«Архіпэляг БЕЛАГ-2». Як беларускіх палітвязьняў вывозілі ва Ўкраіну

У чацьвертай частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» мы раскажам у дэталях, як 13 сьнежня 2025 году беларускіх палітвязьняў вывозілі ва Ўкраіну і як адбывалася вызваленьне нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі, нобэлеўскі ляўрэат, былы палітвязень:

«Калі мы пад’ехалі да беларускай мяжы, то пераселі ў іншы мікрааўтобус. На літоўскай тэрыторыі дыпляматы сустракалі нас. Пляскалі нам»

Максім Сенік, былы палітвязень:

«Уводзілі нас у аўтобус па адным. І насупраць кожнага чэкіста пасадзілі. А яшчэ і ў кайданках. Калі пачынаеш зьяжджаць уніз, рукі задзіраюцца вышэй. І кайданкі пачынаюць рэзаць. У позе ластаўкі ты ўжо, атрымліваецца. Так мы праехалі гадзіны тры. Гэта рабілася спэцыяльна, каб мы надоўга запомнілі гэтую паездку».

Павал Севярынец, былы палітвязень:

«Паўдня прайшло, і нас вязуць усё на ўсход. У мяне мільганула думка, што вязуць у Расею. У гэты момант я ўжо сурʼёзна разьвітваўся зь мінулым жыцьцём, а можа быць, з жыцьцём наагул».

Уладзь Лабковіч, былы палітвязень:

«У Зяленскага было рэальнае жаданьне паразмаўляць. Ён нас разглядаў як альтэрнатыўную Беларусь, альтэрнатыўную рэжыму Лукашэнкі».

Аляксандар Фядута, былы палітвязень:

«Калі мы ўжо ехалі з Чарнігава на мяжу Ўкраіны і Польшчы, я бачыў, як нэрвова Віктар Дзьмітрыевіч Бабарыка гартаў камэнтары ў тэлефоне. Ён перажываў моцна».

У першай частцы другога сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» мы расказалі пра новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі ад лета 2024-га да цяперашняга часу.

Другая частка прысьвечаная выправаджэньню вызваленых палітвязьняў зь Беларусі ў чэрвені і верасьні 2025 году.

Трэцяя частка прысьвечаная ўчынку Міколы Статкевіча, які зламаў сцэнар уладаў, калі адмовіўся пакінуць Беларусь пасьля вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Архіпэляг БЕЛАГ-2». Свабода зь мехам на галаве: як палітвязьняў вывозілі зь Беларусі паводле ўгоды Лукашэнкі з ЗША

Як глядзець і слухаць

Другі сэзон «Архіпэлягу БЕЛАГ» можна глядзець на YouTube-канале Радыё Свабода. Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект таксама дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая пасуе вам.

Чароўная спасылка — націснуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Пра што быў першы сэзон

У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканалу «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.