Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў сваёй прамове на ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году гаварыў пра «несуцішную прагу свабоды», якую пранесьлі празь нягоды літоўцы, палякі, украінцы і беларусы.
«Мы бачым у паўстанцах непераўзыдзены сымбаль любові да Радзімы, мужнасьці і веры. Прыклад людзей, якія прыносілі сябе ў ахвяру ў імя свабоды як найвышэйшага ідэалу».
«Нягледзячы на горкія ўрокі ранейшых рухаў супраціву, у якіх удзельнічалі іх дзяды і бацькі, і на жорсткія рэпрэсіі, што іх суправаджалі, паўстанцы не маглі зьмірыцца з жыцьцём пад прыгнётам. Ня маючы ўласнага вопыту жыцьця ў свабоднай краіне, яны захавалі бязьмежную веру ў свабоду як у самую каштоўную спадчыну», — сказаў Наўседа
«Менавіта ўспадкаваная традыцыя свабоды назаўжды аддзяліла нашы народы — літоўцаў, палякаў, украінцаў, беларусаў — ад Расеі, якая прыкладала ўсе намаганьні, але так і не змагла разбурыць гэтую невідавочную, але надзвычай трывалую сьцяну.
Несуцішная прага свабоды суправаджала нашых продкаў ад аднаго паўстаньня да іншага, дапамагала вытрымаць усё новыя хвалі рэпрэсій, гвалтоўнай індактрынацыі, зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці.
І дагэтуль нас суправаджае тая ж адданасьць свабодзе, адмова падпарадкоўвацца і мірыцца з жорсткай тыраніяй. Сёньня найбольш ярка мы бачым гэта ва Ўкраіне, якая змагаецца», — адзначыў прэзыдэнт Літвы.
«Прыклад Украіны найбольш навочна паказвае, што сапраўднае, непадробнае імкненьне да свабоды немагчыма зламаць. Аднойчы ўспыхнуўшы магутнай сілай, яно пакідае незгладжальны сьлед у сэрцах і розумах людзей. Забойствы, рэпрэсіі, прапагандысцкі ціск — усё гэта толькі яшчэ больш згуртоўвае, узмацняе рашучасьць супраціўляцца і набліжае перамогу. Я перакананы, аднойчы перамогуць і дэмакратычныя сілы нашых суседзяў — беларусаў!» — зазначыў прэзыдэнт Літвы.
Караль Наўроцкі: «Тыраны спадзяюцца на пачуцьцё страху і забыцьця»
Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі адзначыў, што паўстаньне было «драматычным выбарам».
«Гэта быў выбар людзей, якія ведалі, што сутыкаюцца зь сілай, якая пераўзыходзіць іх у ваенным пляне, зьяўляецца больш шматлікай і бязьлітаснай. Тым ня менш, яны вырашылі змагацца, кіруючыся не наіўнасьцю ці рамантычным энтузіязмам, а сваёй глыбокай верай у тое, што пэўныя каштоўнасьці ня могуць быць здадзеныя без супраціву: свабода, годнасьць і права нацыі на самавызначэньне».
«Пытаньне „ці варта было змагацца?“ належыць ня толькі мінуламу. Яно вяртаецца да нас сёньня з усёй сілай у сьвеце, дзе зноў адраджаецца імпэрская агрэсія. У сьвеце, у якім адна з эўрапейскіх нацый — украінская нацыя — ужо чацьвёрты год абараняе сваю незалежнасьць ад расейскай агрэсіі», — адзначыў Наўроцкі.
Ён падкрэсьліў, што «тыраны спадзяюцца на пачуцьцё страху і забыцьця», а свабода, наадварот — жыве ў памяці і салідарнасьці.
«Студзеньскае паўстаньне — хоць і пацярпела паражэньне ў ваенным пляне — было перамогай у маральным і духоўным вымярэньнях. Яно абудзіла сумленьне нацый, захавала іх ідэнтычнасьць і перадало будучым пакаленьням пасланьне аб тым, што ніколі нельга здавацца», — сказаў Наўроцкі.
«Гісторыя рухаецца па крузе — і яе самыя небясьпечныя моманты заўсёды пачынаюцца з спробы пазбавіць іншых права на свабоду. Тым ня менш, менавіта ад нас залежыць, ці зробіць яна поўнае кола як вяртаньне ў няволю, ці як доказ таго, што Эўропа засвоіла ўрокі свайго мінулага», — падсумаваў прэзыдэнт Польшчы.
Сьвятлана Ціханоўская: «Досьвед супраціву і салідарнасьці важныя для нас і сёньня»
У цырымоніі ўзяла ўдзел і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Свабода не даецца назаўжды, яе даводзіцца абараняць, зноў і зноў. Паўстаньне Каліноўскага нагадвае, што ў нас ёсьць годнасьць, ёсьць голас і ёсьць права жыць вольна. Мы ўшаноўваем памяць паўстанцаў, бо гэты досьвед супраціву і салідарнасьці важныя для нас і сёньня, калі Беларусь і Ўкраіна зноў змагаюцца за свабоду ад „рускага сьвету“», — адзначана ў тэлеграм-канале Ціханоўскай.
Форум