Дэмакратычныя сілы Беларусі заклікалі ўрад Украіны адтэрмінаваць дзеяньне новых нормаў легалізацыі на 180 дзён, а за гэты час унесьці зьмены ў нарматыўна-праўныя акты, якія дазволяць працягваць дазволы на жыхарства таксама на падставе пратэрмінаваных нацыянальных пашпартоў.
«У беларусаў ёсьць толькі адзін пашпарт. Няма ні ўнутранага, ні замежнага. І таму, калі ў цябе заканчваецца пашпарт, ты мусіш вярнуцца ў Беларусь і атрымаць новы, што ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў ёсьць абсалютна небясьпечным», — сказала кіраўніца місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Ўкраіне Сьвятлана Шаціліна на прэсавай канфэрэнцыі ў агенцтве «Укрінформ».
Шаціліна нагадала, што яшчэ ў 2023 годзе Лукашэнка сваім указам забараніў консульскім установам абменьваць пашпарты грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца за межамі краіны.
Паводле Шацілінай, 24 ліпеня Офіс Сьвятланы Ціханоўскай накіраваў ліст у Офіс прэзыдэнта Ўкраіны з прапановай урэгуляваць сытуацыю часовым рашэньнем, каб беларусы не змаглі страціць легальны статус ва Ўкраіне.
«Мы прапанавалі Кабінэту міністраў прызнаць пратэрмінаваныя пашпарты грамадзян Беларус такімі, што засьведчваюць асобу і могуць разглядацца як дакумэнт у пытаньнях легалізацыі», — адзначыла Сьвятлана Шаціліна.
Намесьніца прадстаўніцы ў пытаньнях сацыяльнай палітыкі і работы з добраахвотнікамі й іхнымі сем’ямі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Анастасія Махамет адзначыла, што цяпер падобныя выняткі распаўсюджваюцца толькі на вайскоўцаў, вэтэранаў і частку іхных сем’яў, але іншыя катэгорыі беларусаў ня могуць скарыстацца гэтымі нормамі, у тым ліку грамадзянкі Беларусі — жонкі ўкраінскіх вайскоўцаў.
Махамет таксама адзначыла, што ва Ўкраіне беларусам вельмі цяжка атрымаць статус уцекача або палітычны прытулак. «З 2022 году па абарону зьвярнуліся 38 грамадзян. Толькі трох чалавек прызналі ўцекачамі, 16 атрымалі дадатковую абарону, а 17 атрымалі адмову», — паведаміла яна.
Паводле яе, некаторыя беларусы сутыкаюцца з адмовай нават прыняць дакумэнты на разгляд.
Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай міграцыйнай службы, ва Ўкраіне на падставе дазволу на часовае жыхарства знаходзяцца прыблізна тры тысячы грамадзян Беларусі, якія могуць праз новыя правілы апынуцца ў нелегальным становішчы.
Як дзейнічала працэдура легалізацыі ва Ўкраіне пасьля пачатку ўварваньня Расеі
У кастрычніку 2022 году ўлады Ўкраіны ўхвалілі рашэньне аб аўтаматычным працягу дзеяньня выдадзеных да вайны дазволаў на часовае жыхарства, калі іхны тэрмін заканчваўся пасьля 24 лютага 2022 году. Гэтае рашэньне мусіла дзейнічаць цягам усяго пэрыяду ваеннага становішча і яшчэ 20 дзён пасьля яго скасаваньня.
Аднак дазвол захоўваў сілу толькі тады, калі ў іншаземца заставаліся законныя падставы для жыхарства — праца, шлюб, навучаньне і падобныя. У выпадку ануляваньня гэтага дакумэнту аўтаматычны працяг таксама скасоўваўся.
У лютым 2026 году ўрад Украіны ўхваліў новую пастанову, паводле якой аўтаматычны працяг дакумэнтаў скасавалі і абмежавалі да 5 жніўня час, калі іншаземцы могуць зьвярнуцца па атрыманьне новых дазволаў. Урадавая пастанова пачала дзейнічаць 7 траўня 2026 году.
У выпадку браку дазволу знаходжаньне грамадзян Беларусі ва Ўкраіне будуць прызнаваць незаконным, што ў выніку можа прывесьці да іх дэпартацыі ў Беларусь або трэцюю краіну з прызначэньнем штрафу.
Што папярэднічала
4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Гэта стварыла сур’ёзную праблему беларусам, якія ня могуць выехаць у Беларусь для абмену пратэрмінаваных дакумэнтаў, у тым ліку праз пагрозу палітычнага перасьледу.
У заяве экспэртаў ААН ад 20 верасьня 2023 году «пашпартны ўказ» Лукашэнкі названы часткаю «мэтанакіраванай палітыкі пакараньня беларусаў, якія зьехалі», уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі, «за іх палітычную неляяльнасьць». Гэты ўказ, лічаць аўтары дакумэнту, становіць сабой прыклад «злоўжываньня мерамі бясьпекі» і «асабліва моцна» ўплывае на «тых, хто мусіў пакінуць Беларусь у сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».
18 чэрвеня 2023 году спэцыяльная спавяшчальніца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе рэкамэндавала дзяржавам і іншым суб’ектам міжнароднай супольнасьці «прыняць меры ў адпаведнасьці з унутраным заканадаўствам дзяржаваў — чальцоў ААН для ліквідацыі рызыкі масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасьведчаньняў асобы і праязных дакумэнтаў».
Пасьля ўступленьня ў сілу ўказу Лукашэнкі № 278 некаторыя заходнія краіны спрасьцілі працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі, якія ня могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу. У прыватнасьці, Гішпанія, Польшча і Літва прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты законнай падставай для працягу дазволу на жыхарства.
Форум