Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выключыў ваенныя дзеяньні для ўзяцьця кантролю над Грэнляндыяй і адначасова заявіў, што хоча правесьці дадатковыя перамовы аб набыцьці Злучанымі Штатамі вострава, які ён назваў «нашай тэрыторыяй» у сваёй асноўнай прамове на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе 21 студзеня, піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.
Празь некалькі гадзін пасьля выступу Трамп таксама адмовіўся ад пляну ўводу дадатковых тарыфаў на экспарт зь некаторых эўрапейскіх краін, якія ён зьбіраўся ўвесьці за супрацьдзеяньне яго палітыцы ў дачыненьні да Грэнляндыі.
У доўгачаканай прамове Трампа ў пытаньні, якое выклікала вострую трывогу ў іншых краінах NATO, Трамп заявіў, што для ЗША валоданьне Грэнляндыяй ёсьць пытаньнем бясьпекі як Злучаных Штатаў, так і міжнароднай, і што толькі Вашынгтон мае сілу абараняць яе ад пагроз з боку іншых краін. Трамп не назваў гэтыя краіны, але ў нядаўніх камэнтарах гаварыў пра расейскую і кітайскую пагрозу для Грэнляндыі — аўтаномнай тэрыторыі, якая належыць Даніі, дзяржаве-сябру NATO.
Ніякіх ваенных дзеяньняў
«Я імкнуся да неадкладных перамоваў, каб зноў абмеркаваць набыцьцё Грэнляндыі Злучанымі Штатамі, — сказаў Трамп.— Мне ня трэба ўжываць сілу. Я не хачу ўжываць сілу. Я ня буду ўжываць сілу», — дадаў Трамп, адмаўляючыся ад ранейшых заяваў, у якіх ён не выключаў гэтага.
У адказ міністар замежных спраў Даніі Лярс Лёке Расмусэн заявіў, што яго краіна адкрытая для перамоваў.
«Пасьля гэтай прамовы цалкам зразумела, што амбіцыі прэзыдэнта застаюцца нязьменнымі», — сказаў ён, адзначыўшы таксама, што «тое, што прэзыдэнт сказаў пра ваенны шлях», было «пазытыўным».
Але Трамп даў зразумець, што яго мэта ўзяць кантроль над Грэнляндыяй застаецца нязьменнай, і, відаць, зьвязаў гэтае пытаньне з абавязаньнямі Вашынгтону перад NATO.
«Мы хочам кавалак лёду для абароны сьвету, а яны яго не даюць. Мы ніколі б не прасілі нечага іншага... Таму яны маюць выбар. Вы можаце сказаць „так“, і мы будзем вельмі ўдзячныя. Або вы можаце сказаць „не“, і мы запомнім. Моцная і бясьпечная Амэрыка азначае моцнае NATO», — сказаў ён.
Іншыя эўрапейскія лідэры апошнімі днямі адкрыта падтрымалі пазыцыю Даніі, і дыпляматы краін Эўрапейскага Зьвязу заявілі Радыё Свабода, што Трампава прамова не суніме трывогі ў сталіцах па ўсім кантынэнце.
«Я ня ведаю, ці гэтая цытата — ускосная пагроза, але ён сказаў, што NATO будзе мацнейшым, калі Грэнляндыя будзе належаць ЗША, і ні Данія, ні NATO нічога ня могуць зрабіць... Думаю, што ён прысьвяціў гэтай тэме даволі шмат часу», — сказаў пасол адной з краін ЭЗ, які пагаварыў з Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці.
Брэдлі Боўман, старшы дырэктар Цэнтру ваенных і палітычных пытаньняў у Фондзе абароны дэмакратыяў (FDD), Вашынгтоне, заявіў Радыё Свабода:
«Многія людзі будуць небеспадстаўна расцэньваць гэта як пэўную форму пагрозы. Я буду зьдзіўлены, калі Трамп адступіцца ад гэтага. Думаю, што ён зьбіраецца трымаць Грэнляндыю як сабака костку. Прынамсі на гэты момант ён, здаецца, зьняў ваенны варыянт з абмеркаваньня», — дадаў ён.
Іншыя дыпляматы ЭЗ заявілі Радыё Свабода, што прамова Трампа ў Давосе «нічога не зьмяніла» і не была «нічым новым».
Плян уводу тарыфаў скасаваны
Трамп таксама спрабаваў чыніць ціск неваеннымі сродкамі, абвясьціўшы 17 студзеня, што ўвядзе дадатковыя тарыфы на восем эўрапейскіх краін, калі яны працягнуць выступаць супраць памкненьняў ЗША авалодаць Грэнляндыяй.
Пакуль Трамп выступаў у Давосе, Эўрапейскі Парлямэнт абвясьціў, што замарожвае працэдуру ўхваленьня гандлёвай дамовы паміж ЗША і ЭЗ, узгодненай у ліпені.
Але празь некалькі гадзін пасьля заканчэньня сваёй прамовы ў Давосе Трамп апублікаваў у інтэрнэце заяву пра тое, што тарыфы ня будуць уведзеныя на падставе пагадненьня, якое ён заключыў з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ.
