Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуе тарыфы ў адказ пасьля таго, як ЗША заплянавалі іх супраць краін, што выслалі вайскоўцаў у Грэнляндыю


Пратэст супраць плянаў Трампа далучыць Грэнляндыю да ЗША
Пратэст супраць плянаў Трампа далучыць Грэнляндыю да ЗША

Напружаньне паміж Брусэлем і Вашынгтонам расьце. Бакі ня могуць знайсьці паразуменьня ў пытаньні востраву Грэнляндыя.

Эўразьвяз плянуе ўвесьці тарыфы на тавары са Злучаных Штатаў або абмежаваць дзейнасьць амэрыканскіх кампаній на сваёй тэрыторыі, калі Дональд Трамп увядзе 10% тарыфы супраць васьмі эўрапейскіх краін з-за іх пазыцыі па Грэнляндыі, піша Der Spiegel.

Паводле словаў прэзыдэнта Эўрапейскай рады Антонію Кошты, бліжэйшымі днямі ў Брусэлі адбудзецца неплянаваны зьезд краінаў ЭЗ, каб распрацаваць супольны адказ на пагрозы з боку ЗША.

Паводле Reuters, сустрэча заплянаваная на 22 студзеня, і адным з магчымых сцэнароў можа быць увядзеньне контратарыфаў на віскі, авіяцыйныя дэталі, сою, мяса птушкі і іншыя амэрыканскія тавары на суму 93 мільярды эўра.

Раней стала вядома, што трансатлянтычнае гандлёвае пагадненьне паміж ЭЗ і ЗША ня будзе ўхваленае ў Брусэлі пасьля таго, як Дональд Трамп пагражаў увесьці 10-працэнтныя тарыфы на імпарт зь Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Даніі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Фінляндыі, Францыі і Швэцыі.

Пагадненне павінна было ўстанавіць для ЗША тарыф у 15% на імпарт з ЭЗ у абмен на адмову эўрапейскай супольнасьці ад мытаў на амэрыканскі экспарт. Згодна з Трампам, восем эўрапейскіх краін будуць плаціць мыты, пакуль ня будзе дасягнута пагадненьне аб перадачы Грэнляндыі ЗША.

Грэнляндыю Трамп зрабіў адным з прыярытэтаў сваёй замежнай палітыкі. Ён адкрыта спрабуе далучыць найвялікшы ў сьвеце востраў да тэрыторыі Злучаных Штатаў. У Даніі, у склад каралеўства якой Грэнляндыя ўваходзіць, папрасілі дапамогі ў іншых эўрапейскіх дзяржаў. Некаторыя краіны ўжо прыслалі сваіх вайскоўцаў на востраў. Але нямецкія вайскоўцы неўзабаве пасьля заявы Трампа аб увядзеньні тарыфаў сабраліся пакінуць Грэнляндыю.

Трамп настойвае на тым, што Данія ня робіць амаль нічога для бясьпекі Грэнляндыі, і гэта выклікае небясьпеку для тэрыторыі ЗША, бо адтуль Амэрыцы нібыта могуць пагражаць Расея і Кітай.

Злучаныя Штаты раней ужо спрабавалі ўзяць Грэнляндыю пад свой кантроль, потым на доўгія гады наступіла цішыня, пагатоў ЗША і Данія разам уваходзяць у NATO і лічацца хаўрусьнікамі. Пры Трампе старыя прэтэнзіі амэрыканскай дзяржавы на Грэнляндыю аднавіліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG