі на мякчэйшае пакараньне або вызвалілі ўмоўна, ён сапраўды можа быць абавязаны стаць на ўлік у месцы жыхарства.
Аднак былы пракурор разглядае таксама іншую вэрсію. Паводле яго, улады могуць рабіць выгляд, быццам ня ведаюць пра выезд людзей за мяжу.
«Магчыма, прымаюцца такія захады для таго, каб пазьней указ аб памілаваньні скасаваць, але абвясьціць вышук людзей для іх пакараньня ў сувязі зь невыкананьнем умоваў памілаваньня», – сказаў ён.
Ракіцкі мяркуе, што ў такім выпадку вяртаньне чалавека ў Беларусь можа прывесьці да яго паўторнага зьняволеньня.
Што папярэднічала
Па выніках перамоў Коўла і Лукашэнкі 16 верасьня ў Менску было вызвалена 25 палітвязьняў. Усе яны былі вывезеныя ў Літву (дзесяцёра пасьля перабраліся ў Польшчу). У адказ ЗША зьнялі санкцыі з канцэрна «Беллеспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».
Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.
«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.
З улікам вызваленьня 16 верасьня дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.
Форум