«Гэтае рашэньне, калі яго прымуць, будзе вялікім для Злучаных Штатаў Амэрыкі і ўсіх краін NATO», — напісаў ён.
У прамове ў Давосе Трамп паўтарыў раней выказаную думку пра тое, што, хоць у Грэнляндыі ўжо ёсьць вайсковая база, ЗША патрэбен кантроль над востравам з псыхалягічных прычынаў, і што арэнды або іншага пагадненьня недастаткова. «Хто, чорт пабірай, хоча абараняць ліцэнзійнае пагадненьне?» — спытаў ён.
Прыхільнікі Трампа апошнімі днямі разьвілі гэтую думку, намякаючы, што ў Грэнляндыі патрэбныя буйныя вайсковыя інвэстыцыі. Трамп згадаў пра яе ў сваёй прамове як пра базу для плянаванай сыстэмы супрацьракетнай абароны «Залаты купал».
«Калі мы зьбіраемся траціць купу грошай... нам патрэбны юрыдычны кантроль і юрыдычная абарона, якія апраўдваюць забудову гэтага месца і разьмяшчэньне нашых людзей», — заявіў сэнатар Ліндсі Грэм 8 студзеня.
«Злучаныя Штаты асабліва занепакоеныя максымальным статусам бясьпекі незалежнай Грэнляндыі», — сказаў Аляксандар Грэй, генэральны дырэктар American Global Strategies LLC, фірмы міжнароднага стратэгічнага кансультаваньня.
«Незалежная Грэнляндыя, хутчэй за ўсё, пойдзе шляхам іншых маланаселеных краін у разьвіцьці і хутка сутыкнецца з пагрозай свайму сувэрэнітэту з боку Кітаю і Расеі, што будзе проста пагражаць інтарэсам бясьпекі ЗША», — дадаў Грэй, які быў сябрам Рады нацыянальнай бясьпекі (NSC) падчас першага тэрміну Трампа ў Белым доме.
Адцягваньне ўвагі ад Украіны?
Калі Вашынгтон узмацніў ціск, заходнія лідэры заявілі, што гэта пагражае нанесьці велізарную шкоду самому NATO. Прэм’ер-міністар Канады Марк Карні папярэдзіў у Давосе 20 студзеня аб «разрыве» зь міжнароднай сыстэмай пад кіраўнцтвам ЗША. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон перасьцярог, што засяроджанасьць на Грэнляндыі нясе рызыку падарваць супрацу ў пытаньнях такіх краінах, як Іран і Сырыя. Іншыя лідэры NATO папярэдзілі, што яна адцягвае ўвагу ад Украіны.
«Сытуацыя вакол Грэнляндыі абсалютна адцягвае час, увагу і рэсурсы ад Украіны. То бок мы маем эўрапейскіх хаўрусьнікаў, якія гавораць аб разгортваньні войскаў у Грэнляндыі... Лепш, каб вы адправілі іх ува Ўсходнюю Эўропу», — заявіў Брэдлі Боўман.
Але іншы аналітык, Даніель Хэгедзюш з аналітычнага цэнтру German Marshall Fund, сказаў, што Ўкраіна можа насамрэч атрымаць ад гэтага карысьць.
«Гэты брак увагі шкодзіць Украіне менш, чым пільная ўвага і падштурхоўваньне кіраўніцтва Ўкраіны да вельмі неспрыяльнага мірнага ўрэгуляваньня або спыненьня агню з Расеяй», — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода.
Трамп коратка згадаў Украіну ў сваёй прамове, а падчас сэсіі пытаньняў і адказаў пасьля яе вярнуўся да тэмы тармажэньня мірных намаганьняў пад кіраўніцтвам ЗША.
«Часта здараецца, што мы дасягаем угоды з Расеяй, з расейскім бокам, а прэзыдэнт Зяленскі ня хоча гэтага рабіць. Вы бачылі гэта, калі ён быў у Авальным кабінэце. Я быў незадаволены. А потым у нас прэзыдэнт Зяленскі хоча заключыць угоду, а Пуцін ня хоча яе заключаць», — сказаў Трамп.
Пазьней стала вядома, што перад тым як пакінуць Давос 22 студзеня і вярнуцца ў Вашынгтон, Трамп мае сустрэцца зь Зяленскім. Тымчасам Трампаў пасланьнік Стыў Уіткаф у той жа дзень накіруецца ў Маскву на перамовы з Пуціным.
Таксама 22 студзеня Трамп плянуе афіцыйна падпісаць першы статут Рады міру — органу для вырашэньня міжнародных канфліктаў, пастаяннае сяброўства ў якім каштуе 1 мільярд даляраў. Запрашэньні далучыцца былі адпраўленыя як у Маскву й Менск, так і ў Кіеў. Пакуль незразумела, ці далучыцца да ініцыятывы якая-небудзь краіна, хоць хаўрусьніца Пуціна Беларусь ужо заявіла, што возьме ўдзел у праекце. Кітай запрашэньне адхіліў, а Ізраіль, Вугоршчына і Азэрбайджан ужо падпісаліся пад ініцыятывай.