У сваёй прамове Дональд Трамп заявіў пра вялікі эканамічны рост ЗША пасьля 12 месяцаў ягонага кіраваньня краінай. Ён выказаў надзею, што неўзабаве ўвесь сьвет пабачыць эканамічныя дасягненьні ягонай дзяржавы. Ён адзначыў, што краіна стабільна разьвіваецца, расьце дабрабыт грамадзян, і такіх дасягненьняў ня меў ніхто раней, ніводзін урад, а пры дэмакратах ва ўладзе ЗША былі «мёртвай краінай». Ён назваў краіну «эканамічным маторам» плянэты.
Трамп пералічыў важныя складнікі добрай палітыкі — моцныя межы, празрыстыя выбары і справядлівыя СМІ.
Ён адзначыў таксама, што шэраг эўрапейскіх краінаў ня здолее эфэктыўна будаваць сваю эканоміку без ЗША. Як прыклад ён прывёў Швайцарыю. На ягоную думку, супраца з Злучанымі Штатамі важная ня толькі для абароны і бясьпекі, але й для эканамічнага разьвіцьця.
Акрамя таго, Трамп без падрабязнасьцяў расказаў пра новыя тыпы зброі, якую пачалі выкарыстоўваць ЗША і ўжо карысталіся ёй пры апэрацыі ў Вэнэсуэле, калі на пачатку 2026 году захапілі прэзыдэнта краіны Нікаляса Мадура.
Ён адзначыў, што звольненыя раней чыноўнікі спачатку ненавідзелі яго, але затым уладкаваліся ў прыватным сэктары і цяпер любяць яго. Амэрыканская нафтаздабыўная і газаздабыўная галіны паказалі рэзкі рост.
Сталіцу ЗША Вашынгтон ён назваў цяпер вельмі бясьпечным месцам, чаго, паводле яго, не было раней.
Таксама Трамп спыніўся на экалёгіі, ён заклікаў сьвідраваць і здабываць, а экалёгія, на ягоную думку, вытрымае.
Выступ Трампа тычыўся і замежнай палітыкі. У прыватнасьці, ён заявіў, што Эўропа рухаецца ў няслушным кірунку.
«Што робіць Эўропа? Яна зьнішчае сябе, жудасныя рэчы адбыліся ў апошнія 10 гадоў. Мне складана пазнаць некаторыя месцы там. Мы хочам, нам патрэбна, каб Эўропа была моцнай».
Ён прыгадаў свае шатляндзкія і нямецкія карані.
Гаворачы пра Грэнляндыю, Трамп заявіў, што паважае як народ Грэнляндыі, так і народ Даніі. Аднак, на ягоную думку, нельга дапусьціць сытуацыі, якая адбылася ў ІІ усясьветную вайну, калі Данія здалася гітлераўскай Нямеччыне ўсяго за 6 гадзін. Ён адзначае, што калі б тады амэрыканцы ня ўдзельнічалі ў вайне, там размаўлялі бы па-нямецку, «і магчыма, крыху па-японску». Таму цяпер трэба ўмацоўваць абарону. Ён прыгадаў, як ЗША аддалі Грэнляндыю Даніі, гэта адбылося пасьля ІІ усясьветнай вайны.
«Грэнляндыя займае стратэгічнае месца паміж ЗША, Расеяй і Кітаем».
Трамп адзначыў, што Грэнляндыю трэба ператварыць у высокаразьвітую тэрыторыю. Цягам прамовы Трамп некалькі разоў назваў востраў «кавалкам лёду пасярод акіяну» і заявіў, што «гэтую зямлю трэба абараняць», бо «на ёй можа аддбыцца шмат баёў, калі будзе вайна».
«Усё, чаго я прашу — невялікі кавалак лёду ў цэнтры акіяну, які, аднак, можа згуляць важную ролю ў патэнцыйнай вайне. Гэта вельмі маленькая просьба ў параўнаньні з тым, колькі мы патрацілі і што мы зрабілі для яго. Гэтая просьба мае вялікае значэньне для міжнароднай абароны. <…> Вы маеце выбар, сказаць „так“, або сказаць „не“ і потым успамінаць пра гэта».
Пры гэтым ён заявіў, што настойвае на перамовах і перадачы Грэнляндыі мірным шляхам, выключыўшы збройны.
Форум