Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пра Грэнляндыю: «Час надышоў, і гэта будзе зроблена!»


Дацкі вайсковы карабель ля берагоў Грэнляндыі. Ілюстрацыйнае фота
Дацкі вайсковы карабель ля берагоў Грэнляндыі. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 18 студзеня зноў вярнуўся да тэмы кантролю над Грэнляндыяй і напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што Данія за апошнія 20 гадоў, нягледзячы на папярэджаньні, нічога не зрабіла, каб зьліквідаваць «расейскую пагрозу» сваёй аўтаномнай тэрыторыі.

«Цяпер надышоў час, і гэта будзе зроблена!», — напісаў Дональд Трамп.

Шэраг СМІ, у тым ліку PBS і агенцтва Bloomberg, пішуць, што Трамп накіраваў прэм’ер-міністру Нарвэгіі Юнасу Стэрэ ліст, у якім паведаміў, што ЗША больш ня будуць канцэнтравацца толькі на намаганьнях дасягнуць міру, але зьвернуць увагу на свае нацыянальныя інтарэсы.

У лісьце, які ня быў апублікаваныі і які цытуюць выданьні, адзначаецца, што гэта зьвязана ў тым ліку і з тым, што Трампа не ўзнагародзілі Нобэлеўскай прэміяй міру за яго міратворчыя намаганьні. Прэзыдэнт ЗША ў лісьце таксама напісаў аб прэтэнзіях на Грэнляндыю і паставіў пад сумнеў сувэрэнітэт Даніі над востравам.

«Сьвет ня будзе ў бясьпецы, пакуль ЗША не атрымаюць поўнага кантролю над Грэнляндыяй», — працытавалі СМІ.

Прэм’ер Нарвэгіі пацьвердзіў факт атрыманьня ліста ад Трампа і адзначыў, што ня раз тлумачыў прэзыдэнту ЗША, што нарвэскія ўлады не адказваюць за прысуджэньне Нобэлеўскіх прэміяў міру.

17 студзеня Дональд Трамп абвесьціў свой плян увесьці мыта ў памеры 10% на ўсе тавары, якія ў ЗША пастаўляюць Данія, Нарвэгія, Швэцыя, Францыя, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды і Фінляндыя. З 1 чэрвеня мыта павялічыцца да 25%. Ён дадаў, што «гэтае мыта будзе спаганяцца да таго часу, пакуль ня будзе пагадненьня аб поўным і абсалютным набыцьці Грэнляндыі».

Лідэры Даніі і Грэнляндыі заявілі, што «Грэнляндыя не прадаецца» і лёс вострава не павінны вырашаць ЗША. Яны таксама зьняпраўджваюць сьцьвярджэньне Трампа, што востраву пагражае небясьпека пераходу пад кантроль Расеі або Кітаю.

Эўрапейскія лідэры 18 студзеня раскрытыкавалі заявы Трампа аб мытах. У супольнай заяве Вялікай Брытаніі, Даніі, Францыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі адзначаецца, што заявы стварылі пагрозу трансатлянтычным дачыненьням, а кіраўнік МЗС Даніі дадаў, што гэта пагражае і адзінству NATO. Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу заявіў, што спадзяецца на сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША на гэтым тыдні на саміце ў Давосе.

Лідэры Эўразьвязу пасьля сустрэчы сваіх амбасадараў 18 студзеня дамовіліся неўзабаве правесьці саміт у пытаньні Грэнляндыі, каб абмеркаваць крокі ў адказ на павелічэньне мыта з боку ЗША.

Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў 19 студзеня заявіў, што, калі Трамп вырашыць пытаньне далучэньня Грэнляндыі, ён, безумоўна, увойдзе ў гісторыю. «Прычым ня толькі ў гісторыю Злучаных Штатаў, а і ва ўсясьветную». Пытаньне аб плянах Расеі датычна Даніі і Грэнляндыі Пяскоў пакінуў без камэнтара.

Трамп ня раз заяўляў аб сваім жаданьні атрымаць кантроль над Грэнляндыяй. Упершыню ён агучыў гэтую ідэю ў 2019 годзе, калі ўпершыню заняў пасаду прэзыдэнта ЗША. Ён сьцьвярджаў, што Грэнляндыя жыцьцёва важная для амэрыканскіх вайскоўцаў, што Данія недастаткова зрабіла для яе абароны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG