Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі — беларусам: «Вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе»


Уладізмер Зяленскі на фоне ганаровай варты пасьля прыбыцьця ў Вільню 25 студзеня
Уладізмер Зяленскі на фоне ганаровай варты пасьля прыбыцьця ў Вільню 25 студзеня

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў на цырымоніі ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году ў Вільні. Значная частка ягонай прамовы была прысьвечана беларусам.

«Наш посьпех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі агульным»

Сёньня мы ўсе тут, у Вільні, каб ушанаваць памяць і падзякаваць за адвагу ўдзельнікам Студзеньскага паўстаньня. Паўстаньня, якое пацьвердзіла, што наш лёс — быць разам. А наш посьпех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі агульным посьпехам. Роўна ў той ступені, у якой мы разам, мы можам быць незалежнымі. У нас адзін вораг, і гэта доўжыцца ўжо больш за чатыры гады поўнамаштабнай вайны, даўжэй, чым гады гібрыднай вайны, даўжэй, чым панаваньне савецкай Масквы і імпэрскага Пецярбурга.

Менавіта тут, у нашай частцы Эўропы, на землях нашых народаў і — што важна — у памяці людзей, ідзе супрацьстаяньне паміж дзьвюма мадэлямі падыходу да чалавека і грамадзтва. Ёсьць нашая агульная мадэль, у якой людзі, народы і культуры маюць значэньне. І ёсьць мадэль, якая ўкаранілася на ўсход ад нас і якая стагодзьдзямі прыходзіць у наш дом з пагардай і з войнамі супраць усяго, што нам дарагое. У Эўропы няма выбару, акрамя адной з гэтых дзьвюх мадэляў. Ёсьць толькі такія варыянты — свабода або залежнасьць, і нашы народы ведаюць гэта лепш за ўсіх. Менавіта таму мы можам рашуча казаць, што эўрапейская абарона недастатковая.

«Пакуль што белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі»

Кожнае прамаруджваньне мае свае наступствы. Беларусь усё яшчэ вымушана існаваць як расейскае генэрал-губэрнатарства. Сёньня, праз столькі гадоў пасьля часоў Кастуся Каліноўскага, усё, за што ён змагаўся, застаецца актуальным для Беларусі, хоць для ўкраінцаў, літоўцаў і палякаў гэта ўжо спрацавала. І гэта актуальна ня толькі таму, што ён меў рацыю, а таму, што сапраўдную незалежнасьць і сапраўдную абарону жыцьця беларусы павінны яшчэ здабыць.

Пакуль што белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі — на жаль. Быў шанец у 2020 годзе гэта зьмяніць, і будзе яшчэ адзін шанец. Тады, аднак, падтрымка беларусаў была недастатковай, а сёньня мы ўсе адчуваем, наколькі стала цяжэй, даражэй і небясьпечней для ўсіх — праз залежнасьць Беларусі ад Масквы. Залежнасьць, якая не памяншаецца.

Апэратары расейскіх рэактыўных «Шахедаў» дзейнічаюць супраць Украіны таксама з тэрыторыі Беларусі. Сувязь для ўдараў падтрымліваецца зь Беларусі. Расея выкарыстоўвае Беларусь як палігон для шантажу Эўропы і сьвету «Арэшнікамі». Прамысловасьць Беларусі працуе на расейскую вайну, а гандлёвыя сувязі Беларусі дапамагаюць Пуціну купляць кампанэнты, неабходныя для стварэньня пагрозы ўсім у Эўропе.

Менавіта таму для Эўропы важна ня страціць ні адзін з народаў, якія жывуць свабодай. Менавіта таму для Эўропы крытычна важна не губляць час. Менавіта таму мы ўсе ў Эўропе павінны кожны дзень працаваць на карысьць моцнай Эўропы.

«Эўропа і сьвет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў»

Паўстаньне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе, каб сёньня адтуль не было пагроз. Эўропа і сьвет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў, і гісторыя была б іншай — больш бясьпечнай. І тое самае мы можам сказаць пра Студзеньскае паўстаньне і пра іншыя выступленьні народаў, якія не былі падтрыманыя іншымі дзяржавамі дзесьці побач. У рэшце рэшт гісторыя карае тых, хто застаецца ў баку.

У значнай ступені войны XX стагодзьдзя зьяўляюцца наступствам абыякавасьці магутных гэтага сьвету ў XIX стагодзьдзі. Вайна Расеі супраць Украіны і іншыя расейскія войны — супраць Малдовы, супраць Чачні, супраць Грузіі — усё гэта наступствы абыякавасьці да праўды нашых народаў — праўды, якую нашы людзі адчуваюць — і абыякавасьці, праяўленай ключавымі дзяржавамі сьвету ў канцы савецкай эпохі, у 90-я гады і ў пачатку XXI стагодзьдзя, калі зрабілі стаўку на Расею — на «перазагрузку» з Расіяй, якая насамрэч стала «перагрузкай» для нас усіх.

«Занадта рана для расслабленьня ў Эўропе»

Зараз мы стараемся зрабіць усё, каб такія памылкі больш не паўтарыліся. Мы стараемся зрабіць усё, каб нашых сумесных дзеяньняў хапіла для рэальнай абароны Ўкраіны і Эўропы.

Дапамога Польшчы Ўкраіне пасьля 24 лютага зьяўляецца беспрэцэдэнтнай ва ўсёй гісторыі нашых народаў. Літва з намі — таксама на беспрэцэдэнтным узроўні. Усе краіны Балтыі з намі. Паўночная Эўропа з намі. Нямеччына зьяўляецца адным з найважнейшых абаронцаў жыцьця. Францыя з намі. Вялікабрытанія з намі. Амаль уся Цэнтральная Эўропа з намі. Італія з намі. Гішпанія і Партугалія, усе краіны поўдня Эўропы з намі. Румынія і Малдова з намі.

У 1863 годзе паўстанцы не маглі нават марыць аб такім адзінстве, а сёньня гэтае адзінства працуе.

Эўрапейскі Зьвяз існуе і з кожным годам становіцца мацнейшым. Злучаныя Штаты з намі. Канада з намі. Японія з намі. І наш заклік палягае ў тым, каб гэтае адзінства было на сто адсоткаў эфэктыўным. Не напалову, не на некалькі месяцаў у годзе, не да наступных выбараў у той ці іншай краіне, а на сто адсоткаў эфэктыўным. Ня столькі, колькі не шкада. Ня столькі, колькі можам. А столькі, колькі спрацуе. Так, каб не было пагрозы для Эўропы і для кожнага з нашых народаў.

Палітыкі Эўропы павінны шанаваць той факт, што яны прадстаўляюць вольныя і незалежныя дзяржавы і што ім ня трэба сёньня быць камандзірамі паўстаньняў супраць імпэрый ці акупантаў. Занадта рана для расслабленьня ў Эўропе, пакуль расейская ваенная машына не заціхла, а дыктатары ў суседзтве з Эўропай не слабеюць — усе яны глядзяць на Эўропу як на здабычу.

Эўропа заслугоўвае таго, каб быць моцнай. Быць вольнай. А наш лёзунг — за нашу і вашу свабоду — абавязкова спрацуе.

«У Расеі няма такіх ракет, якія маглі б адмяніць той факт, што народы Эўропы вольныя»

Калі нараджалася Студзеньскае паўстаньне, Кіеўскі ўнівэрсытэт быў адным з ключавых асяродкаў свабоды. Сёньня таксама ў кіеўскім небе і на зямлі Ўкраіны дзейнічае менавіта гэты асяродак адвагі, які гарантуе, што свабода нашых народаў ёсьць і будзе. Будзе ня толькі дзесьці схаваная ва ўнівэрсытэтах, ня толькі ў тайных ці падпольных таварыствах. Ня толькі дома мы зможам размаўляць на роднай мове і атрымліваць асалоду ад нацыянальных культур. Ня толькі шэптам мы зможам казаць пра нацыянальныя памкненьні.

Наша свабода ёсьць і будзе ў нашых арсэналах. Наша свабода ёсьць і будзе ў нашых краінах, на якія Масква больш ня мае ўплыву. Наша свабода ёсьць і будзе ў адукацыі, у нашых нацыянальных эканоміках. Наша свабода ёсьць і будзе ў правах нашых дзяцей, якіх ніхто не абмяжуе. Наша свабода ёсьць і будзе ў партнэрстве паміж нашымі дзяржавамі. Менавіта таму ў Расеі няма такіх ракет, якія маглі б адмяніць той факт, што народы Эўропы вольныя.

«І хачу сказаць асобна народу Беларусі — вы эўрапейскі народ»

І хачу сказаць асобна народу Беларусі — вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе. Эўропе мірнай. Эўропе моцнай. Вас немагчыма сьцерці. Нас усіх немагчыма сьцерці. Дзякуй усім беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца за нашу незалежнасьць і за гістарычны шанец для сваёй дзяржавы. Дзякуй усім, хто дапамагае Ўкраіне, і тым самым дапамагае таксама сабе. Дзякуй усім, хто падтрымлівае тое, каб праўда была пачутая, каб Эўропа дзейнічала, каб вайна была спыненая, а бясьпека — гарантаваная.

Пакаленьні перад намі змагаліся, каб мы былі. Нашы людзі змагаюцца, каб нашы дзеці і ўнукі, і іх дзеці і ўнукі былі і жылі. Жылі ў міры.

Каб значэньне меў не адзін чалавек дзесьці там на троне ў Расеі, а кожны з нашых народаў, кожны чалавек. Бо гэта эўрапейскі прынцып.

Людзі маюць значэньне. Народы маюць значэньне. Культуры маюць значэньне. Расея ж ня мае значэньня, бо той, хто супраць народаў, гістарычна заўсёды прайграе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG