Таксама Дональд Трамп адзначыў, што ягонае пасланьне прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ў тым, што вайна ва Ўкраіне павінна скончыцца.
Трамп сьцісла паразмаўляў з журналістамі пасьля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім, якая, паводле Белага дому і Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, доўжылася каля гадзіны.
Пакуль не паведамляецца іншых падрабязнасьцяў, але чакаецца, што ўкраінскі прэзыдэнт неўзабаве выступіць з прамовай на штогадовай сустрэчы Ўсясьветнага эканамічнага форуму.
Раней сустрэча ў Давосе ніяк не анансавалася, пра тое, што яна адбудзецца, грамадзкасьць пачула ад самога Трампа ў ягонай прамове ў Давосе 21 студзеня.
Пазьней Зяленскі, як перадае агенцтва УНІАН, анансаваў на 23 студзеня сустрэчу трох бакоў, Украіны, ЗША і Расеі ў ААЭ. Перамовы плянуецца весьці два дні.
17 студзеня ўкраінская дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі ЗША ў Маямі, дзе, як паведамляецца, яны абмеркавалі эканамічную дапамогу ў памеры да 800 мільярдаў даляраў. Гэты плян, які павінен быў стаць эканамічным складнікам больш шырокага пакету мірных пагадненьняў, абмеркаваных ЗША, Украінай і Эўразьвязам, прадугледжвае доўгатэрміновую падтрымку Кіева ў аднаўленьні і рэканструкцыі пасьля магчымага спыненьня агню.
Плянавалася, што яго падпісаньне будзе абвешчана на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Аднак, паводле крыніц у Financial Times, несупадзеньне пазыцый Эўропы і Трампа адносна набыцьця Грэнляндыі і стварэньня Рады міру прывяло да адтэрміноўкі падпісаньня пакету.
Форум