Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, закон набыў юрыдычную моц 4 жніўня.
Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расеі ўхвалілі гэты закон адразу ў двух чытаньнях у апошнія дні сэсіі перад вакацыямі і новымі выбарамі, што маюць адбыцца сёлета ў верасьні.
Закон забараняе выдаваць замежныя пашпарты, карыстацца парталам дзяржаўных паслуг, а таксама распараджацца грашыма і маёмасьцю ў Расеі грамадзянам, якія «ўхіляюцца ад выкананьня пакараньня» паводле крымінальнага або адміністрацыйнага артыкулу,
Апроч таго, дыпляматычныя прадстаўніцтвы Расеі за мяжой ня будуць надаваць юрыдычную падтрымку такім грамадзянам, а таксама спыняць большасьць консульскіх і натарыяльных паслуг. Маёмасьць і банкаўскія рахункі абвінавачаных замарозяць, а ўсе даходы будуць пераводзіць на спэцыяльныя рахункі.
Вынятак зрабілі толькі для выдачы пасьведчаньня аб тым, што чалавек жывы, і пацьверджаньня подпісу людзей з інваліднасьцю зроку.
Пад дзеяньне закону трапляюць у тым ліку грамадзяне, якіх абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі» арміі, закліках да санкцыяў, парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а таксама паводле артыкулаў аб «іншаземных агентах» і «непажаданых арганізацыях».
Юрысты і праваабаронцы назвалі дакумэнт «законам аб фактычным пазбаўленьні грамадзянства».
Калі і якія аналягічныя абмежаваньні ўвялі ў Беларусі
4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў». Гэты дакумэнт прадугледжвае зьмены ў палажэньні аб дакумэнтах, што сьведчаць асобу, зацьверджаным указам № 294 ад 3 чэрвеня 2008 году.
Згодна з указам, выдачу і абмен пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і стаіць на консульскім уліку, ажыцьцяўляе орган унутраных справаў на месцы апошняй рэгістрацыі. Выключана норма аб тым, што МЗС праводзіць выдачу і абмен пашпарта грамадзяніну, які выехаў з краіны для часовага жыхарства і заявіў аб жаданьні аформіць дазвол на пастаяннае жыхарства за межамі Беларусі.
Таксама з палажэньня выключаны пункт аб праве дыпляматычнага прадстаўніцтва або консульскай установы падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта тых, хто знаходзіцца за мяжой.
Пры гэтым консул можа разглядаць пытаньні выдачы грамадзянам Беларусі, асобам без грамадзянства і замежным грамадзянам, якія маюць статус уцекача, дадатковай абароны і прытулку на тэрыторыі Беларусі. Таксама ён можа выдаваць асобам без грамадзянства дазвол на вяртаньне ў Беларусь.
Зьмены тычыліся і іншых дакумэнтаў. Угоды, зьвязаныя з продажам маёмасьці, цяпер можна заключаць толькі пры асабістым звароце ўласьніка (зацікаўленай асобы) або на падставе даверанасьці, аформленай у Беларусі. Гэта ж тычыцца выдачы дублікатаў дакумэнтаў аб адукацыі, апэрацыяў зь сямейным капіталам, рэгістрацыяй аўтамабіляў, зямельных участкаў і іншага.
Экспэрты ААН у заяве ад 20 верасьня 2023 году назвалі «пашпартны ўказ» Лукашэнкі часткаю «мэтанакіраванай палітыкі пакараньня беларусаў, якія зьехалі», уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі, «за іх палітычную неляяльнасьць». Гэты ўказ, паводле экспэртаў, становіць сабой прыклад «злоўжываньня мерамі бясьпекі» і «асабліва моцна» ўплывае на «тых, хто мусіў пакінуць Беларусь у сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».
18 чэрвеня 2023 году спэцыяльная спавяшчальніца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе рэкамэндавала дзяржавам і іншым суб’ектам міжнароднай супольнасьці «прыняць меры ў адпаведнасьці з унутраным заканадаўствам дзяржаваў — чальцоў ААН для ліквідацыі рызыкі масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасьведчаньняў асобы і праязных дакумэнтаў».
Пасьля ўступленьня ў сілу ўказу Лукашэнкі № 278 некаторыя заходнія краіны спрасьцілі працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі, якія ня могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу. У прыватнасьці, цяпер пратэрмінаваны пашпарт прызнаюць у працэсе легалізацыі беларусаў 12 краін, у тым ліку Гішпанія, Польшча і Літва.