Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская разам з прэзыдэнтамі Польшчы і Літвы ўшанавала памяць паўстанцаў Каліноўскага ў Варшаве


Арцём Брухан, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская.
Арцём Брухан, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская.

24 студзеня на запрашэньне канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўшанаваньня памяці ўдзельнікаў паўстаньня Каліноўскага 1863–1864 гадоў.

У Польшчы гэтае паўстаньне называюць Студзеньскім і адзначаюць яго пачатак 22 студзеня. На землях былога ВКЛ паўстаньне пачалося 1 лютага.

Мерапрыемства адбылося ў Варшаве на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі, паведамляе прэс-служба Сьвятлана Ціханоўскай. Цырымонія прайшла з удзелам ганаровай варты польскага войска. Падчас урачыстасьцяў з прамовамі выступілі прэзыдэнт Караль Наўроцкі і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

У сваіх выступах яны падкрэсьлілі, што барацьба за свабоду і незалежнасьць была агульнай справай чатырох народаў — палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Прэзыдэнт Польшчы таксама прывітаў прысутных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў.

Прэс—служба Сьвятланы Ціханоўскае распаўюдзіла яе заяву ў сувязі з цырымоніяй:

«Свабода не даецца назаўжды, яе даводзіцца абараняць, зноў і зноў. Паўстаньне Каліноўскага нагадвае, што ў нас ёсьць годнасьць, ёсьць голас і ёсьць права жыць вольна. Мы ўшаноўваем памяць паўстанцаў, бо гэты досьвед супраціву і салідарнасьці важны для нас і сёньня, калі Беларусь і Украіна зноў змагаюцца за свабоду ад «рускага сьвету».

Пасьля прамоваў адбылася цырымонія ўскладаньня кветак і вянкоў. У складзе беларускай дэлегацыі вянок усклалі Сьвятлана Ціханоўская, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта Павал Латушка, сьпікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, а таксама вэтэран палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Пчала».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG