Сяргей Ціханоўскі, былы палітвязень:
«Прыходзяць на прагулцы. Зьбірай рэчы. Дзьве мінуты. Вывозяць зь мяшком на галаве. Агенты КДБ. Машына цывільная. Вязуць у другі горад. Усё баліць. Кайданкі».
Ларыса Шчыракова, была палітзьняволеная:
«Мы сябе адчувалі таварам, які можна выменяць на нейкія санкцыйныя паслабленьні. Некаторыя з нас былі ўжо ня супраць, каб нас вывозілі з чорнымі мяхамі на галаве, толькі каб выйсьці з гэтага месца».
Джон Коўл, спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі:
«Я Джон Коўл зь Белага Дому ў Вашынгтоне, ЗША. Прэзыдэнт Трамп паслаў мяне, каб выцягнуць, вызваліць вас. І цяпер вы свабодныя».
Аляксандар Ракіцкі, былы пракурор:
«Што тычыцца вызваленьня і прымусовага выправаджэньня за межы Рэспублікі Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь, то тут было парушана напэўна ўсё, што можна было парушыць».
У першай частцы другога сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» мы расказалі пра новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі ад лета 2024-га да цяперашняга часу.
Як глядзець і слухаць
Другі сэзон «Архіпэлягу БЕЛАГ» можна глядзець на YouTube-канале Радыё Свабода. Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект таксама дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Пра што быў першы сэзон
У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканала «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.
Форум