Сваю прамову Ўладзімір Зяленскі пачаў з таго, што Эўропа ў задуменьні наконт прапановаў Злучаных Штатаў адносна Грэнляндыі. Таксама эўрапейскія палітыкі сьвяткавалі разам з народам і былі ў адпачынку, калі разгарнуліся драматычныя падзеі ў Іране. Калі ж палітыкі выйшлі на працу і толькі «пачалі фармуляваць пазыцыі», аятала ў Іране ўжо забіў тысячы людзей, якія скандавалі на вуліцах антыўрадавыя лёзунгі.
«Калі рэжым выжыве, гэта будзе сыгналам кожнаму тырану — забі дастаткова людзей, і ты застанешся пры ўладзе».
Беларусь Зяленскі ўспомніў бліжэй да сярэдзіны свайго выступу. Успамінаючы больш сьвежы прыклад Ірану, дзе міжнародная супольнасьць ніяк не дапамагла іранскаму народу ў змаганьні з дыктатурай, ён прыгадаў 2020 год, калі ніхто не прыйшоў на дапамогу беларусам, якія змагаліся супраць дыктатара Лукашэнкі.
«Калі ты адмаўляешся дапамагаць народу, які б’ецца за свабоду, наступствы заўсёды вяртаюцца. Беларусь і 2020 год — вось прыклад. Ніхто не дапамог яе народу, і цяпер расейскія ракеты „Арэшнік“ разгорнутыя ў Беларусі і дастаюць да большасьці эўрапейскіх сталіцаў. Гэтага не адбылося бы, калі б беларускі народ перамог у 2020-м. Мы шмат разоў казалі сваім эўрапейскім партнэрам: „Дзейнічайце зараз супраць расейскіх ракет у Беларусі“. Але Эўропа дагэтуль у „рэжыме Грэнляндыі“: „можа… калісьці… хтосьці… штосьці… зробіць“».
Асобна Зяленскі скрытыкаваў Эўропу за тое, што тая так і ня здолела распарадзіцца замарожанымі расейскімі актывамі, і «Пуцін мае пэўныя посьпехі» ў справе таго, як паступіць з тымі актывамі. Ён, а не Эўропа.
«Чаго не хапіла, часу ці волі?» — спытаў Зяленскі.
Заўважыў украінскі прэзыдэнт і павольны працэс стварэньня Міжнароднага трыбуналу наконт злачынстваў Расеі ў вайне супраць Украіны. Няма нават будынку і супрацоўнікаў гэтага суду, працэс ягонага стварэньня не адышоў далей ад словаў пра яго патрэбу.
Таксама Зяленскі заявіў, што Эўропе патрэбныя супольныя вайсковыя сілы.
«Калі зараз Пуцін захоча забраць Літву, або ўдарыць па Польшчы, хто адкажа? Хто адкажа? Проста цяпер NATO існуе дзякуючы веры, веры ў тое, што ЗША ня будуць стаяць убаку».
Выказаўся палітык і пра Грэнляндыю. Тут ён таксама бачыць слабасьць Эўропы, якая толькі заявамі процістаіць напору Трампа.
«Вы або разгортваеце свае вайсковыя базы на востраве, каб бараніць Грэнляндыю ад Расеі і Кітаю, або вас ніхто ня будзе ўспрымаць сур’ёзна».
Паводле ягоных словаў, Украіна магла бы дапамагчы бараніць востраў, бо мае сваю экспэртызу, адмыслоўцаў, умее біцца на моры ў выпадку патрэбы. Але ёсьць акалічнасьць — Украіна ня ў NATO. На ягоную думку, усе ў Эўропе толькі назіраюць за тым, што зробіць ЗША.
Сустрэчу з Дональдам Трампам 22 студзеня Зяленскі назвай «вельмі важнай» і «добрай». Ён нават пажартаваў, што ўкраінскія дыпляматычныя дэлегацыі правялі з ЗША на перамовах так шмат часу, што ён думаў «прасіць Трампа выдаць ім амэрыканскія пашпарты».
Цяпер амэрыканская каманда дыпляматаў адправіцца ў Маскву рыхтаваць трохбаковую сустрэчу ў ААЭ.
Форум